ГалоўнаяЧытачамПравiлы карыстання i парадак запiсу ў бiблiятэку

Правiлы карыстання i парадак запiсу ў бiблiятэку

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Правілы карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі (далей – Правілы) распрацаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, Статутам дзяржаўнай установы "Нацыянальная бібліятэка Беларусі" (далей – Бібліятэка) і рэгламентуюць узаемаадносіны Бібліятэкі і яе карыстальнікаў у працэсе бібліятэчнага, інфармацыйнага і сацыякультурнага абслугоўвання.

2. Нацыянальная бібліятэка Беларусі з’яўляецца галоўнай універсальнай навуковай бібліятэкай дзяржавы, рэспубліканскім інфармацыйным і сацыякультурным цэнтрам. Фонд Бібліятэкі як асабліва каштоўны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны знаходзіцца ў адпаведнасці з заканадаўствам на асобым рэжыме аховы. Інфармацыйныя рэсурсы Бібліятэкі з’яўляюцца агульнадаступнымі. Абмежаванні па іх выкарыстанні вызначаюцца толькі ў мэтах аховы асабліва рэдкіх і каштоўных дакументаў, а таксама ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.

3. Права карыстання інфармацыйнымі рэсурсамі Бібліятэкі даецца грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства з 14 гадоў. У выключных выпадках – да 14 гадоў пры наяўнасці пашпарта і на падставе пісьмовага звароту з месца вучобы, які аформлены на фірменным бланку ўстановы адукацыі, з абавязковым абгрунтаваннем неабходнасці карыстання інфармацыйнымі рэсурсамі Бібліятэкі.

4. Права наведвання аб’ектаў сацыякультурнага цэнтра Бібліятэкі даецца грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства. Для наведвання мерапрыемстваў сацыякультурнага напрамку дзеці дапускаюцца ў Бібліятэку толькі ў суправаджэнні дарослых.

5. Бібліятэка забяспечвае бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне карыстальнікаў у чытальных залах, праз міжбібліятэчны абанемент, шляхам віртуальнага абслугоўвання.

6. Бібліятэка забяспечвае сацыякультурнае абслугоўванне карыстальнікаў праз разнастайныя формы работы галерэйна-выставачнага, экскурсійнага, культурна-забаўляльнага і фізкультурна-аздараўленчага напрамкаў.

7. Бібліятэка аказвае карыстальнікам асноўныя паслугі:

  • прадастаўленне поўнай інфармацыі пра састаў фондаў і інфармацыйныя рэсурсы Бібліятэкі;
  • кансультацыйную дапамогу ў пошуку крыніц інфармацыі;
  • бясплатную выдачу дакументаў з фондаў Бібліятэкі для часовага карыстання ў чытальных залах;
  • выдачу дакументаў або іх копій па міжбібліятэчным абанеменце і электроннай дастаўцы дакументаў;
  • ажыццяўленне доступу да электронных інфармацыйных рэсурсаў.
Бібліятэка аказвае іншыя віды паслуг, у тым ліку платныя.

ГЛАВА 2
ПАРАДАК РЭГІСТРАЦЫІ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ

8. Права карыстацца інфармацыйнымі рэсурсамі Бібліятэкі забяспечвае чытацкі білет, які выдаецца пры рэгістрацыі ў Бібліятэцы.

9. Для рэгістрацыі ў якасці карыстальніка Бібліятэкі грамадзяніну неабходна прад’явіць дакумент, які сведчыць асобу: пашпарт, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца.

Для размеркавання карыстальнікаў па чытальных залах пры рэгістрацыі неабходна таксама прад’явіць:

  • навучэнцам устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі – білет навучэнца;
  • студэнтам устаноў вышэйшай адукацыі – студэнцкі білет;
  • навукоўцам – дыплом аб прысуджэнні вучонай ступені, атэстат аб прысваенні вучонага звання.

10. Чытацкі білет выдаецца за плату. Ільготы па аплаце чытацкага білета не прадугледжаны. У выпадку страты, пры наяўнасці механічных пашкоджанняў (выгібаў, заломаў, драпін і інш.), пашкоджанняў чыпа і штрыхкода, пры змене прозвішча, імя, імя па бацьку карыстальніка выдаецца новы чытацкі білет за плату на агульных умовах.

11. Карыстальнік павінен азнаёміцца з дадзенымі Правіламі і засведчыць згоду па іх выкананні асабістым подпісам.

12. Рэгістрацыя калектыўных карыстальнікаў (юрыдычных асоб) ажыццяўляецца на падставе дагавора, які вызначае парадак выканання інфармацыйна-бібліятэчных паслуг.

ГЛАВА 3
АРГАНІЗАЦЫЯ АБСЛУГОЎВАННЯ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ

13. Карыстальніку даецца магчымасць звяртацца ў Бібліятэку як шляхам непасрэднага наведвання, так і ў рэжыме аддаленага доступу.

14. Для карыстальнікаў, якія непасрэдна наведваюць Бібліятэку, функцыянуе сістэма чытальных залаў, што дыферэнцыруюцца па ўзроўні адукацыі і прафесійнай дзейнасці карыстальнікаў, галінах ведаў і відах дакументаў.

15. Абслугоўванне карыстальнікаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дадзенымі Правіламі і іншымі лакальнымі нарматыўнымі актамі Бібліятэкі, якія ўдакладняюць узаемаадносіны Бібліятэкі і карыстальнікаў.

16. Кожнаму карыстальніку пры рэгістрацыі рэкамендуецца адпаведная чытальная зала.
У агульнай чытальнай зале ажыццяўляецца абслугоўванне навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, спецыялістаў з сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй, у тым ліку бакалаўраў, магістрантаў, аспірантаў, суіскальнікаў.
У навуковых чытальных залах, зале індывідуальнага абанемента ажыццяўляецца абслугоўванне асоб, якія маюць вучоную ступень кандыдата ці доктара навук, вучонае званне, навуковых супрацоўнікаў і загадчыкаў лабараторый навукова-даследчых устаноў, загадчыкаў кафедр, выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі, асоб з аслабленым зрокам і асоб, пазбаўленых зроку.
У чытальнай зале беларускай літаратуры, спецыялізаваных залах дакументаў па мастацтве, нотных і аўдыявізуальных дакументаў ажыццяўляецца абслугоўванне навучэнцаў апошніх курсаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі і спецыялістаў па профілі, які адпавядае спецыялізацыі чытальнай залы.
У чытальнай зале рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў, зале дысертацый абслугоўванне асобнымі відамі дакументаў (рукапісамі, у тым ліку дысертацыямі, рэдкімі кнігамі і старадрукамі да 1830 г.) ажыццяўляецца пры наяўнасці ў карыстальніка хадайніцтва ад навуковай арганізацыі.
У чытальнай зале міжбібліятэчнага абанемента і дастаўкі дакументаў ажыццяўляецца абслугоўванне калектыўных карыстальнікаў міжбібліятэчнага абанемента.

17. Абслугоўванне ўсіх катэгорый карыстальнікаў ажыццяўляецца ў чытальных залах перыядычных выданняў, прававой інфармацыі, дакументаў міжнародных арганізацый, даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання, міжбібліятэчнага абслугоўвання і дастаўкі дакументаў, на выстаўцы новых паступленняў, у інтэрнэт-цэнтры, а таксама шляхам выдачы дакументаў з падсобных фондаў ва ўсіх чытальных залах Бібліятэкі.

18. Дакументы, заказаныя карыстальнікам з фондасховішча, выдаюцца пры прад’яўленні чытацкага білета на кафедрах выдачы чытальнай залы, рэкамендаванай яму пры рэгістрацыі.
Асобныя віды дакументаў (ноты, дакументы на электронных носьбітах, аўдыявізуальныя і выяўленчыя дакументы, газеты і інш.), заказаныя з фондасховішча, накіроўваюцца для работы з імі ў чытальную залу адпаведнага профілю:

  • выяўленчыя дакументы – у залу дакументаў па мастацтве;
  • газеты – у залу перыядычных выданняў;
  • дысертацыі – у залу дысертацый;
  • ноты, аўдыявізуальныя і дакументы на электронных носьбітах – у залу нотных і аўдыявізуальных дакументаў.

19. Пры адсутнасці неабходнага дакумента ў фондах Бібліятэкі карыстальнік мае права аформіць заказ на яго атрыманне з іншых бібліятэк Беларусі і замежжа праз міжбібліятэчны абанемент і дастаўку дакументаў.

20. Выдача дакументаў і ажыццяўленне платных паслуг спыняецца за 15 хвілін да закрыцця Бібліятэкі.

21. Бібліятэка абслугоўвае карыстальнікаў у наступным рэжыме:

штодзённа (з 1 верасня па 31 мая):
панядзелак – пятніца: з 10.00 да 21.00;
субота, нядзеля: з 10.00 да 18.00;

у летні перыяд (з 1 чэрвеня па 31 жніўня):
панядзелак – пятніца: з 10.00 да 20.00;
субота: з 10.00 да 18.00;
нядзеля: выхадны дзень.

Напярэдадні дзяржаўных свят Бібліятэка працуе з 10.00 да 18.00.

Па асобным графіку, зацверджаным дырэктарам Бібліятэкі, ажыццяўляецца абслугоўванне:

22. Бібліятэка не працуе ў дні дзяржаўных свят, свят Вялікадня (праваслаўнага, каталіцкага) і санітарныя дні (апошні панядзелак месяца).

23. У выключных выпадках (пры правядзенні мерапрыемстваў дзяржаўнага ўзроўню, тэхналагічных збоях комплексу інфармацыйна-тэхналагічных сістэм) Бібліятэка мае права ўносіць змены ў рэжым работы. Інфармаванне карыстальнікаў пра змены ажыццяўляецца загадзя праз інтэрнэт-партал і інфармацыйныя стэнды Бібліятэкі.

24. Віртуальнае абслугоўванне карыстальнікаў ажыццяўляецца праз інтэрнэт-партал Бібліятэкі (http://ex-portal.nlb.by), дадаткова – праз выкарыстанне сацыяльных сетак і іншых WEB-сэрвісаў.

ГЛАВА 4
ПРАВЫ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ

25. Карыстальнікі Бібліятэкі маюць права:

  • наведваць Бібліятэку ў адпаведнасці з рэжымам яе работы;
  • атрымліваць у часовае карыстанне дакументы з фондаў Бібліятэкі для работы ў адпаведных чытальных залах;
  • атрымліваць поўную інфармацыю пра дакументы з фондаў Бібліятэкі праз сістэму каталогаў, картатэк, баз даных і іншыя формы бібліятэчнага інфармавання;
  • атрымліваць кансультацыйную дапамогу па пошуку крыніц інфармацыі і заказе дакументаў;
  • атрымліваць доступ да нацыянальных і сусветных баз даных, інфармацыйных рэсурсаў Інтэрнэту;
  • атрымліваць дакументы або іх копіі па міжбібліятэчным абанеменце, у тым ліку праз службу электроннай дастаўкі дакументаў;
  • атрымліваць бясплатна часовы білет чытача для аднаразовага наведвання Бібліятэкі ў выпадку, калі пастаянны чытацкі білет адсутнічае ў дадзены момант. Часовы білет чытача выдаецца не больш за 5 разоў на працягу года;
  • браніраваць дакументы на вызначаны тэрмін і падаўжаць тэрмін карыстання дакументам пры адсутнасці запытаў з боку іншых карыстальнікаў на дадзены момант;
  • праносіць у Бібліятэку ноўтбук у чахлах (без дадатковых укладанняў і адпаведных памеру ноўтбука) або спецыяльна прызначанай сумцы, атрыманай у гардэробе Бібліятэкі;
  • праносіць у Бібліятэку музычныя інструменты ў футлярах;
  • наведваць мерапрыемствы, якія праводзяцца для карыстальнікаў у Бібліятэцы;
  • пакідаць дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту ў дзіцячым пакоі ў час наведвання Бібліятэкі;
  • атрымліваць іншыя віды паслуг, у тым ліку платныя, пералік якіх вызначаны Бібліятэкай і зацверджаны згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
  • звяртацца да кіраўніцтва Бібліятэкі з прапановамі, заўвагамі, скаргамі па пытаннях, якія звязаны з абслугоўваннем карыстальнікаў.

ГЛАВА 5
АБАВЯЗКІ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ

26. Карыстальнікі Бібліятэкі абавязаны:

  • выконваць дадзеныя, іншыя лакальныя нарматыўныя дакументы Бібліятэкі;
  • прытрымлівацца рэжыму работы Бібліятэкі;
  • праходзіць перарэгістрацыю чытачоў у адпаведнасці з устаноўленым Бібліятэкай парадкам і тэрмінам яе правядзення. Карыстальнікі, якія не прайшлі перарэгістрацыю, Бібліятэкай не абслугоўваюцца;
  • своечасова паведамляць супрацоўнікам сектара запісу карыстальнікаў аддзела запісу і інфармавання карыстальнікаў пра страту або крадзеж чытацкага білета, часовага білета чытача;
  • вяртаць часовы білет чытача ў сектар запісу карыстальнікаў аддзела запісу і інфармавання карыстальнікаў, а ў выпадку яго страты ці пашкоджання – аплаціць яго кошт;
  • здаваць у гардэроб верхнюю вопратку, галаўныя ўборы, сумкі для ноўтбукаў;
  • пакідаць у камеры захоўвання парасоны, сумкі, партфелі і іншыя рэчы памерам больш за 30х30х20 см;
  • прад’яўляць для прагляду на кантрольна-прапускным пункце сумкі, сшыткі, пакеты і іншыя рэчы, якія дазволены да ўнясення ў Бібліятэку;
  • беражліва адносіцца да атрыманых у карыстанне дакументаў і маёмасці Бібліятэкі;
  • паведамляць бібліятэкару аб выяўленні пашкоджанняў у дакуменце;
  • захоўваць цішыню, парадак, чысціню ў памяшканнях Бібліятэкі;
  • ветліва адносіцца да супрацоўнікаў і наведвальнікаў Бібліятэкі;
  • у надзвычайных сітуацыях (тэхнічны збой, пажар, аварыя, пагроза тэрарыстычнага акта і інш.) выконваць патрабаванні супрацоўнікаў Бібліятэкі, органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях.

27. Карыстальнікам Бібліятэкі забараняецца:

  • перадаваць чытацкі білет іншым асобам і карыстацца чытацкімі білетамі іншых асоб;
  • выносіць дакументы з фонду Бібліятэкі за яе межы;
  • уносіць у Бібліятэку друкаваныя матэрыялы (кнігі, часопісы, газеты, вучэбна-метадычныя матэрыялы, выяўленчыя дакументы, ноты і іншыя дакументы), відэаапаратуру, колючыя і рэжучыя прадметы;
  • праходзіць у чытальныя залы Бібліятэкі з дзецьмі дашкольнага ўзросту;
  • праходзіць у Бібліятэку ў неахайным знешнім выглядзе;
  • наведваць Бібліятэку ў нецвярозым стане, пад уздзеяннем наркатычных, псіхатропных, таксічных сродкаў;
  • уваходзіць у Бібліятэку з жывёламі, за выключэннем карыстальнікаў з аслабленым зрокам і пазбаўленых зроку у суправаджэнні сабакі-павадыра;
  • ажыццяўляць дзеянні, якія прычыняюць шкоду дакументу (вырываць ці выразаць старонкі, рабіць паметкі, падкрэсліваць, калькаваць малюнкі і карты, пісаць на аркушах паперы, якія пакладзены на дакумент, і г. д.);
  • рабіць адзнакі на каталожных картках і вымаць іх з каталожных скрынак;
  • браць без дазволу дакументы, атрыманыя іншымі карыстальнікамі;
  • знаходзіцца з дакументамі Бібліятэкі ў буфеце, памяшканні для курэння і прыбіральні;
  • прымаць ежу і каляровыя напоі ў чытальных залах;
  • выкарыстоўваць мабільныя тэлефоны, фотаапараты і іншыя тэхнічныя сродкі ў чытальных залах для відэаздымкі і фатаграфавання дакументаў з фондаў Бібліятэкі, інфармацыі з экранаў манітораў, акрамя выпадкаў, калі фотаздымка праводзіцца на платнай аснове згодна з “Прэйскурантам платных паслуг, якія аказвае дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»”;
  • выконваць сістэмныя аперацыі ў камп’ютарнай сетцы Бібліятэкі, пераўстанаўліваць праграмныя сродкі, адключаць ад сеткі тэхнічнае абсталяванне, знішчаць і рэдагаваць файлы, створаныя іншымі карыстальнікамі;
  • самавольна размяшчаць у памяшканнях Бібліятэкі аб’явы, афішы і іншыя матэрыялы, займацца прадпрымальніцкай, агітацыйнай і рэкламнай дзейнасцю;
  • парушаць грамадскі парадак;
  • курыць у памяшканнях Бібліятэкі, акрамя месцаў, спецыяльна прызначаных для гэтага.

ГЛАВА 6
АДКАЗНАСЦЬ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ

28. Карыстальнікі Бібліятэкі, якія нанеслі шкоду дакументам ці маёмасці Бібліятэкі (камп’ютарам, аргтэхніцы, мэблі, электраабсталяванню і інш.), пакрываюць страту згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

29. Карыстальнікі, якія парушаюць грамадскі парадак, зневажаюць супрацоўнікаў і карыстальнікаў Бібліятэкі, нясуць адказнасць, згодна Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

30. За парушэнне гэтых Правіл карыстальнікам ён можа быць часова абмежаваны ў доступе да інфармацыйных рэсурсаў і паслуг Бібліятэкі ці пазбаўлены яго зусім.

ГЛАВА 7
ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ БІБЛІЯТЭКІ

31. Бібліятэка мае права:

  • уносіць дапаўненні і змяненні ў дадзеныя Правілы ва ўстаноўленым парадку;
  • вызначаць умовы выкарыстання бібліятэчных фондаў і іншых інфармацыйных рэсурсаў, а таксама рэжым доступу да іх;
  • вызначаць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь віды і памеры кампенсацыі шкоды, нанесенай карыстальнікамі;
  • вызначаць тэрмін абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў і паслуг Бібліятэкі карыстальнікам, якія парушылі гэтыя Правілы.

32. Бібліятэка абавязана:

  • фарміраваць інфармацыйныя рэсурсы, забяспечваць іх захаванасць і рацыянальнае выкарыстанне ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у галіне бібліятэчнай справы і Статутам Бібліятэкі;
  • ствараць спрыяльныя ўмовы для работы карыстальнікаў у Бібліятэцы;
  • забяспечваць высокую культуру абслугоўвання карыстальнікаў;
  • захоўваць канфідэнцыяльнасць звестак пра карыстальнікаў;
  • інфармаваць карыстальнікаў пра:
    • дапаўненні і змяненні, якія ўносяцца ў гэтыя Правілы;
    • змяненні ў рэжыме работы Бібліятэкі;
    • віды паслуг, якія выконвае Бібліятэка.