ГалоўнаяЧытачуПравiлы карыстання i парадак запiсу ў бiблiятэку Правілы карыстання агляднай пляцоўкай

Правілы карыстання агляднай пляцоўкай

1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Правілы карыстання агляднай пляцоўкай (далей – Правілы) распрацаваны ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, статутам дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” (далей – Бібліятэка) і рэгламентуюць парадак наведвання і абслугоўвання наведвальнікаў агляднай пляцоўкі.

2. Правілы накіраваны на забеспячэнне парадку і бяспекі пры наведванні агляднай пляцоўкі, паляпшэнне абслугоўвання наведвальнікаў.

3. Правілы абавязковыя да азнаямлення, вывучэння, прымянення і выканання наведвальнікамі агляднай пляцоўкі і работнікамі Бібліятэкі.

4. Месца знаходжання агляднай пляцоўкі: г. Мінск, прасп. Незалежнасці, 116, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

5. Інтэрнэт-партал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – www.nlb.by (далей – інтэрнэт-партал).

6. Перад наведваннем агляднай пляцоўкі кожны наведвальнік абавязаны азнаёміцца з Правіламі.

7. Правілы размяшчаюцца ў вольным доступе на інтэрнэт-партале, у холе агляднай пляцоўкі, у пунктах “Інфармацыя” і “Экскурсіі” галоўнага ўвахода Бібліятэкі.

8. Правілы з’яўляюцца афертай, аплата паслугі наведвання агляднай пляцоўкі – акцэпт Правілаў (аферты) наведвальнікам і пацвярджэнне таго, што наведвальнік азнаёмлены ў поўным аб’ёме з Правіламі, пагаджаецца з імі і абавязуецца іх выконваць.

Для наведвальнікаў на бясплатнай аснове прад’яўленне пацвярджаючага дакумента – акцэпт Правілаў (аферты).

9. Бібліятэка можа ў аднабаковым парадку і ў любы час уносіць змены ў Правілы.

Наведвальнікі павінны самастойна адсочваць змены Правілаў.

10. Права карыстання агляднай пляцоўкай Бібліятэкі прадстаўляецца грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства.

11. Наведванне агляднай пляцоўкі ажыццяўляецца на платнай аснове за наяўны і безнаяўны разлікі.

12. На платнай аснове дакументамі для карыстання паслугамі агляднай пляцоўкі з’яўляюцца:

  • касавы чэк;
  • электронны білет, які набыты з дапамогай сэрвісу “MegaVenue”;
  • электроннае пацвярджэнне аплаты з дапамогай сэрвісу “E-POS”;
  • электроннае пацвярджэнне аплаты з дапамогай сэрвісу “Оплати-Бизнес”;
  • іншыя дакументы, якія пацвярджаюць аплату за безнаяўны разлік.

13. Дакументамі для карыстання паслугамі агляднай пляцоўкі са скідкай з’яўляюцца:

  • дакумент, які пацвярджае аплату;
  • дакумент, які дае права на скідку (білет навучэнца, студэнцкі білет і іншыя дакументы, якія пацвярджаюць, што грамадзянін з’яўляецца навучэнцам установы адукацыі дзённай формы навучання Рэспублікі Беларусь);
  • нумарная пластыкавая гасцявая карта пастаяннага госця кафейнага бара “Граф Кафэ” (адна карта на адну асобу);
  • нумарная пластыкавая гасцявая карта банкетнага абслугоўвання кафейнага бара “Граф Кафэ”;
  • карта госця Рэспублікі Беларусь.

14. Наведванне агляднай пляцоўкі на бясплатнай аснове прадстаўляецца:

  • дзецям да 6-гадовага ўзросту;
  • дзецям-сіротам;
  • дзецям-інвалідам;
  • інвалідам 1-й і 2-й груп;
  • ветэранам Вялікай Айчыннай вайны;
  • суправаджальнікам асобы з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата ў калясцы (адзін суправаджальнік на адну асобу);
  • экскурсаводам-суправаджальнікам груп (адзін суправаджальнік на групу з 15 чалавек).

15. Наведвальнікі, якія прэтэндуюць на наведванне агляднай пляцоўкі на бясплатнай аснове, павінны прад’явіць пацвярджаючы дакумент:

  • дакумент, які пацвярджае ўзрост дзіцяці;
  • дакумент, які пацвярджае статус дзіцяці-сіраты;
  • пасведчанне аб інваліднасці;
  • пасведчанне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны;
  • дакументы, якія пацвярджаюць аплату за 15 чалавек.

16. Пры адсутнасці пацвярджаючага дакумента наведвальнік аплачвае поўны кошт білета.

17. Наведвальнік, набываючы білет ці прад’яўляючы дакумент на бясплатнае наведванне агляднай пляцоўкі, пагаджаецца, што Бібліятэка не нясе адказнасці за пагодныя з’явы і іншыя метэаўмовы, якія непасрэдна ці апасродкавана паўплывалі ці могуць паўплываць на аказанне паслугі агляднай пляцоўкі і/ці ўражанне ад аказанай паслугі.

18. Наведвальнік, набываючы білет ці прад’яўляючы дакумент на бясплатнае наведванне агляднай пляцоўкі, пагаджаецца, што на агляднай пляцоўцы вядзецца відэаназіранне.

2. АРГАНІЗАЦЫЯ ДЗЕЙНАСЦІ

19. Аглядная пляцоўка Бібліятэкі складаецца з адкрытай і закрытай частак.

20. У склад паслугі, якая аказваецца падчас наведвання агляднай пляцоўкі, уваходзяць:

аднакратны пад’ём і спуск на пасажырскім ліфце з панарамным аглядам ці на пасажырскім ліфце без панарамнага агляду;

  • наведванне адкрытай часткі агляднай пляцоўкі;
  • карыстанне біноклямі;
  • наведванне закрытай часткі агляднай пляцоўкі і галерэі «Панарама».

21. Працягласць наведвання агляднай пляцоўкі – 60 хвілін.

Выключэнне складае, калі наведвальнік знаходзіцца ў кафейным бары “Граф Кафэ”: у гэтым выпадку знаходжанне на агляднай пляцоўцы працягваецца да моманту выхаду з кафейнага бара “Граф Кафэ”.

22. Працягласць карыстання біноклем – 3 хвіліны.

23. Наведвальнік можа скарыстаць як увесь склад паслугі на працягу ўсяго часу знаходжання на агляднай пляцоўцы, так і толькі частку паслугі ці знаходзіцца на агляднай пляцоўцы менш за 60 хвілін. У такім выпадку паслуга лічыцца аказанай у поўным аб’ёме, а кошт паслугі не падлягае змяненню ў бок памяншэння.

24. Аглядная пляцоўка працуе ў наступным рэжыме:

  • панядзелак – нядзеля: 12.00 – 23.00;
  • каса працуе з 12.00 да 22.30;
  • тэхнічныя перапынкі: 14.00 – 14.15; 16.00 – 16.15; 18.00 – 18.15; 20.00 – 20.15.

Пад’ём спыняецца за 30 хвілін  да закрыцця агляднай пляцоўкі.

Аглядная пляцоўка не працуе ў санітарныя дні (апошні панядзелак месяца).

25. Інфармацыя аб рэжыме работы агляднай пляцоўкі размешчана:

  • на інтэрнэт-партале;
  • на інфармацыйных стэндах уваходных зон будынка Бібліятэкі.

26. У выключных выпадках Бібліятэка мае права ўносіць змены ў рэжым работы агляднай пляцоўкі. Інфармаванне наведвальнікаў ажыццяўляецца загадзя праз інтэрнэт-партал і інфармацыйныя стэнды Бібліятэкі.

27. Наведванне агляднай пляцоўкі арганізуецца ў аператыўным парадку за наяўны і безнаяўны разлікі.

Аплата наведвання ў касе і ўваход у хол агляднай пляцоўкі ажыццяўляецца ў парадку агульнай чаргі.

28. Пры наведванні агляднай пляцоўкі за наяўны разлік касавы чэк пагашаецца адміністратарам шляхам надрыву і вяртаецца наведвальніку. Пасля пагашэння касавага чэка не дапускаецца яго паўторнае выкарыстанне.

Наведвальнікі абавязаны захоўваць касавы чэк на працягу знаходжання на агляднай пляцоўцы.

29. Касавы чэк з’яўляецца сапраўдным для наведвання агляднай пляцоўкі ў дзень яго набыцця.

30. Наведванне агляднай пляцоўкі ажыццяўляецца як групамі да 15 чалавек у суправаджэнні экскурсавода, так і ў індывідуальным парадку.

31. Дзеці да 14 гадоў дапускаюцца на аглядную пляцоўку толькі ў суправаджэнні дзеяздольных дарослых. Дарослыя павінны праінфармаваць дзяцей аб правілах паводзін на агляднай пляцоўцы, у ліфце і несці адказнасць за іх выкананне дзецьмі.

Работнікі агляднай пляцоўкі не нясуць адказнасць за жыццё і здароўе дзяцей, якіх пакінулі без дагляду бацькі, законныя прадстаўнікі і іншыя асобы, адказныя за дзіця, у тым ліку суправаджальнікі.

32. Асобы з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата ў калясцы могуць наведваць толькі закрытую частку агляднай пляцоўкі і галерэю “Панарама”.

Работнікі агляднай пляцоўкі не нясуць адказнасць за жыццё і здароўе асобы з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата ў калясцы, якіх суправаджальнікі пакінулі без дагляду.

33. Падчас наведвання агляднай пляцоўкі адказнасць падчас небяспекі за жыццё, бяспеку, эвакуацыю дзяцей, дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот, асоб з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата ў калясцы нясуць суправаджаючыя асобы.

34. Пры немагчымасці эксплуатацыі пад’ёмнай платформы з вертыкальным перамяшчэннем для асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі па прычыне выхаду яе са строю ўваход на аглядную пляцоўку асоб з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата і маці з дзецьмі ў калясках ажыццяўляецца праз цэнтральны ўваход у адпаведнасці з рэжымам працы Бібліятэкі (асоб з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата – пры прад’яўленні пацвярджаючых дакументаў).

35. Усе наведвальнікі агляднай пляцоўкі пагаджаюцца з тым, што ліфт на аглядную пляцоўку – тэрыторыя павышанай небяспекі. Усе яго пасажыры павінны строга прытрымлівацца правілаў карыстання ліфтам. У кабіне нельга прыхіляцца да дзвярэй, скакаць, перашкаджаць уваходу і выхаду пасажыраў, трэба своечасова падрыхтоўвацца да выхаду з ліфта.

Пры пад’ёме і спуску забараняецца:

  • карыстацца ліфтам дзецям дашкольнага ўзросту без суправаджэння дарослых;
  • карыстацца ліфтам, калі кабіна задымлена ці адчуваецца пах гару;
  • курыць у кабіне ліфта;
  • трапляць у шахту і прыямкі ліфта;
  • перагружаць ліфт (максімальная колькасць пасажыраў – 15 чалавек);
  • затрымліваць дзверы кабіны ліфта пры пасадцы і высадцы;
  • перавозіць буйнагабарытныя грузы (рэчы), дзіцячыя каляскі.

36. У выпадку, калі падчас наведвання агляднай пляцоўкі ўзнікнуць абставіны неадольнай моцы, якія негатыўна паўплываюць на работу ліфта і тэхнічную магчымасць яго выкарыстання, наведвальнікі абавязаны здзяйсняць спуск па эвакуацыйнай лесвіцы.

3. ПРАВЫ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ

37. Наведвальнікі маюць права:

  • атрымліваць неабходную інфармацыю аб рабоце агляднай пляцоўкі;
  • карыстацца паслугамі агляднай пляцоўкі;
  • звяртацца да кіраўніцтва Бібліятэкі з прапановамі, заўвагамі, скаргамі па пытаннях, якія звязаны з арганізацыяй абслугоўвання наведвальнікаў агляднай пляцоўкі.

4. АБАВЯЗКІ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ

38. Наведвальнікі агляднай пляцоўкі абавязаны:

  • выконваць дадзеныя Правілы і іншыя лакальныя акты Бібліятэкі;
  • пакідаць у камеры захоўвання сумкі, партфелі, заплечнікі, непразрыстыя пакеты, футляры з музычнымі інструментамі і іншыя рэчы памерам больш за 30х30х20 см;
  • беражліва адносіцца да маёмасці агляднай пляцоўкі;
  • захоўваць парадак і чысціню ў памяшканнях і на тэрыторыі агляднай пляцоўкі;
  • ветліва ставіцца да работнікаў і наведвальнікаў агляднай пляцоўкі;
  • у надзвычайных сітуацыях (тэхнічны збой, пажар, аварыя, пагроза тэрарыстычнага акта і інш.) выконваць патрабаванні работнікаў Бібліятэкі, органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях;
  • у выпадку выяўлення безнаглядных прадметаў тэрмінова паведаміць работнікам Бібліятэкі і не пачынаць самастойных дзеянняў па іх перамяшчэнні;
  • самастойна ацэньваць свае фізічныя магчымасці, звязаныя са станам здароўя.

39. Суправаджальнікі абавязаны забяспечыць выкананне непаўналетнімі наведвальнікамі Правілаў.

Суправаджальнікі нясуць поўную адказнасць за непаўналетніх наведвальнікаў, у тым ліку адказваюць за іх паводзіны, бяспеку, а таксама за ўрон, які яны нанеслі. Пры наведванні агляднай пляцоўкі групай наведвальнікаў, у склад якіх уваходзяць непаўналетнія асобы, адказнасць за выкананне Правілаў непаўналетнімі ўскладаецца на суправаджальніка (кіраўніка) групы.

40. Наведвальнікам агляднай пляцоўкі забараняецца:

  • выносіць маёмасць з агляднай пляцоўкі;
  • праходзіць на аглядную пляцоўку ў неахайным знешнім выглядзе;
  • наведваць аглядную пляцоўку ў стане алкагольнага ап’янення, пад уздзеяннем наркатычных, псіхатропных, таксічных рэчываў;
  • уваходзіць на аглядную пляцоўку з птушкамі і жывёламі (за выключэннем асоб, якія страцілі зрок, і наведвальнікаў з аслабленым зрокам у суправаджэнні сабакі-павадыра);
  • праносіць з сабой марожанае, ежу і спіртныя напоі;
  • праходзіць са сродкамі перамяшчэння (веласіпед, скутэр, самакат, ролікавыя канькі, скейты і іншыя колавыя сродкі перамяшчэння, прыстасаванні для скачкоў на нагах і інш.);  
  • уносіць на аглядную пляцоўку колючыя і рэжучыя прадметы; прыносіць з сабой халодную і агнястрэльную зброю ці прадметы, якія можна прыняць за яе, выбуховыя, лёгкія на загаранне рэчывы, наркатычныя, псіхатропныя, таксічныя і іншыя небяспечныя рэчывы, буйнагабарытны багаж;
  • ажыццяўляць дзеянні, якія прычыняюць шкоду абсталяванню агляднай пляцоўкі;
  • самавольна размяшчаць у памяшканнях агляднай пляцоўкі аб’явы, афішы і іншыя матэрыялы, займацца прадпрымальніцкай, агітацыйнай і рэкламнай дзейнасцю;
  • парушаць грамадскі парадак;
  • курыць у памяшканнях агляднай пляцоўкі;
  • заходзіць ці пералазіць праз агароджу;
  • адчыняць замкі, засовы;
  • самастойна ўваходзіць у тэхнічныя і службовыя памяшканні. Наведвальнікі, якія самастойна трапілі ў тэхнічныя і службовыя памяшканні, нясуць поўную адказнасць за непаладкі і аварыі, якія ўзніклі ў выніку рэгулявання імі інжынерна-тэхнічнага абсталявання;
  • бегаць, скакаць;
  • пакідаць непаўналетніх без догляду;
  • смеціць (пляваць на падлогу, смаркацца, кідаць жавальную гумку і г.д.).

41. Акрамя таго, на адкрытай агляднай пляцоўцы забараняецца:

  • прыхіляцца да агароджы;
  • выкідваць рэчы, вадкасці і смецце з агляднай пляцоўкі;
  • прасоўваць за агароджу часткі цела і рэчы (мабільныя тэлефона, сэлфі-палкі і інш.).

5. АДКАЗНАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ

42. Наведвальнікі агляднай пляцоўкі, якія нанеслі шкоду маёмасці агляднай пляцоўкі (камп’ютарам, аргтэхніцы, мэблі, абсталяванню, электраабсталяванню і інш.), пакрываюць страту згодна з заканадаўствам.

43. Наведвальнікі, якія парушаюць грамадскі парадак, сваімі паводзінамі ствараюць небяспечнасць для жыцця і здароўя, як уласнага, так і іншых наведвальнікаў і работнікаў агляднай пляцоўкі, зневажаюць работнікаў і наведвальнікаў, нясуць адказнасць згодна з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

44. За парушэнне Правілаў наведвальнікі абавязаны пакінуць тэрыторыю агляднай пляцоўкі па патрабаванні работнікаў Службы бяспекі і рэжыму Бібліятэкі і/ці Дэпартаменту аховы Міністэрства ўнутраных спраў. У такім выпадку кошт паслугі не падлягае змяненню ў бок памяншэння.

6. ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ БІБЛІЯТЭКІ

45. Бібліятэка мае права:

  • уносіць дапаўненні і змяненні ў дадзеныя Правілы ва ўстаноўленым парадку;
  • вызначаць умовы наведвання агляднай пляцоўкі;
  • вызначаць у адпаведнасці з заканадаўствам віды і памеры кампенсацыі шкоды, нанесенай наведвальнікамі;
  • вызначаць тэрмін абмежавання (не больш за адзін год) доступу на аглядную пляцоўку наведвальнікам, якія парушылі гэтыя Правілы;
  • патрабаваць ад наведвальнікаў пакінуць памяшканне агляднай пляцоўкі ў выпадку парушэння грамадскага парадку ў Бібліятэцы.

46. Бібліятэка абавязана:

  • забяспечваць высокую культуру абслугоўвання наведвальнікаў;
  • захоўваць канфідэнцыяльнасць звестак пра наведвальнікаў;
  • інфармаваць наведвальнікаў аб:
    • змяненні ў рэжыме работы агляднай пляцоўкі;
    • відах паслуг, што выконвае аглядная пляцоўка.

47. Бібліятэка не нясе адказнасць за:

  • захаванасць грашовых сродкаў і іншых матэрыяльных каштоўнасцей наведвальнікаў агляднай пляцоўкі, пакінутых у холе агляднай пляцоўкі ці ў камерах захоўвання;
  • любую шкоду, якую нанеслі маёмасці падчас наведвання агляднай пляцоўкі, незалежна ад таго, звязана шкода з аказаннем паслугі агляднай пляцоўкі або не;
  • страчаную ці згубленую іншым чынам маёмасць, каштоўнасці і іншыя рэчы;
  • пагаршэнне стану здароўя наведвальніка, выкліканае фізічнымі і эмацыянальнымі нагрузкамі, неспрыяльнымі вынікамі ўздзеяння на арганізм прыродных з’яў і абсталявання.
Бібліятэкарам