Месца правядзення
Хопіць сядзець у чатырох сценах! Няма ў іх межах ні натхнення, ні прыгод. Адпраўляемся на пошукі прыгожага разам з Марыяй Рэдко. Сучасная маладая мастачка з Брэста прадставіла ў сталіцы серыю жыццярадасных і сонечных работ – тое, што падгледзела-падмеціла падчас прагулак і назіранняў за наваколлем.
Скончыўшы ў 2008 годзе Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, Марыя накіравалася адточваць прафесійнае майстэрства ў Берлін, на факультэт жывапісу Вышэйшай школы мастацтваў Вайсэнзэе. Мастачка неаднаразова прымала ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках у Беларусі, Германіі, Польшчы, Расіі, Украіне, Швецыі. Зараз яе работы можна пабачыць і нават набыць на выстаўцы-продажы “Асенні салон з Белгазпрамбанкам”.
Дзяўчына вельмі любіць вандраваць, адкрываць для сябе новыя краіны, шукаць натхненне ў новых месцах і знаёмствах. Імгненныя ўражанні выліваюцца ў акварэлі – па-першае, гэта тэхніка больш мабільная падчас вандравання, а па-другое, свет у акварэлі перадаецца зусім інакш, чым маслам.
Галоўны кірунак у творчасці М. Рэдко – партрэтны жывапіс. Аднак вядомая яна і як таленавіты ілюстратар і дызайнер – аўтар ілюстрацый да кніг “Казкі маёй бабулі”, “Твары вёсак, якія знікаюць”, “Литературная кухня”. Паспрабавала сябе і ў ролі аніматара – год таму мастачка (між іншым, адзіная з Беларусі) прымала ўдзел у маштабным праекце па стварэнні поўнаметражнага анімацыйнага фільма пра славутага галандскага мастака “Ван Гог. З любоўю, Вінсент”. Амаль паўгода малявала кадры з фільма маслянымі фарбамі, выкарыстоўваючы прынцыпы стылю Вінсента Ван Гога. Так почырк вядомага мастака знайшоў водгук у творчых пошуках Марыі і пачаў праяўляцца ў яе работах.
У вернісажы прынялі ўдзел загадчыца аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вольга Давідовіч, прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка, кандыдат мастацтвазнаўства, галоўны спецыяліст упраўлення інфармацыйнай палітыкі Белгазпрамбанка Аляксандр Зіменка і аўтар работ, мастачка Марыя Рэдко.
З 1 лістапада ўваход на выстаўку складае кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Экспазіцыя будзе дзейнічаць у галерэі “Панарама” да 15 лютага 2018 года.
Тэлефоны для даведак: (8 017) 266 37 37, 293 28 33.
Е-mail: pr@nlb.by