ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайАсноўныя бітвы, баі, ваенныя аперацыіБаранавіцкая аперацыя
Баранавіцкая аперацыя

Баранавіцкая аперацыя

Акупацыя г. Баранавічы нямецкімі войскамі

1 жніўня 1914 г. пачалася Першая сусветная вайна, з самага пачатку якой у Баранавічах і наваколлі канцэнтраваліся буйныя ваенныя сілы. Ваенны лёс г. Баранавічы быў унікальны: на працягу першага года вайны ў мястэчку знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Галоўны штаб усіх узброеных сіл Расіі знаходзіўся ў лесе і ўяўляў сабой участак чыгуначнага палатна, на якім стаялі вагоны. Сюды неаднаразова прыязджаў расійскі імператар, які прабыў у Стаўцы каля двух месяцаў і наведаў Баранавічы каля 10 раз.

Пад час апошняга знаходжання ў Баранавічах (11–28 чэрвеня 1915 г.) Мікалай II правёў экстранае пасяджэнне Савета Міністраў, на якім былі вырашаны пытанні дзяржаўнай значнасці, выкліканыя ваенным часам. У сувязі з набліжэннем фронту і адступленнем расійскай арміі, 9 жніўня 1915 г. Стаўка была пераведзена ў Магілёў.

Баранавічам вайна несла спусташэнне. Частка насельніцтва была мабілізавана, тыя ж мірныя жыхары, што засталіся ў горадзе, зведалі галечу, масавую эвакуацыю, нягоды. Сотні сямей былі вымушаны пакінуць родныя месцы і пераехаць ва ўсходнія раёны Беларусі. Натоўп бежанцаў, пераважна на калёсах, цягнуўся праз Баранавічы. Успыхнула эпідэмія дызентэрыі і халеры. На вуліцах можна было ўбачыць вазы, напоўненыя трупамі. Людзі, якія праязджалі праз горад, страціўшы сілы, збіралі на палях бульбу, а часта любую зеляніну. Пад час прыпынкаў яны хапалі любы кавалак дрэва, прыдатны для развядзення вогнішча. У горадзе знік драўляны плот. Гэта працягвалася некалькі тыдняў. 25 жніўня 1915 г. быў захоплены Брэст і немцы пачалі рухацца на ўсход. Расійскія войскі, выконваючы ўказанні камандавання, пры адступленні знішчалі ўсё, што нельга было вывезці, у тым ліку вакзалы, сухарны завод, ваенныя майстэрні і чыгуначнае палатно. Выпальваліся цэлыя вёскі і палі.

У ноч з 23 на 24 верасня 1915 г. Баранавічы, асветленыя водбліскамі пажараў, пакінула руская армія. На наступны дзень па вуліцах час ад часу праносіліся на конях адзінкавыя казакі. Прыкладна ў 15–16 гадзін дня ў Баранавічы ўвайшлі першыя аўстрыйскія патрулі, а за імі ў хуткім часе пацягнуліся першыя аддзелы арміі генерала Рэмуса фон Войрша. Фронт затрымаўся на лініі ракі Шчара, каля 6 км на ўсход ад горада. Аддзелы Войрша занялі пазіцыі абароны, адразу ж пачаўшы ўзвядзенне ўмацаванняў. Гэтымі ўмацаваннямі, названымі пазней “нямецкімі акопамі”, карысталіся ў баях да 1920 г. У Баранавічах размясцілася стаўка камандавання адрэзка нямецкага ўсходняга фронту, а на занятых землях Расійскай Імперыі панавалі ваенныя ўлады, так званыя Ober-Ost. Мелі месца грабяжы, была ўсталявана жорсткая сістэма штрафаў, падаткаў і прымусовых работ. У Германію вывозілася абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў, працаздольнае насельніцтва, а таксама сельскагаспадарчыя жывёлы і прадукты.

Баранавіцкая аперацыя

Да кастрычніка 1915 г. лінія агню праходзіла на ўсход ад Баранавіч і Пінска па лініі Міхалішкі – Ашмяны – Навагрудак – Баранавічы – возера Выгонаўскае. Яна падзяліла тэрыторыю сучаснага Баранавіцкага раёна на дзве часткі. Вялікая частка (за выключэннем паўднёвага ўсходу) была акупавана нямецкімі і аўстра-венгерскімі войскамі. З восені 1915 г. да лета 1916 г. на ўчастку фронту, які праходзіў па тэрыторыі баранавіцкага краю, не адбывалася актыўных баявых дзеянняў, і толькі ў чэрвені – ліпені 1916 г. расійскія войскі Заходняга фронту пачалі наступальную аперацыю, што атрымала назву “Баранавіцкая”, або “Скробава-Гарадзішчанская”. Яе мэтай была падтрымка наступлення Паўднёва-Заходняга фронту. Галоўны ўдар па саперніку праводзіўся ў раёне Гарадзішчы – Баранавічы 4-й арміяй пад камандаваннем генерала Рагозы. Пасля артпадрыхтоўкі расійскія войскі некалькі разоў безвынікова спрабавалі прарваць абарону ворага, якая была размешчана глыбокімі эшалонамі. Расійская армія несла вялікія страты, якія ў шмат разоў перавышалі нямецкія.

Баранавіцкая аперацыя 1916 г. працягвалася з 20 па 27 чэрвеня. За тыдзень бесперапынных баёў Руская імператарская армія страціла да 46 тыс. чалавек забітымі, 60 тыс. чалавек параненымі і 5 тыс. палоннымі (па даных А.А. Кярсноўскага).

Наступныя баі фактычна былі навязаны расійскай арміі сапернікам і фармальна не могуць лічыцца часткай Баранавіцкай аперацыі, аднак непарыўна звязаны з ёй. Толькі 17 ліпеня 1916 г. на фронце канчаткова наступіла зацішша. Агульныя страты расійскага боку пад Баранавічамі склалі 120 тыс. чалавек забітымі, параненымі і палоннымі, з іх 50 тыс. забітымі; страты аўстра-венграў і немцаў – 40 тыс. чалавек, з іх 20 тыс. забітымі. І хоць 4-й рускай арміі не ўдалося прарваць фронт кайзераўскіх войскаў, задачу яна часткова выканала, пазбавіўшы саперніка магчымасці перакінуць з поля бітвы рэзервы супраць наступлення расійскай арміі на Паўднёва-Заходнім фронце (аперацыя атрымала назву “Брусілаўскі прарыў” – адзін з самых крывавых баёў Першай сусветнай вайны). Пасля паражэння нашых войск у Баранавіцкай аперацыі горад быў акупаваны нямецкімі і аўстра-венгерскімі войскамі.

Ці была прайграна бітва пад Баранавічамі? Якая аперацыя можа лічыцца прайгранай?.. Тая, у якой адзін з бакоў перанёс зруйнавальнае паражэнне, аддаў саперніку стратэгічна важную тэрыторыю, страціў вялікую частку жывой сілы і тэхнікі, ганебна здаўся ў палон без супраціўлення. У гэтым плане ні Баранавічы, ні больш ранняя Нарач не могуць лічыцца прайгранымі бітвамі. Па іх выніках Руская імператарская армія хай і панесла вялікія страты, але не была разгромлена. Гэта былі годныя спробы прарваць моцна ўмацаваную паласу саперніка, выгнаць ворага з роднай зямлі і, галоўнае, выканаць саюзніцкі абавязак – дапамагчы Францыі і Італіі, якія аказаліся ў бядзе. І там, і тут рускія войскі мелі тактычны поспех – пад Нараччу былі вызвалены Паставы, пад Баранавічамі – Скробава і вышыня “Фердынандаў Нос”. І там, і тут былі ўзяты палонныя і трафеі, а некаторыя часткі саперніка цалкам знішчаны.

Як і Нарач, Баранавічы сталі адным з прыкладаў нязломнага духу і мужнасці расійскай арміі. Гэта быў вымушаны прызнаць нават сапернік, які адзначаў, што ўсе нападзенні рускіх адрозніваліся надзвычайнай храбрасцю і пагардай да смерці. Невыпадкова па выніках аперацыі мноства афіцэраў сталі кавалерамі ордэнаў Святога Георгія і Георгіеўскай зброі, а ніжнія чыны – Георгіеўскіх крыжоў. І не мае значэння, у якой аперацыі – паспяховай або няўдалай – яны ўдзельнічалі. Адвага, самаадданасць і мужнасць заўсёды выклікаюць захапленне, дзе б яны ні былі праяўлены.

Бібліятэкарам