ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЯнка Купала і Якуб Колас: сучаснікі, паплечнікі, аднагодкі
Янка Купала і Якуб Колас: сучаснікі, паплечнікі, аднагодкі

Янка Купала і Якуб Колас: сучаснікі, паплечнікі, аднагодкі

Якуб Колас і Янка Купала – сучаснікі, паплечнікі, аднагодкі; пісьменнікі блізкія тыпалагічна.

З гэтымі па-сапраўднаму нацыянальна значнымі імёнамі нашых класікаў наўпрост звязаны лёсавызначальная сутнасць беларускай літаратуры, яе вехавыя дасягненні, яе імклівы эстэтычны і, можна сказаць, гістарычны – сусветны рост і росквіт.

Якуб Колас і Янка Купала былі выразнікамі нацыянальнай самасвядомасці, народных дум і пачуццяў; абодва пісьменнікі шырока раскрывалі нацыянальны характар, асаблівасці духоўнага складу і матэрыяльнага жыцця беларусаў.

Блізкія па сваіх эстэтычных поглядах, грамадскіх ідэалах, Купала і Колас аказаліся вельмі розныя па творчай манеры: у кожнага свой голас, стыль, свой непаўторны жыццёвы шлях, чалавечы характар, духоўны свет.

І нават з самага агульнага знаёмства з іх творчасцю можна меркаваць пра спецыфічнасць мастацтва кожнага з паэтаў.

Янка Купала – пераважна рамантык, Якуб Колас – рэаліст. Лірыка Янкі Купалы – гэта лірыка прарока, вешчуна, яна поліфанічная. Якуб Колас раскрываў у сваёй лірыцы перажыванні рэальнага, звычайнага, канкрэтнага чалавека. Купала-рамантык увесь у метафары, у эфектным стылі, Якуб Колас – у рэалістычна-канкрэтнай малюнкавасці. Янка Купала быў лірыкам драматычнага напружання, які лёгка перайшоў да драматургіі. Першая п’еса “Паўлінка” – наватарская па форме і змесце – пракладвала шляхі да развіцця ўсёй беларускай драматургіі.

Якуб Колас – паэт, празаік, драматург, крытык, дзіцячы пісьменнік. Сюжэтны, рэалістычна-канкрэтны Колас стаў аўтарам паэмы-эпапеі “Новая зямля”, адным з заснавальнікаў беларускай нацыянальнай прозы. Ён выдатны майстар апавядання, аўтар празрыстых па мове і стылі аповесцей (“На прасторах жыцця”, “Дрыгва”). Разам з Цішкам Гартным Якуб Колас залажыў асновы беларускага рамана. Прыкладам сапраўды эпічнага твора з’яўляецца яго трылогія “На ростанях”.

Паэтычны свет Янкі Купалы – перш за ўсё прадукт яго творчай фантазіі. Янка Купала – мастак-творца, стваральнік вобразаў, у якіх рэальнасць ператваралася ў дзівоснасць рамантычнай красы. Купала таму менш за ўсё быў аўтабіяграфічны. У ім канцэнтравалася найперш духоўнае. Купалу мы ведаем як паэта і драматурга, аўтара цудоўных п’ес “Паўлінка” і “Раскіданае гняздо”. Паэт ён лірычна-ўзнёслы і рамантычны, парывісты, эмацыянальны, драматычны па прыродзе свайго таленту. Любоў да Радзімы і нянавісць да яе прыгнятальнікаў гучалі на ўсіх этапах яго творчасці – ад пафасных вершаў “Мужык” і “Там” да шчырай і задушэўнай песні пра будучую перамогу над гітлераўскім фашызмам “Зноў будзем шчасце мець і долю”. Яго паэзія востраканфліктная, сацыяльная.

Якуб Колас – мастак перш за ўсё біяграфічны, яго творчасць – малюнкі, ім бачаныя, узрушэнні, ім перажытыя, паэтызацыя лёсу свайго ці людзей, блізкіх паэту, знаёмых; свет, асабіста ім убачаны і пачуты. Колас стварыў цэлы шэраг твораў рамантычнага характару. Але рамантычны свет Коласа – гэта свет не фантастычна-ўмоўных вобразаў, як звычайна ў Купалы, а выяўлены ў дакладных рэаліях і дэталях свет. Якуб Коласбольш эпічны, больш зямны, чым Купала; ён надзвычай уважлівы да побыту людзей працы, іх штодзённых клопатаў, да асобных людскіх лёсаў. Якуб Колас – выдатны апавядальнік, вельмі назіральны, уважлівы да адценняў думкі, да пачуццяў героя, знаўца прыёмаў і спосабаў раскрыцця яго ўнутранага свету.

На розныя мастацкія напрамкі абапіраліся Янка Купала і Якуб Колас. Я. Купала – на традыцыі польскага рамантызму (М. Канапніцкай, А. Міцкевіча, С. Выспянскага); Я. Колас – на традыцыі рускай класічнай рэалістычнай паэзіі ( І. Крылова, А. Пушкіна, М. Някрасава).

Гістарычная заслуга Янкі Купалы і Якуба Коласа заключаецца перш за ўсё ў тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету, зрабілі яе агульнанароднай справай, адным з важнейшых і дзейсных сродкаў маральнага і эстэтычнага выхавання будучых пакаленняў. Наша літаратура – наша гордасць, тая галіна духоўнай дзейнасці, у якой беларусы найбольш ярка праявілі сябе як нацыя. Купала і Колас раскрылі душу беларусаў, паказалі іх характар, выказалі думы і спадзяванні, адвечную прагу “людзьмі звацца”. Сапраўды, адметнасцю літаратурнай класікі, якую сфарміравалі перадусім творы абодвух волатаў беларускага слова, з’яўляецца яе надзвычайная грамадская запатрабаванасць, надзённасць, актуальнасць, яе глыбінная сувязь з часам сённяшнім, з праблемамі сучаснасці, з усім тым, што вызначае, акрэслівае і складае нацыянальную адметнасць самога беларускага этнасу, яго сэнсавызначальныя, ментальныя дамінанты, лад мыслення, духоўны самаідэнтыфікацыйны статус.

Бібліятэкарам