ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыФонды і калекцыі бібліятэкіСтарадрукаваныя і рэдкія кнігі

Рукапісы, старадрукаваныя і рэдкія выданні

Фонд рукапісаў, старадрукаваных і рэдкіх выданняў налічвае больш за 100 тыс. адзінак захоўвання. Сярод рукапісных кніг і архіўных матэрыялаў XIV–XXI стст. (звыш 10,9 тыс. адзінак захоўвання) на славянскіх, заходнееўрапейскіх і ўсходніх мовах – калекцыя рукапісных кніг старажытнай традыцыі, у тым ліку беларускага паходжання (евангеллі, пралогі, служэбнікі, жыціі святых, зборнікі слоў, павучанні і інш.); рукапіс XVI ст. на старабеларускай мове “Арыстоцелевы вароты, або Тайная тайных”; калекцыя пеўчых рукапісаў крукавой і ноталінейнай натацыі; калекцыя ўсходніх рукапісаў па граматыцы, філасофіі, праве, мусульманскай тэалогіі і інш.; рукапісы выдатных дзеячаў навукі і культуры Беларусі.

Фонд старадрукаваных выданняў (больш за 30 тыс. адзінак) уключае калекцыю інкунабул (43 адзінкі), сярод якіх “Кніга хронік” Х. Шэдаля (1493 г.), выданне “Боскай камедыі” Дантэ (1481 г.), калекцыі палеатыпаў (каля 200 адзінак), у тым ліку 16 прыжыццёвых выданняў М. Лютэра, выданні венецыянскай тыпаграфіі Альдаў (XV–XVI стст.), галандскіх кнігавыдаўцоў Эльзевіраў (XVI–XVII стст.), вядомых еўрапейскіх друкароў Эцьенаў, Фрабенаў, Плантэнаў і інш.

У калекцыі кірылічнага друку захоўваецца адзіны ў Рэспубліцы Беларусь збор выданняў беларускага кнігадрукара Ф. Скарыны (10 выпускаў Бібліі – Прага, 1517–1519 гг.); “Евангелле вучыцельнае” В. Гарабурды (каля 1580 г.); “Апостал” (Львоў, 1574 г.) і “Біблія” (Астрог, 1581 г.) І. Фёдарава; кнігі з друкарні П. Мсціслаўца, братоў Мамонічаў; выданні беларускіх, рускіх, украінскіх друкароў XVІ–XVІІІ стст.

У фондзе захоўваюцца таксама прыжыццёвыя выданні М.В. Ламаносава; кнігі вядомага рускага асветніка XVІІІ ст. М.І. Навікова і выдадзеныя ім часопісы “Древняя российская вивлиофика”, “Живописец”, “Кошелёк”); выданні перыяду Вялікай французскай рэвалюцыі; калекцыя лістовак часоў Парыжскай камуны; збор падпольнага і партызанскага друку перыяду Вялікай Айчыннай вайны; выданні, забароненыя царскай цэнзурай (калекцыя вольнага рускага друку). Сабрана і калекцыя кніг з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, мастакоў, вучоных, грамадскіх дзеячаў – М. Багдановіча, М. Гогаля, В. Гюго, Э. Заля, П. Пікаса, С. Далі і інш.

Бібліятэкарам