З 18 студзеня па 10 сакавіка на выставачнай пляцоўцы 3-га паверха бібліятэкі праходзіць выстаўка, прымеркаваная да 200-годдзя з дня нараджэння выдаўца, гісторыка і краязнаўца Адама Кіркора.
Адам Ганоры Кіркор (1818, в. Слівіна Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні – 1886, Кракаў); псеўданімы і крыптанімы: A.K.; A.H.K.; J. ze Ś.; J. ze Śliwina; Jacek ze Śliwina; Jan ze Śliwina; K.A.H.; Sobarri; Tułacz Sobarri; Wydawca Albumu Wileńskiego.
Імя Адама Кіркора – беларускага гісторыка, археолага, этнографа, рэдактара-выдаўца, краязнаўца, публіцыста – шырока вядома ўсім, хто цікавіцца мінулым Беларусі і Літвы. Чалавек вялікай вучонасці і мэтанакіраванай энергіі пакінуў вялізную колькасць друкаваных прац. У многіх архівах захоўваюцца яго неапублікаваныя рукапісы, лісты навуковага зместу да вядомых дзеячаў навукі розных краін.
А. Кіркору прысвечана некалькі спецыяльных прац, але яго рознабаковая дзейнасць дасюль поўнасцю не вывучана і чакае свайго даследчыка. Таму кожны дакумент мае надзвычай вялікую цікавасць.
На выстаўцы прадстаўлена каля 40 экспанатаў, якія асвятляюць асобу Адама Кіркора і яго навуковую і выдавецкую дзейнасць. Гэта энцыклапедычныя, навуковыя, літаратурна-мастацкія выданні, часопісы, а таксама ілюстрацыйныя матэрыялы.
Асаблівую каштоўнасць прадстаўляюць прыжыццёвыя асобнікі аўтара: трэці том багата ілюстраванага выдання “Живописная Россия”, прысвечаны літоўскаму і беларускаму Палессю (1882), “Библиографическая заметка по поводу ІІІ тома «Живописной России»” (1884), львоўскае выданне этнаграфічных нарысаў “Słowianie nadbałtyccy: zarys etnograficzno-mitologiczne” (1876), “Bazylika Litewska” (1886).
Вялікую цікавасць наведвальнікаў экспазіцыі выклікае неперыядычны зборнік гістарычна-краязнаўчай тэматыкі “Teka Wilenska” (1857). Складальнік Адам Кіркор (пад псеўданімам Jan ze Śliwina) уключыў у яго гістарычны артыкул пра Мінск свайго сябра і паплечніка Людвіга Кандратовіча (Уладзіслава Сыракомлі) і яго ж кантату “Францішак Асізскі”.
Спадзяёмся, што выстаўка стане прыкметнай культурнай падзеяй і прывабіць увагу аматараў роднай гісторыі і культуры, а таксама ўсіх зацікаўленых у даследаванні багатай краязнаўчай і выдавецкай спадчыны нашага шчырага і адданага беларускай зямлі суайчынніка.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.