ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Місія выканальна! Калектыў бібліятэкі ўзнагароджаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне”
Нацыянальная бібліятэка Беларусі – лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”

Дзiвосны свет яго спадчыны

Дзiвосны свет яго спадчыны
Іншыя навіны

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі назваў самыя адметныя падзеі святкавання 500-годдзя беларускай кнігі.

Усе мы ведаем, што 2017-ты быў у Беларусі абвешчаны Годам навукі. Але яго без перабольшвання можна назваць і годам Скарыны. Мы адзначалі паўтысячагоддзе з таго дня, як беларускі асветнік узяў у рукі сваё першае выданне – Псалтыр. Адзначала падзею не толькі Беларусь – увесь свет. Галоўным генератарам святочных мерапрыемстваў стала Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

– Дарэчы, наконт Года навукі і юбілею беларускай кнігі... Тут не проста супадзенне. Не будзем забываць, што Скарына быў першым беларускім доктарам навук! А па-другое, развіццё навукі без кнігі, без друкаванага слова ўявіць немагчыма, – лічыць дырэктар "дыямента ведаў" Раман Матульскі.

Колькі было мерапрыемстваў – усё адразу не прыпомніш. Раман Сцяпанавіч згадвае, што два гады таму на сустрэчы кіраўнікоў бібліятэк было прапанавана больш за чатырыста пунктаў. Толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося каля сарака буйных, рэспубліканскага маштабу, мерапрыемстваў. Гэта плённая праца атрымала высокую адзнаку: Прэзідэнт прысудзіў калектыву Нацыянальнай бібліятэкі прэмію "За духоўнае адраджэнне". Па нашай просьбе Раман Сцяпанавіч выбраў сем знакавых падзей мінулага года.

1. Праект "Кніжная спадчына Францыска Скарыны"

– Вядома, галоўны наш праект – гэта факсімільнае ўзнаўленне спадчыны Францыска Скарыны. Яно стала брэндам краіны. Праектаў такога маштабу ў свеце яшчэ не было. Звычайна ўзнаўляюць адну кнігу, дзве... А тут – поўны збор, дваццаць тамоў факсімільных выданняў і яшчэ адзін том навуковых каментарыяў. Мы працавалі пяць гадоў. Вядома, на гэтым шляху нас падтрымлівалі. Мітрапаліт Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, блаславіў працу на самым пачатку. Пачалася рэалізацыя дзякуючы дзяржаўнай праграме "Культура Беларусі". Але рэалізаваны праект усё ж не за дзяржаўны кошт. Мы пайшлі шляхам Францыска Скарыны, які меў мецэнатаў. Галоўным спонсарам стаў банк БелВЭБ. Над праектам працаваў міжнародны калектыў. Яго здзяйсненне фактычна зрабілася базай для з’яўлення ўсіх іншых выданняў, прысвечаных юбілею. Тут і персанальная энцыклапедыя "Францыск Скарына", і дзіцячая энцыклапедыя пра Скарыну ў трох тамах, напісаная нашым супрацоўнікам Алесем Сушай, і альбом «Сусветная спадчына Францыска Скарыны», і выданне перакладаў скарынаўскай прадмовы да кнігі Юдзіфі Выдавецкага дома "Звязда".

Выстаўка да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

2. Спадчына Скарыны стала даступнай любому жыхару Беларусі

– 1 верасня ў нашай бібліятэцы прэзентавалася поўнае выданне спадчыны Скарыны. Тады ж адбыўся сімвалічны акт перадачы камплектаў кніг тым, для каго асветнік у свой час іх выдаваў: моладзі. Цяпер ва ўсіх беларускіх вышэйшых навучальных установах ёсць спадчына першадрукара. Перадалі кнігі і пасольствам краін, дзе захоўваюцца яго выданні. Гэтай восенню правялі цырымоніі перадачы ва ўсіх абласных бібліятэках. Мы дамагаліся, каб кожны жыхар Беларусі змог прыйсці ў сваю раённую ці абласную бібліятэку і патрымаць у руках выданні Скарыны.

3. Скарына прэзентаваў нашу краіну ў свеце

– Была ў нас і задача паказаць Беларусь як дзяржаву з велізарнымі навуковымі, адукацыйнымі, духоўнымі традыцыямі. Разам з Міністэрствам замежных спраў мы распрацавалі цэлую праграму і правялі шмат знакавых міжнародных акцый. Напрыклад, ва Вроцлаве, на Міжнародным сусветным кангрэсе ІФЛА, арганізацыі, якая аб’ядноўвае ўсіх бібліятэкараў свету. Правялі круглы стол у Празе, дзе выйшла першая кніга Скарыны, усклалі кветкі да яго помніка і памятнага знака. Прэзентавалі выданне кніжнай спадчыны Скарыны ў ААН, у Ватыкане, у найбуйнейшых бібліятэках свету, такіх як Нацыянальная бібліятэка Вялікабрытаніі, Бібліятэка Кангрэса Злучаных Штатаў, Нацыянальная бібліятэка Кітая, Публічная бібліятэка Нью-Ёрка... Помню, у адной з такіх буйных бібліятэк, калі я падчас прэзентацыі назваў год выдання скарынаўскіх кніг, усе проста былі ашаломленыя, пачалі перапытваць: "Калі, калі?" З усведамленнем, што кнігадрукаванне краіны, пра якую яны так мала ведаюць, пачалося не пазней, чым у іх, мяняюцца адносіны і да нашага праекта, і да нашай дзяржавы. Прыходзіць разуменне, што Беларусь не на задворках гісторыі, а годна стаіць побач з іншымі краінамі і можа зрабіць унёсак у агульную скарбонку еўрапейскай культуры.

4. Устаноўлена дакладная колькасць захаваных кніг Скарыны

– Выданню скарынаўскай спадчыны папярэднічала вялікая навуковая праца. Мы з дапамогай калег з іншых краін правялі грунтоўнае выяўленне захаванай спадчыны вялікага палачаніна. Зараз дакладна ведаем, што ў свеце існуе 519 асобнікаў. Не трэба думаць, што ўсё гэта – дыхтоўныя кнігі ў пераплёце. Нават калі захавалася некалькі староначак, гэта лічыцца асобнікам. Найлепш захаваныя экзэмпляры – канвалют з адзінаццаці кніг у бібліятэцы Верхнялужыцкага ўніверсітэта.

Выстаўка да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання
5. Міжнародны кангрэс "500 гадоў беларускага кнігадрукавання"

– 14–15 верасня 2017 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіў міжнародны кангрэс. Колькасць зарэгістраваных удзельнікаў значна перавысіла магчымасці нашай залы. Акрамя нашых суайчыннікаў прыехала каля 120 прадстаўнікоў 24 замежных краін, усяго больш за 600 даследчыкаў. Гэта, як вы разумееце, не "адміністрацыйны рэсурс", гэта праяўленне шчырай цікавасці да тэмы. Напрыклад, вялікая дэлегацыя з Кітая на чале з дырэктарам нацыянальнай бібліятэкі гэтай краіны, дваццаць нашых калег са Злучаных Штатаў. Велізарны навуковы форум дазволіў абмеркаваць шмат праблем не толькі датычна Скарыны, але і ўвогуле захавання кніжнай спадчыны.

6. Выстаўка "Пяць стагоддзяў беларускага кнігадрукавання"

– Па ацэнцы замежных калег, такой выстаўкі ў Еўропе яшчэ ніхто не ладзіў. Мы вылучылі пад яе памяшканне ў 1,5 тыс. кв. м. У экспазіцыі былі такія рэдкія, вельмі каштоўныя кнігі, якіх звычайна на выстаўках трапляецца дзве-тры. А да нас прыслалі свае экспанаты Славенія, Славакія, Расія, Літва, Латвія, Польшча, Германія, Румынія. Кожная кніга – не толькі духоўны скарб, але і велізарная матэрыяльная каштоўнасць. Напрыклад, першая еўрапейская кніга – Біблія Гутэнберга. З Германіі ў пасляваенныя гады гэты рарытэт увогуле не вывозілі. Больш за 60 кніг, што сышлі з варштата Скарыны. З прыватнай калекцыі ў экспазіцыю патрапіла адно з першых друкаваных выданняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі – так званая Брэсцкая Біблія. Фактычна мы паказалі гісторыю друку ўсёй Еўропы. Старадрукі размясцілі ў храналогіі іх выдання. І атрымалася, што Скарына знаходзіцца ў цэнтры экспазіцыі не толькі таму, што свята прысвечана яму, а таму, што наш асветнік апынуўся ў цэнтры развіцця еўрапейскага кнігадрукавання. Прысутнічала і многа артэфактаў, такіх як рэканструкцыя першага друкарскага станка Скарыны.

Выстаўка да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання
7. Конкурс драматургіі

– Мы былі ініцыятарамі і ўдзельнікамі і тых мерапрыемстваў, якія выходзяць за кола прывычнай бібліятэчнай справы. Супрацоўнічалі і з банкам, які выпусціў манету да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, і з поштай, якая падрыхтавала спецыяльны канверт і маркі. Вельмі плённым аказалася супрацоўніцтва з кіно і тэлебачаннем. З’явіліся дакументальныя фільмы пра Скарыну – цяпер наша агульная задача іх папулярызаваць, каб іх паглядзелі не толькі спецыялісты. Паспяхова прайшоў конкурс на лепшую п’есу. Мы думалі, ну з’явіцца некалькі аўтараў... Але конкурс стаў міжнародным, свае творы дасылалі драматургі рознага ўзросту і розных творчых кірункаў. У выніку два спектаклі былі пастаўленыя на беларускай сцэне. Праз погляд сучасных аўтараў, рэжысёраў, акцёраў Скарына ажыў. І з завяршэннем юбілейнага года мы з ім не развітваемся. Францыск з Полацка застаецца з намі!

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня


Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам