Роўна праз тыдзень у сталіцы адкрыецца XXV Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш.
Штогод яна збірае на маштабнай пляцоўцы кнігавыдаўцоў, пісьменнікаў, знатакоў кніжнага мастацтва і проста аматараў чытання з усяго свету. У рамках форуму праходзяць прэзентацыі новых выданняў, сустрэчы з аўтарамі, музычна-літаратурныя вечары, сімпозіумы, аўтограф-сесіі, конкурсныя праграмы і многія іншыя цікавыя падзеі. З году ў год кніжная выстаўка-кірмаш “трымае марку”, павільёны не пустуюць, а ацаніць навінкі кніжнай індустрыі прыязджаюць людзі не толькі з іншых гарадоў, але і з суседніх краін.
Аднак усё часцей у грамадстве гучаць дыскусіі аб ролі кнігі ў сучасным свеце і нават закрадаецца думка пра тое, ці не стане XXI стагоддзе развітальным для друкаванага слова.
Якія кнігі будзе чытаць новае пакаленне – друкаваныя ці электронныя? Ці цікавасць да чытання літаратуры зусім знікне і верх над кнігай усё ж возьмуць інтэрнэт і сацыяльныя сеткі? А можа, пачынаецца новая эра ў развіцці кнігі і ў найбліжэйшай будучыні якаснае друкаванае выданне, як і ў часы Францыска Скарыны, стане элітным і не такім даступным?
Пытанняў вельмі шмат, гэтак жа як і меркаванняў. Пра тое, ці патрэбна кніга сёння, на днях разважалі ўдзельнікі ток-шоу “Ёсць пытанне!” з Вадзімам Гігіным на тэлеканале “БелРос”.
У тэлешоу ўзялі ўдзел аўтарытэтныя эксперты – дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, член Саюза пісьменнікаў Расіі Валерый Казакоў, дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Уладзімір Андрыевіч, вядомая пісьменніца Наталля Батракова, пісьменніца, драматург Дыяна Балыка, галоўны рэдактар часопіса “Нёман” Аляксей Чарота, сакратар Саюза пісьменнікаў Масквы Лола Званарова, аналітык Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі Іван Ляконцаў.