ГалоўнаяПаслугiВіртуальныя сервісыВіртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацыйМіжнародныя адукацыйныя і навуковыя праграмы, стыпендыі, грантыМіжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для спецыялістаў

Міжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для спецыялістаў

У гэтым раздзеле прапануецца інфармацыя пра замежныя і міжнародныя праграмы стыпендыяльнай падтрымкі для паслядыпломнай адукацыі, павышэння кваліфікацыі, прафесійнай стажыроўкі за мяжой, у якіх могуць удзельнічаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Вышаградская стыпендыяльная праграма

Вышаградскі фонд, заснаваны ўрадамі чатырох краін Цэнтральнай Еўропы, прапануе магістрантам і выпускнікам магістратуры магчымасць навучання і правядзення паслядыпломных даследчых праектаў ва ўніверсітэтах краін Вышаградскай групы: Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі. Для падачы заяўкі прэтэндэнтам неабходна загадзя выбраць акрэдытаваную навучальную ўстанову і прыкласці яе пісьмовае пацверджанне аб прыёме на навучанне. Працягласць праграм для магістрантаў складае 1–4 семестры, постмагістарскіх праграм – 1–2 семестры.

Прыём заявак: да 15 сакавіка (штогод).

Гранты Інстытута Генры Мура

Праграма грантаў Фонду Генры Мура (Вялікабрытанія) накіравана на падтрымку і развіццё мастацтва скульптуры, а таксама навуковых даследаванняў, якія спрыяюць яго шырокаму грамадскаму прызнанню. Фінансаванне можа прадстаўляцца для правядзення выстаў, лекцый, канферэнцый і іншых мерапрыемстваў, прысвечаных скульптуры, выдання каталогаў, кніг і часопісаў, набыцця і кансервацыі экспанатаў, ініцыятыў па стварэнні новых мастацкіх аб’ектаў. Акрамя таго, фондам прысуджаюцца гранты арганізацыям для працяглых навуковых даследаванняў і прыватным асобам для работы над індывідуальнымі навуковымі праектамі, уключаючы даследчыцкія візіты і гранты на падарожжы.

Прыём заявак: з 1 мая па 1 чэрвеня, з 1 жніўня па 1 верасня, з 1 лістапада па 1 снежня 2024 г., з 1 лютага па 1 сакавіка 2025 г.

Гранты на падарожжы – Фонды Бёрынгер Інгельхайм

Фонды Бёрынгер Інгельхайм (Германія) прапануюць гранты на падарожжы працягласцю да 3 месяцаў маладым даследчыкам, якія працуюць над магістарскімі, кандыдацкімі (PhD) або постдоктарскімі эксперыментальнымі праектамі ў галіне біямедыцыны. Праграма прызначана для фінансавання кароткатэрміновых паездак з мэтай правядзення даследаванняў у рамках праекту ці ўдзелу ў практычных навуковых семінарах у Еўропе і па-за яе межамі. На гранты могуць прэтэндаваць студэнты і аспіранты, якія паступілі ва ўніверсітэт не больш за 11 год таму, і даследчыкі з кандыдацкай ступенню, якія паступілі ва ўніверсітэт не больш за 13 год таму.

Прыём заявак: не пазней за 6 тыдняў і не раней за 6 месяцаў да планаванай паездкі.

Гранты Савета Канады па мастацтве

Праект Савета Канады па мастацтве, прысвечаны папулярызацыі мастацтва і культуры Канады за мяжой, прапануе фінансавую падтрымку ініцыятывам па перакладзе на замежныя мовы літаратурных і драматургічных твораў канадскіх аўтараў. Заяўкі прымаюцца ад літаратурных выдавецтваў, тэатральных калектываў, а таксама тэатральных, драматургічных або мульцідысцыплінарных арганізацый. Гранты на літаратурныя пераклады таксама пакрываюць маркетынгавыя і рэкламныя кошты выдання.

Прыём заявак: да 10 студзеня, 5 ліпеня і 25 верасня 2024 г.

Гранты Фонду імя Герды Хенкель на даследаванні ў галіне гуманітарных навук

Фонд імя Герды Хенкель прапануе фінансаванне даследчых стыпендый і праектаў у галіне гуманітарных навук для аспірантаў і ўладальнікаў кандыдацкай ступені, а таксама вучоных на далейшых ступенях навуковай кар’еры. Заяўкі на стыпендыі прымаюцца ад фізічных асоб; на фінансаванне даследчых праектаў – таксама ад навуковых калектываў, універсітэтаў і іншых навукова-даследчых арганізацый. Тэматыка праектаў – археалогія і гісторыя, уключаючы гісторыю мастацтва, навукі і права. Працягласць праграмы падтрымкі – ад 1 да 24 месяцаў.

Прыём заявак: да 22 мая і 22 лістапада 2024 года; на гранты памерам да 30000 еўра – на працягу цэлага года.

Марбахская стыпендыяльная праграма

Праграма стыпендыяльнай падтрымкі даследчыцкай працы з фондамі Нямецкага літаратурнага архіва ў Марбаху-на Некары для спецыялістаў з закончанай вышэйшай адукацыяй; магчымыя таксама кароткатэрміновыя стыпендыі для магістрантаў. Дадаткова архіў прапануе тэматычныя гранты, якія фінансуюцца партнёрскімі інстытутамі і арганізацыямі. Падаючы заяўку, прэтэндэнты мусяць у ёй абгрунтаваць неабходнасць працы з унікальнымі фондамі архіва, бібліятэкі, інфармацыйнага цэнтра ці калекцыі твораў мастацтва. Заяўкі могуць падавацца на нямецкай або англійскай мове.

Прыём заявак: да 31 сакавіка і да 30 верасня (штогод).

Міжнародная стыпендыяльная праграма для аспірантаў SINGA (Сінгапур)

Стыпендыяльная праграма SINGA прапануе выпускнікам ВНУ магчымасць навучацца і праводзіць навуковыя даследаванні ў інстытутах Агенцтва навукі, тэхналогій і даследаванняў A*STAR і чатырох вядучых універсітэтах Сінгапура. Меркаваныя галіны даследаванняў – біямедыцына, інфармацыйна-вылічальныя тэхналогіі, інжынерна-тэхнічныя і прыродазнаўчыя навукі. Неабходны добры ўзровень валодання англійскай мовай. Пасля паспяховага заканчэння навучання ўдзельнікам праграмы прысвойваецца ступень PhD адным з універсітэтаў. Працягласць праграмы – да 4 гадоў.

Прыём заявак: да 1 чэрвеня 2024 г. (да 23:59 GMT+8).

Постдоктарскія стыпендыі імя Макса Вебера

Стыпендыяльная праграма Еўрапейскага ўніверсітэцкага інстытута (Італія) прызначана для даследчыкаў, якія атрымалі кандыдацкую ступень (PhD) на момант пачатку праграмы, але не больш за 5 гадоў назад. Меркаваная галіна навуковай дзейнасці: палітычныя і грамадскія навукі, эканоміка, права, гісторыя. Працягласць праграмы: 1–2 гады; у некаторых выпадках – да 3 гадоў. Для стыпендыятаў дэпартаментаў палітычных і грамадскіх навук і эканомікі прадугледжана таксама магчымасць гадавога выкладчыцкага кантракту. Працоўная мова праграмы – англійская.

Прыём заявак: да 18 кастрычніка (штогод).

Постдоктарскія стыпендыі EMBO

Еўрапейская арганізацыя малекулярная біялогіі (EMBO) прапануе стыпендыяльную падтрымку перспектыўным даследчыкам у галіне навук аб жыцці. Тэматыка праектаў можа датычыцца вывучэння механізмаў, якія стаяць за біялагічнымі феноменамі як на малекулярным, так і на больш высокіх узроўнях арганізацыі. Міжнародная мабільнасць з’яўляецца абавязковым кампанентам праграмы. Да ўдзелу запрашаюцца прэтэндэнты, якія атрымалі кандыдацкую ступень у перыяд не больш за 2 гады да моманту падачы заяўкі і маюць як мінімум адну публікацыю ў міжнародным рэцэнзаваным навуковым часопісе. Працягласць праграмы: 1–2 гады.

Прыём заявак: да 2-й пятніцы лютага і да 2-й пятніцы жніўня на працягу года.

Праграмы грантаў Фонда Ісібасі (Японія)

Фонд Ісібасі прапануе падтрымку некамерцыйным культурным і адукацыйным ініцыятывам, уключаючы замежныя праекты, прысвечаныя культуры і мастацтву Японіі. Гранты могуць прысуджацца для правядзення выстаў, выдання навуковых часопісаў, арганізацыі культурных мерапрыемстваў і сімпозіумаў, а таксама ініцыятыў, закліканых павысіць стандарты адукацыі і пашырыць магчымасці адукацыйных устаноў. Фінансавая падтрымка можа аказвацца для праекта ў цэлым або на працягу некалькіх год яго існавання.

Прыём заявак: да канца студзеня і да конца ліпеня кожнага года.

Стажыроўка ва Упраўленні Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) прапануе праграму стажыроўкі, накіраваную на павышэнне дасведчанасці ў галіне праў чалавека на міжнародным узроўні і фарміраванне ўяўлення пра дзейнасць ААН. Працягласць стажыроўкі – ад 2 да 6 месяцаў. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты старэйшых курсаў і выпускнікі ВНУ па спецыяльнасцях: міжнароднае права, паліталогія, гісторыя, сацыялогія. Кандыдаты павінны валодаць хаця б дзвюма з шасці афіцыйных моў ААН.

Прыём заявак: да 30 красавіка і да 31 кастрычніка (штогод).

Стажыроўка ў Інтэрполе

Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі (Інтэрпол) праводзіць набор студэнтаў на стажыроўкі, якія будуць праходзіць у Генеральным сакратарыяце арганізацыі ў Ліёне (Францыя) або ў рэгіянальных бюро. Стажоры атрымаюць магчымасць азнаёміцца з дзейнасцю Інтэрпола, даведацца пра прынцыпы міжнароднага паліцэйскага супрацоўніцтва і папрацаваць у мультыкультурным асяроддзі. Працягласць стажыровак – ад 6 да 11 месяцаў. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты або выпускнікі ВНУ па дысцыплінах, сумежных з дзейнасцю Інтэрпола.

Прыём заявак – на працягу года.

Стыпендыі Каталіцкага фонду акадэмічных абменаў (Германія)

Каталіцкі фонд акадэмічных абменаў у рамках праграмы “Усходняя Еўропа” прапануе стыпендыі для навучання, павышэння навуковай кваліфікацыі або правядзення даследаванняў у Германіі для студэнтаў-хрысціян, выпускнікоў ВНУ і маладых вучоных з Беларусі. Стыпендыяты могуць самастойна выбраць навучальную ці навуковую ўстанову Германіі. Абмежаванняў у выбары спецыяльнасці або дысцыпліны няма. Патрабуецца добрае веданне нямецкай мовы.

Прыём заявак: да 15 студзеня і да 30 чэрвеня (штогод).

Стыпендыяльная праграма музея Вулфсаніен-ФМУ

Музей Вулфсаніен Флорыдскага міжнароднага ўніверсітэта (г. Маямі-Біч, ЗША) прапануе стыпендыяльную падтрымку навуковым даследаванням у розных акадэмічных дысцыплінах, звязаным з яго мастацкімі калекцыямі і фондамі. Праграма прызначана для ўладальнікаў ступені магістра, кандыдата (PhD) або аспірантаў, якія працуюць над кандыдацкай ступенню, а таксама для спецыялістаў са значным унёскам і досведам працы ў адпаведных галінах. Фінансаванне таксама пакрывае выдаткі на пражыванне і дарогу ў абодва бакі. Стандартная працягласць даследчыцкага візіту – 3–4 тыдні; даты візіту абмяркоўваюцца індывідуальна.

Прыём заявак: да 31 снежня (штогод).

Бібліятэкарам