ГалоўнаяПаслугiВіртуальныя сервісыВіртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацыйМіжнародныя адукацыйныя і навуковыя праграмы, стыпендыі, грантыМіжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для студэнтаў

Міжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для студэнтаў

У гэтым раздзеле прапануецца інфармацыя пра замежныя і міжнародныя праграмы акадэмічнай мабільнасці, конкурсы стыпендый і грантаў для навучання за мяжой, у якіх могуць удзельнічаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Вышаградская стыпендыяльная праграма

Вышаградскі фонд, заснаваны ўрадамі чатырох краін Цэнтральнай Еўропы, прапануе магістрантам і выпускнікам магістратуры магчымасць навучання і правядзення паслядыпломных даследчых праектаў ва ўніверсітэтах краін Вышаградскай групы: Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі. Для падачы заяўкі прэтэндэнтам неабходна загадзя выбраць акрэдытаваную навучальную ўстанову і прыкласці яе пісьмовае пацверджанне аб прыёме на навучанне. Працягласць праграм для магістрантаў складае 1–4 семестры, постмагістарскіх праграм – 1–2 семестры.

Прыём заявак да 15 сакавіка (штогод).

Гранты на падарожжы – Фонды Бёрынгер Інгельхайм

Фонды Бёрынгер Інгельхайм (Германія) прапануюць гранты на падарожжы працягласцю да 3 месяцаў маладым даследчыкам, якія працуюць над магістарскімі, кандыдацкімі (PhD) або постдоктарскімі эксперыментальнымі праектамі ў галіне біямедыцыны. Праграма прызначана для фінансавання кароткатэрміновых паездак з мэтай правядзення даследаванняў у рамках праекту ці ўдзелу ў практычных навуковых семінарах у Еўропе і па-за яе межамі. На гранты могуць прэтэндаваць студэнты і аспіранты, якія паступілі ва ўніверсітэт не больш за 11 год таму, і даследчыкі з кандыдацкай ступенню, якія паступілі ва ўніверсітэт не больш за 13 год таму.

Прыём заявак: не пазней за 6 тыдняў і не раней за 6 месяцаў да планаванай паездкі.

Міжнародная пераддыпломная праграма SIPGA (Сінгапур)

Праграма SIPGA прызначана для студэнтаў старэйшых курсаў і магістрантаў, жадаючых прайсці пераддыпломную практыку ў навукова-даследчыцкіх інстытутах Агенцтва навукі, тэхналогій і даследаванняў A*STAR (Сінгапур). Меркаваныя галіны даследаванняў – біямедыцына, інфармацыйна-вылічальныя тэхналогіі, інжынерна-тэхнічныя і прыродазнаўчыя навукі, уключаючы міждысцыплінарныя праекты. Неабходны добры ўзровень валодання вуснай і пісьмовай англійскай мовай. Працягласць стажыроўкі – ад 2 да 6 месяцаў.

Прыём заявак: на працягу цэлага года; не пазней за 4 месяцы да пачатку меркаванай стажыроўкі.

Нацыянальная стыпендыяльная праграма Славацкай Рэспублікі

Стыпендыя ўрада Славацкай Рэспублікі створана для падтрымкі мабільнасці замежных студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, аспірантаў, вучоных і дзеячаў мастацтва і вылучаецца для праходжання вучэбнай, выкладчыцкай, навукова-даследчай або мастацкай стажыроўкі ў ВНУ і навукова-даследчых арганізацыях Славакіі.

Прыём заявак:

  • да 31 кастрычніка – для стажыроўкі на працягу летняга семестра бягучага навучальнага года;
  • да 30 красавіка – для стажыроўкі на працягу наступнага навучальнага года.

Стажыроўка ва Упраўленні Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) прапануе праграму стажыроўкі, накіраваную на павышэнне дасведчанасці ў галіне праў чалавека на міжнародным узроўні і фарміраванне ўяўлення пра дзейнасць ААН. Працягласць стажыроўкі – ад 2 да 6 месяцаў. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты старэйшых курсаў і выпускнікі ВНУ па спецыяльнасцях: міжнароднае права, паліталогія, гісторыя, сацыялогія. Кандыдаты павінны валодаць хаця б дзвюма з шасці афіцыйных моў ААН.

Прыём заявак да 30 красавіка і да 31 кастрычніка (штогод).

Стажыроўка ў Інтэрполе

Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі (Інтэрпол) праводзіць набор студэнтаў на стажыроўкі, якія будуць праходзіць у Генеральным сакратарыяце арганізацыі ў Ліёне (Францыя) або ў рэгіянальных бюро. Стажоры атрымаюць магчымасць азнаёміцца з дзейнасцю Інтэрпола, даведацца пра прынцыпы міжнароднага паліцэйскага супрацоўніцтва і папрацаваць у мультыкультурным асяроддзі. Працягласць стажыровак – ад 6 да 11 месяцаў. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты або выпускнікі ВНУ па дысцыплінах, сумежных з дзейнасцю Інтэрпола.

Прыём заявак – на працягу года.

Стыпендыі Каталіцкага фонду акадэмічных абменаў (Германія)

Каталіцкі фонд акадэмічных абменаў у рамках праграмы “Усходняя Еўропа” прапануе стыпендыі для навучання, павышэння навуковай кваліфікацыі або правядзення даследаванняў у Германіі для студэнтаў-хрысціян, выпускнікоў ВНУ і маладых вучоных з Беларусі. Стыпендыяты могуць самастойна выбраць навучальную ці навуковую ўстанову Германіі. Абмежаванняў у выбары спецыяльнасці або дысцыпліны няма. Патрабуецца добрае веданне нямецкай мовы.

Прыём заявак да 15 студзеня і 30 чэрвеня (штогод).

Бібліятэкарам