ГалоўнаяПра бiблiятэкуГiсторыя бiблiятэкi

Гiсторыя бiблiятэкi

Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ) была заснавана Пастановай Савета Народных Камісараў БССР ад 15 верасня 1922 г. як Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка. Яна ўваходзіла ў склад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), але выконвала ўсе функцыі галоўнай бібліятэкі рэспублікі. Першым дырэктарам бібліятэкі стаў Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі, які ўзначальваў яе амаль 40 гадоў.

І.Б. Сіманоўскі – першы дырэктар бібліятэкі (1926 г.)

На момант адкрыцця фонды бібліятэкі налічвалі ўсяго 60 тыс. экзэмпляраў, якімі карысталіся 1,1 тыс. чалавек. Але ўжо ў 1926 г. 5,5 тыс. чытачоў маглі карыстацца 300-тысячным фондам, што ўяўляў сабой найбуйнейшы ўніверсальны бібліятэчны збор па ўсіх галінах ведаў, і ў першую чаргу па беларусазнаўчай тэматыцы. Пастаяннымі карыстальнікамі бібліятэкі сталі дзеячы мастацтва і навукі БССР, прадстаўнікі дзяржаўных, партыйных і грамадскіх арганізацый. Бібліятэка становіцца актыўным удзельнікам культурна-нацыянальнага будаўніцтва, працэсаў беларусізацыі, развіцця дзяржаўнай структуры.
Першы будынак Нацыянальнай бібліятэкі  – Юбілейны дом

Такое пашырэнне функцый, рост фондаў, павелічэнне актыўнасці чытачоў патрабавалі змены статусу бібліятэкі. Пастановай СНК БССР ад 14 мая 1926 г. бібліятэка была выведзена са складу БДУ і рэарганізавана ў Беларускую дзяржаўную бібліятэку. Гэтай жа пастановай бібліятэцы надавалася права адкрыцця сваіх філіялаў у гарадах краіны. Абласныя філіялы, што адкрыліся ў Віцебску, Магілёве, Гомелі, а таксама пры Доме ўрада ў Мінску, утварылі сістэму буйных цэнтральных публічных бібліятэк рэспублікі. У далейшым на іх базе былі арганізаваны Урадавая (цяпер Прэзідэнцкая) і абласныя бібліятэкі.

У 1932 г. у сувязі з 10-годдзем бібліятэкі ёй было прысвоена імя У.І. Леніна. У тым жа годзе бібліятэка атрымала новы будынак, што стаў яе абліччам на наступныя 70 гадоў. Аўтарам праекта стаў вядучы беларускі архітэктар Г. Лаўроў, які прапанаваў цікавае рашэнне ў модным тады канструктывісцкім стылі. У складзе бібліятэкі быў арганізаваны Бібліяграфічны інстытут БССР.

На пачатак 1941 г. у фондзе бібліятэкі было ўжо больш за 2 млн тамоў, колькасць чытачоў складала 15 тыс. чалавек. Далейшае яе развіццё было перапынена Другой сусветнай вайной. Баявыя дзеянні і тры гады акупацыі практычна цалкам знішчылі бібліятэку. Пасля вызвалення Мінска з двухмільённага фонду бібліятэкі засталося толькі 320 тыс. экзэмпляраў. Падчас вайны было знішчана багатае спецыяльнае абсталяванне бібліятэкі. Захаваўся толькі будынак у вельмі пашкоджаным стане. Трэба было ствараць дзяржаўную бібліятэку другі раз за чвэрць стагоддзя.

Будынак бібліятэкі. Аўтар праекта  –
Г. Лаўроў
Яшчэ ў 1943 г. пры эвакуіраванай Акадэміі навук БССР у Маскве была створана рабочая група па фарміраванні кніжнага фонду. Велізарная дапамога ва ўзнаўленні фонду, як і ў першапачатковай яго арганізацыі, была аказана шматлікімі бібліятэкамі саюзных рэспублік. У ліпені 1944 г., адразу пасля вызвалення Мінска, было прынята ўрадавае рашэнне аб узнаўленні працы бібліятэкі, а ў кастрычніку 1944 г. адкрыліся яе чытальныя залы.

З вясны 1945 г. пачаўся сістэматычны пошук вывезеных кніг у Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі. У 1947 г. фонды бібліятэкі былі колькасна адноўлены і дасягнулі даваеннага ўзроўню, хоць шматлікія лакуны ў іх не атрымалася запоўніць дагэтуль.

Праца бібліятэкі ў 1950 - 1980-я гг. адзначана сталым павелічэннем аб’ёму фондаў, ростам ліку чытачоў, развіццём міжнародных сувязей, арганізацыйнымі зменамі, што адлюстроўваюць новыя функцыі бібліятэкі. У 1962 г. бібліятэка атрымала новы корпус на вуліцы Кірава, які дазволіў часова вырашыць праблему з недахопам рабочых плошчаў для працы чытачоў і захоўвання фондаў.

Новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У 1972 г. у сувязі з 50-гадовым юбілеем бібліятэка была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга – вышэйшай грамадскай і дзяржаўнай узнагародай савецкай краіны.

Пасля набыцця Рэспублікай Беларусь дзяржаўнай незалежнасці і суверэнітэту бібліятэка ўзначаліла бібліятэчную сістэму краіны. Змена яе статусу, павышэнне значнасці ў культурным і сацыяльным развіцці дзяржавы і нацыі адлюстравалася ў перанайменні 19 мая 1992 г. Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Да гэтага часу вострай стала неабходнасць узвядзення для бібліятэкі новага збудавання. Яшчэ ў 1989 г. быў праведзены міжнародны конкурс на лепшае архітэктурнае рашэнне будынка. Пераможцам конкурсу стаў праект творчага калектыву М.К. Вінаградава і У.У. Крамарэнкі, якія прапанавалі арыгінальнае спалучэнне функцыянальнасці і эфектнасці "беларускага дыямента". Але праект быў рэалізаваны толькі праз 13 гадоў.

7 сакавіка 2002 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ «Аб будаўніцтве будынка дзяржаўнай установы "Нацыянальная бібліятэка Беларусі"». Закладка падмурка новага будынка бібліятэкі адбылася 1 лістапада 2002 г.

Больш падрабязна пра будаўніцтва можна даведацца на сайце "Новое здание Национальной библиотеки Беларуси" .

Бібліятэкарам