ГалоўнаяПра бiблiятэкуГiсторыя бiблiятэкiДзяржаўная бібліятэка імя У.І. Леніна (1926–1941 гг.)

Бібліятэка ў даваенны перыяд (1926–1941 гг.)

Другую палову 1920-х гг. гісторыкі і культуролагі называюць "другім беларускім рэнесансам". У гэты час сфарміравалася сучасная беларуская мова, былі створаны і інстытуалізаваны беларуская нацыянальная навука і культура, адукацыя, зацвердзілася ўстойлівая сістэма дзяржаўнай улады. У гэтых працэсах прыкметную ролю адыграла і Дзяржаўная бібліятэка. Бібліятэка займалася зборам і захоўваннем нацыянальнай дакументальнай спадчыны, у яе складзе праводзілі работу важныя цэнтры нацыянальнай культуры – Беларуская кніжная палата, беларускі аддзел, Беларускае бібліяграфічнае бюро.

Асноўныя задачы бібліятэкі вызначаліся статутам, зацверджаным у маі 1926 г. На яе ўскладаліся функцыі збору і захоўвання твораў друку і пісьменнасці па ўсіх галінах ведаў, іх сістэматызацыя і бібліяграфічная апрацоўка, вядзенне дзяржаўнай рэгістрацыі твораў друку БССР і абслугоўванне кнігамі і бібліяграфічнымі матэрыяламі дзяржаўных і навучальвых устаноў і грамадзян. Асаблівая ўвага надавалася збору і бібліяграфічнай апрацоўцы літаратуры па беларусазнаўчай тэматыцы. Бібліятэка стала галоўным цэнтрам захоўвання нацыянальных дакументаў і дакументаў аб Беларусі.

Інфармацыя праходзіла бібліяграфічную апрацоўку, сістэматызавалася і падавалася ў распараджэнне чытачоў, значную частку якіх складалі наведвальнікі з дзяржаўных, партыйных і грамадскіх устаноў і арганізацый рэспублікі. Пастаянна карысталіся фондамі бібліятэкі Інстытут беларускай культуры, Дзяржаўная планавая камісія БССР, Камуністычны ўніверсітэт Беларусі і інш. Бібліятэка стала актыўным удзельнікам дзяржаўнага будаўніцтва, што дазволіла І. Сіманоўскаму абгрунтаваць тэзіс аб тым, што "сучасная дзяржаўная бібліятэка з´яўляецца не толькі цэнтральнай дзяржаўнай навуковай установай і нацыянальным кнігасховішчам, але і састаўной часткай дзяржаўнага апарату ў якасці органа дзяржаўнай дакументацыі і інфармацыі".

Рост значэння бібліятэкі, пастаяннае павелічэнне колькасці наведвальнікаў, развіццё кніжных фондаў актуалізавалі ў канцы 1920-х гг. праблему недахопу месца ў Юбілейным доме для размяшчэння кніг і арганізацыі чытальных залаў. Асобая камісія Наркамасветы БССР, прааналізаваўшы сітуацыю, прыйшла да высновы аб неабходнасці ўзвядзення новага будынка для бібліятэкі. Па выніках работы камісіі Савет Народных Камісараў БССР у 1929 г. прымае рашэнне аб будаўніцтве бібліятэчнага корпуса па Чырвонаармейскай вуліцы. Вядучы беларускі архітэктар Г. Лаўроў стаў аўтарам праекта, у якім спалучаліся максімальная функцыянальнасць будынка і імкненне "выказаць яго асобы грамадскі характар і прызначэнне як будынка першага разраду, занятага Бе­ларускай дзяржаўнай публічнай бібліятэкай, што павінен быць аб´ектам велізарнай важнасці як праваднік культуры і ведаў".

Будынак бібліятэкі, узведзены па праекце Г. Лаўрова (1932 г.)

Новы будынак бібліятэкі быў адкрыты да яе дзесяцігадовага юбілею, адзначанага ў 1932 г. Гэтую падзею бібліятэка сустрэла значнымі дасягненнямі. За дзесяць гадоў працы дакументальны фонд павялічыўся да 1 млн дакументаў, лік наведвальнікаў склаў 9 тыс. чалавек, разгорнутая структура дазваляла аптымізаваць работу з кнігамі і абслугоўванне чытачоў, навукова-метадычную і бібліяграфічную дзейнасць. Паспяховая праца бібліятэкі была адзначана прысваеннем ёй у 1932 г. ганаровага імя У.І. Леніна і рэарганізацыяй у Дзяржаўную бібліятэку і Бібліяграфічны інстытут БССР.

Адначасова з развіццём уласных фондаў бібліятэка вырашала задачы, звязаныя з развіццём усёй бібліятэчнай сістэмы краіны. Статус Дзяржаўнай бібліятэкі даваў ёй магчымасць адкрываць уласныя філіялы ў іншых гарадах Беларусі. Так быў пакладзены пачатак стварэння іерархічнай сеткі буйных бібліятэк на тэрыторыі ўсёй рэспублікі – філіялы бібліятэкі былі адкрыты ў Віцебску (у 1929 г.), Магілёве (1935 г.), Гомелі (1933 г.), а таксама пры Доме Урада (1933 г.). Пасля рэформы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення БССР у 1938 г. усе яны былі ператвораны ў абласныя бібліятэкі і Урадавую бібліятэку імя М. Горкага ў Мінску (сёння яна мае статут Прэзідэнцкай). Сістэма абласных бібліятэк рэспублікі набыла завершаны выгляд пасля рэарганізацыі Мінскай гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна і стварэння ў 1940 г., адразу пасля далучэння заходніх тэрыторый, бібліятэк у Гродна і Брэсце.

Для каардынацыі працы бібліятэк рэспублікі і аказанні інструкцыйна-метадычнай дапамогі, падрыхтоўкі метадычных матэрыялаў у 1934 г. быў створаны метадычны сектар, праз тры гады ператвораны ў метадычны кабінет (зараз метадычная работа з´яўляецца адной з функцый навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства). Дзяржаўная бібліятэка ініцыявала шэраг навацый у арганізацыі міжбібліятэчнага абанемента (МБА): БССР стала першай савецкай рэспублікай, у якой быў уведзены шматузроўневы парадак перасылкі заказаў па МБА – ад сельскай да рэспубліканскай бібліятэкі. Раней МБА выкарыстоўваўся галоўным чынам сярод спецыяльных бібліятэк БССР і саюзных рэспублік.

Галоўная чытальная зала


Статуя У.І. Леніна ў фае бібліятэкі
На працягу 1920–30-х гг. бібліятэка дасягнула значных поспехаў. У 1941 г. яе фонд склаў ужо 2 млн дакументаў, якімі карысталіся 15 тыс. чытачоў. Бібліятэка займала пятае месца па аб´ёме фондаў і чацвёртае па колькасці кнігавыдач сярод трыццаці найбуйнейшых бібліятэк Саюза ССР. Яна стала галоўнай бібліяграфічнай установай і метадычным цэнтрам рэспублікі. Па заключэнні камісіі СНК БССР, "значэнне Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна ў галіне навукова-даследчай работы, бібліяграфіі і бібліятэказнаўства пераўзыходзіць межы БССР і мае безумоўную значнасць для бібліятэчнай справы ва ўсесаюзным маштабе".

У гэтыя гады бібліятэка набыла новы будынак, праца ў якім была адзначана дынамічным развіццём, ростам фондаў, стварэннем бібліятэчнай сеткі краіны, узмацненнем ідэалагічнай функцыі бібліятэкі. Але мірнае жыццё было перапынена сусветнай вайной раніцай 22 чэрвеня 1941 г.

Бібліятэкарам