ГалоўнаяПра бiблiятэкуСтатут

Статут

дзяржаўнай установы "Нацыянальная бібліятэка Беларусі"

Глава 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

1. Дзяржаўная ўстанова "Нацыянальная бібліятэка Беларусі" (далей – Бібліятэка) з’яўляецца дзяржаўнай, рэспубліканскай, публічнай бібліятэкай, носьбітам агульначалавечых каштоўнасцей, скарбніцай здабыткаў беларускага народа, яго нацыянальнай памяці. Бібліятэка не можа быць перапрафілявана.

2. Бібліятэка створана на нявызначаны тэрмін, дзейнічае ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і сапраўдным Статутам.

3. Заснавальнікам Бібліятэкі з’яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

4. Бібліятэка падпарадкоўваецца Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь.

5. Поўнае найменне Бібліятэкі:

  • на беларускай мове – дзяржаўная ўстанова "Нацыянальная бібліятэка Беларусі";
  • на рускай мове – государственное учреждение "Национальная библиотека Беларуси";

скарочанае найменне Бібліятэкі:

  • на беларускай мове – Нацыянальная бібліятэка Беларусі;
  • на рускай мове – Национальная библиотека Беларуси.

6. Бібліятэка з’яўляецца юрыдычнай асобай, якая мае ў аператыўным кіраванні адасобленую маёмасць, нясе самастойную адказнасць па сваіх абавязках, можа ад свайго імя набываць маёмасныя і асабістыя немаёмасныя правы і несці абавязкі, быць ісцом і адказчыкам у судзе, мае рахункі ў банках, у тым ліку валютныя, круглую пячатку з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і сваім найменнем, штампы, бланкі, уласную сімволіку.

7. Бібліятэка з’яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй, якая створана ўласнікам для дасягнення сацыяльна-культурных мэт, задавальнення духоўных і іншых нематэрыяльных патрэбнасцей грамадзян, выканання іншых функцый некамерцыйнага характару ў сферы культуры ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і сапраўдным Статутам.

8. Бібліятэка нясе адказнасць па сваіх абавязках грашовымі сродкамі, якія знаходзяцца ў яе распараджэнні. Пры іх недастатковасці субсідыярную адказнасць па яе абавязках нясе ўласнік маёмасці Бібліятэкі.

9. Месцазнаходжанне Бібліятэкі:
г. Мінск, прасп. Незалежнасці, 116.

10. Бібліятэка можа выступаць у якасці ўдзельніка гаспадарчага таварыства і ўкладчыка ў камандзітным таварыстве з дазволу ўласніка (або ўпаўнаважанага ім органа), з’яўляцца заснавальнікам фондаў і іншых юрыдычных асоб у парадку, які вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і сапраўдным Статутам.

11. Бібліятэка задавальняе ўніверсальныя інфармацыйныя патрэбнасці карыстальнікаў бібліятэкі і з’яўляецца:

  • рэспубліканскім інфармацыйным і сацыякультурным цэнтрам;
  • рэспубліканскім цэнтрам па каардынацыі і кааперацыі дзейнасці бібліятэк па набыцці, стварэнні, фарміраванні і ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў;
  • рэспубліканскім галіновым цэнтрам інфармацыі па культуры;
  • нацыянальным цэнтрам міжбібліятэчнага абанемента, цэнтрам дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў;
  • рэспубліканскім навукова-метадычным цэнтрам па бібліятэчнай справе;
  • навуковай установай па бібліятэказнаўстве, бібліяграфазнаўстве, кнігазнаўстве;
  • рэспубліканскім дэпазітарыем матэрыялаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, іншых міжнародных арганізацый і міждзяржаўных утварэнняў;
  • каардынацыйным і метадычным цэнтрам сукупнай сеткі бібліятэк, каардынацыйным і метадычным цэнтрам рэспубліканскага ўзроўню сеткі публічных бібліятэк.

12. Бібліятэка мае права:

  • самастойна вызначаць змест, формы і метады сваёй дзейнасці ў адпаведнасці з мэтамі, задачамі і функцыямі, замацаванымі ў сапраўдным Статуце;
  • вызначаць крыніцы камплектавання бібліятэчных фондаў;
  • ажыццяўляць дзейнасць, якая прыносіць даход, у тым ліку аказваць платныя паслугі;
  • фарміраваць абменныя бібліятэчныя фонды;
  • выключаць і рэалізоўваць дакументы з бібліятэчных фондаў;
  • устанаўліваць па ўзгадненні з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь правілы карыстання Бібліятэкай, парадак рэгістрацыі карыстальнікаў Бібліятэкі;
  • вызначаць залогавы кошт найбольш каштоўных выданняў пры іх выдачы, а таксама ў іншых выпадках, устаноўленых правіламі карыстання Бібліятэкай;
  • прымаць меры па кампенсацыі ўрону, нанесенага карыстальнікамі Бібліятэкі, у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам;
  • вызначаць умовы выкарыстання бібліятэчных фондаў на падставе дагавораў з юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі;
  • удзельнічаць у рэалізацыі дзяржаўных і іншых праграм, накіраваных на захаванне, развіццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры;
  • супрацоўнічаць з замежнымі бібліятэкамі, замежнымі і міжнароднымі юрыдычнымі асобамі, у тым ліку весці міжнародны дакументаабмен, уваходзіць ва ўстаноўленым парадку ў міжнародныя арганізацыі, удзельнічаць у рэалізацыі міжнародных праграм;
  • аб’ядноўвацца ў бібліятэчныя асацыяцыі (саюзы);
  • набываць, ствараць, фарміраваць і выкарыстоўваць інфармацыйныя рэсурсы;
  • ажыццяўляць збор дакументаў у электронным выглядзе, пры неабходнасці ствараць копіі дакументаў у электронным выглядзе з выкананнем патрабаванняў заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах;
  • часова вывозіць дакументы з бібліятэчных фондаў за межы краіны ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
  • выкарыстоўваць у рэкламных ці іншых мэтах уласнае найменне, сімволіку, выявы свайго будынка, рэпрадукцыі культурных каштоўнасцей, якія захоўваюцца ў бібліятэчным фондзе;
  • праводзіць культурна-асветную работу і культурна-адукацыйную дзейнасць, звязаную з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі матэрыяламі, а таксама гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі;
  • выяўляць прадметы музейнага значэння, камплектаваць музейныя фонды, ажыццяўляць улік, захоўванне, вывучэнне і папулярызацыю музейных прадметаў, выкарыстоўваць іх для эстэтычнага выхавання і культурнага развіцця грамадзян;
  • страхаваць сваю маёмасць;
  • засноўваць сродкі масавай інфармацыі;
  • ажыццяўляць унутрырэспубліканскі дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў, міжнародны дакументаабмен.

Бібліятэка мае іншыя правы, прадугледжаныя актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

13. Бібліятэка абавязана:

  • садзейнічаць забеспячэнню правоў карыстальнікаў Бібліятэкі, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
  • абслугоўваць карыстальнікаў Бібліятэкі ў адпаведнасці з сапраўдным Статутам і правіламі карыстання Бібліятэкай;
  • не выкарыстоўваць звесткі аб карыстальніках Бібліятэкі і іх запытах у іншых мэтах, акрамя навуковых і бібліятэчных;
  • садзейнічаць доступу карыстальнікаў Бібліятэкі да нацыянальных і сусветных баз даных;
  • забяспечваць захаванасць бібліятэчных фондаў;
  • пры наяўнасці ў бібліятэчных фондах кніжных помнікаў забяспечыць іх захаванасць і ўключэнне ў Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, іншыя зводныя каталогі, базы даных;
  • пры прадастаўленні карыстальнікам Бібліятэкі актуальнай прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь забяспечваць магчымасць доступу да эталоннай прававой інфармацыі.

Бібліятэка мае іншыя абавязкі, прадугледжаныя актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

14. Бібліятэчны фонд Бібліятэкі з’яўляецца агульнадаступным. Абмежаванні па яго выкарыстанні вызначаюцца толькі ў мэтах аховы кніжных помнікаў, а таксама ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.

15. Змяненні і дапаўненні ў сапраўдны Статут уносяцца у выпадках і тэрміны, якія устаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

16. Рэарганізацыя або ліквідацыя Бібліятэкі ажыццяўляецца ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку.

Глава 2
МЭТА, ЗАДАЧЫ, ФУНКЦЫI I ВIДЫ ДЗЕЙНАСЦI БIБЛIЯТЭКI

17. Асноўнай мэтай дзейнасці Бібліятэкі з’яўляецца задавальненне ўніверсальных інфармацыйных патрабаванняў карыстальнікаў бібліятэк.

18. Асноўнымі задачамі Бібліятэкі з’яўляюцца:

  • камплектаванне бібліятэчных фондаў дакументамі і забеспячэнне іx захаванасці;
  • ажыццяўленне апрацоўкі дакументаў, стварэнне даведачна-бібліяграфічнага апарату;
  • забеспячэнне бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў Бібліятэкі згодна з іх патрэбнасцямі і інтарэсамі;
  • выяўленне прадметаў музейнага значэння, камплектаванне музейных фондаў, улік, захоўванне, вывучэнне і папулярызацыя музейных прадметаў, выкарыстанне іх для эстэтычнага выхавання і культурнага развіцця грамадзян;
  • правядзенне культурна-асветнай работы, накіраванай на садзейнічанне культурнаму развіццю карыстальнікаў Бібліятэкі;
  • навукова-даследчая дзейнасць у сферы бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, кнігазнаўства;
  • каардынацыя дзейнасці бібліятэк па фарміраванні адзінай інфармацыйнай прасторы.

19. У адпаведнасці з асноўнымі задачамі Бібліятэка выконвае наступныя асноўныя функцыі:

  • фарміруе, зберагае, пастаянна захоўвае і прадастаўляе карыстальнікам Бібліятэкі найбольш поўны збор айчынных дакументаў і беларусікі, навукова значных замежных дакументаў;
  • арганізуе доступ да нацыянальных і сусветных баз даных;
  • фарміруе абменныя бібліятэчныя фонды для ажыццяўлення дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, міжнароднага дакументаабмену;
  • забяспечвае каардынацыю ўзаемадзеяння бібліятэк з органамі навуковай інфармацыі, архівамі, музеямі і іншымі юрыдычнымі асобамі па ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў, вядзенні зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі;
  • набывае ў першачарговым парадку бібліятэчныя зборы ў вядомых пісьменнікаў, дзеячаў навукі, культуры і мастацтва, іх спадчыннікаў, іншых грамадзян, а таксама ў букіністычных кнігарнях і на аўкцыёнах;
  • ажыццяўляе навукова-даследчую дзейнасць па бібліятэказнаўстве, бібліяграфазнаўстве, кнігазнаўстве;
  • прадастаўляе дакументы, бібліяграфічную і іншую інфармацыю ў адпаведнасці з правам грамадзян на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне;
  • праводзіць культурна-асветную работу, накіраваную на садзейнічанне культурнаму развіццю карыстальнікаў Бібліятэкі;
  • ажыццяўляе выдавецкую і паліграфічную дзейнасць, накіраваную на падрыхтоўку і выпуск інфармацыйных і метадычных выданняў, навуковых публікацый па бібліятэказнаўстве, бібліяграфазнаўстве, кнігазнаўстве;
  • удзельнічае ў фарміраванні і правядзенні дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры па пытаннях бібліятэчнай справы;
  • забяспечвае каардынацыю і кааперацыю дзейнасці бібліятэк па набыцці, стварэнні, фарміраванні і ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў, аказанні электронных паслуг;
  • фарміруе і вядзе Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь;
  • забяспечвае фарміраванне і вядзенне іншых электронных інфармацыйных рэсурсаў, у тым ліку зводных, выкарыстанне аўтарытэтных файлаў і індэксаў Універсальнай Дзесятковай класіфікацыі.

Бібліятэка выконвае іншыя функцыі, прадугледжаныя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

20. Бібліятэка ажыццяўляе розныя віды дзейнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

21. У выпадку, калі асобныя віды дзейнасці падлягаюць ліцэнзаванню ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, Бібліятэка мае права ажыццяўляць такую дзейнасць пасля атрымання адпаведных ліцэнзій.

Глава 3
МАЁМАСЦЬ БIБЛIЯТЭКI

22. Маёмасць Бібліятэкі складаюць асноўныя сродкі, у тым ліку будынак і збудаванні, абсталяванне і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці, кошт якіх утрымліваецца на самастойным балансе Бібліятэкі.

Маёмасць Бібліятэкі з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь і належыць ёй на праве аператыўнага кіравання.

23. Бібліятэка фінансуецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Дадатковае фінансаванне Бібліятэкі можа ажыццяўляцца за кошт грашовых сродкаў фізічных і юрыдычных асоб, у тым ліку замежных, а таксама грашовых сродкаў, атрыманых ад бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, аказання платных паслуг і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход і неабходна для выканання мэт, прадугледжаных сапраўдным Статутам, адпавядае гэтым мэтам і прадмету дзейнасці некамерцыйных арганізацый, і з іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

24. Бібліятэка можа ажыццяўляць дзейнасць, якая прыносіць даход. Атрыманыя ад такой дзейнасці даходы і набытая за іх кошт маёмасць паступаюць у самастойнае распараджэнне Бібліятэкі і выкарыстоўваюцца ва ўстаноўленым парадку.

25. Установа не мае права без згоды ўласніка адчужаць або іншым спосабам распараджацца замацаванай за ім маёмасцю і маёмасцю, набытай за кошт выдзеленых яму сродкаў, калі іншае не вызначана Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь або іншымі заканадаўчымі актамі. Установа мае права перадаваць у залог маёмасць, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, у парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі аб распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю, калі іншае не прадугледжана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а маёмасць, якая знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, – са згоды ўласніка гэтай маёмасці або ўпаўнаважанай ім асобы.

26. Бібліятэка не мае права выступаць гарантам, паручыцелем трэціх асоб – юрыдычных асоб недзяржаўнай формы ўласнасці (у тым ліку долі (акцыі) у статутных фондах якіх знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці) і фізічных асоб (у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў) па выкананні гэтымі асобамі сваіх абавязацельстваў па звароце крэдытаў, дадзеных банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі, за выключэннем крэдытаў, якія выдаюцца на будаўніцтва жылых памяшканняў, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Глава 4
КIРАЎНIЦТВА БIБЛIЯТЭКАЙ

27. Кіраўніцтва дзейнасцю Бібліятэкі ажыццяўляе дырэктар. Дырэктар назначаецца на пасаду і вызваляецца ад яе Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь. З дырэктарам Бібліятэкі заключаецца кантракт.

28. Дырэктар Бібліятэкі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і сапраўдным Статутам:

  • арганізуе работу Бібліятэкі і нясе поўную адказнасць за выкананне пастаўленых перад ёй задач і планавых заданняў, узначальвае вучоны савет Бібліятэкі;
  • забяспечвае стварэнне ўмоў для зберажэння маёмасці, эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў Бібліятэкі для вырашэння вытворчых задач і сацыяльнага развіцця калектыву;
  • прымае на работу і звальняе з работы работнікаў Бібліятэкі;
  • вызначае колькасць, зацвярджае структуру і штатны расклад работнікаў Бібліятэкі ў межах фонду аплаты працы;
  • зацвярджае склад вучонага савета Бібліятэкі, саветаў і камісій, вызначае парадак і напрамкі іх дзейнасці;
  • выдае загады і распараджэнні, абавязковыя для ўсіх работнікаў Бібліятэкі;
  • распараджаецца фінансавымі і матэрыяльнымі сродкамі Бібліятэкі;
  • забяспечвае падачу справаздач органам дзяржаўнай статыстыкі;
  • дзейнічае ад імя Бібліятэкі, прадстаўляе яе ў арганізацыях Рэспублікі Беларусь і за яе межамі;
  • заключае дагаворы ад імя Бібліятэкі;
  • адкрывае ў банках разліковы, валютны і іншыя рахункі; прымяняе да работнікаў Бібліятэкі меры заахвочвання і накладае дысцыплінарныя спагнанні;
  • прымае меры, накіраваныя на развіццё і ўдасканальванне матэрыяльна-тэхнічнай базы Бібліятэкі, выкананне правілаў тэхнікі бяспекі і супрацьпажарных мерапрыемстваў;
  • рэгулярна (не менш чым адзін раз у год) трымае справаздачу перад Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама прадстаўляе яму неабходную інфармацыю аб дзейнасці Бібліятэкі;
  • нясе адказнасць за вынікі работы Бібліятэкі, выкананне патрабаванняў сапраўднага Статута, абавязацельстваў перад Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і працоўным калектывам;
  • хадайнічае аб прыёме Бібліятэкі і ўдзеле яе ў рабоце міжнародных бібліятэчных арганізацый;
  • размяркоўвае абавязкі паміж намеснікамі дырэктара;
  • назначае на пасаду і вызваляе ад пасады намеснікаў дырэктара, галоўнага бухгалтара, кіраўніка кадравай службы па ўзгадненні з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

29. Намеснікі дырэктара маюць права подпісу даверанасцей, якія выдаюцца ад імя Бібліятэкі, на атрыманне матэрыяльных каштоўнасцей для Бібліятэкі.

30. Калегіяльнымі органамі кіравання Бібліятэкі з’яўляюцца дырэкцыя, вучоны савет, а таксама саветы і камісіі.

Глава 5
РАБОТНIКI БIБЛIЯТЭКI

31. Працоўныя адносіны з работнікамі Бібліятэкі, уключаючы пытанні найму і звальнення, рэжыму працы і адпачынку, умоў працы, гарантый і кампенсацый, рэгулююцца ў працоўных дагаворах (кантрактах) у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

32. Работнікі Бібліятэкі вырашаюць:

  • пытанні заключэння з наймальнікам калектыўнага дагавора, разглядаюць яго праект і ўпаўнаважваюць свайго прадстаўніка падпісаць яго ад імя работнікаў Бібліятэкі;
  • іншыя пытанні самакіравання работнікаў Бібліятэкі ў межах сваёй кампетэнцыі, устаноўленай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і сапраўдным Статутам.

Зацверджаны загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь 03.02.2017 г. № 24.