ГлавнаяНовостиКнижные выставки
Тренинг "Введение в электронные библиотеки"
Выставка, посвященная 190-летию со дня рождения русского художника Павла Андреевича Федотова

6 ліпеня - 100 год з дня нараджэння паэта Пятра Глебкі

6 ліпеня - 100 год з дня нараджэння паэта Пятра Глебкі
Другие новости

6 ліпеня адзначаецца 100 год з дня нараджэння паэта Пятра Глебкі.




Пачатак творчага шляху Пятра Глебкі быў тыповым для многіх прадстаўнікоў маладога літаратурнага пакалення 1920-х гадоў, выхадцаў з вясковага асяроддзя. Нарадзіўся будучы паэт у вёсцы Вялікая Уса Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння сямігодкі (1923) юнак вырашае паступаць у Белдзяржуніверсітэт, але спроба была няўдалай, і пасля нядоўгага роздуму ён падае дакументы ў Белпедтэхнікум (гады вучобы 1924-1927), дзе выкладаў у той час Якуб Колас. Тут будучы паэт блізка сышоўся з П. Трусам і М. Лужаніным, актыўна супрацоўнічаў з імі ў насценнай газеце. У 1925 г. П. Глебка ўступае ў шэрагі "Маладняка". Гэтым жа годам пазначаны і пачатак яго творчага шляху, калі ў газетах "Беларуская вёска", "Савецкая Беларусь", часопісах "Работніца і сялянка", "Беларускі піянер" з'явіліся першыя паэтычныя выступленні. Пачынаў П. Глебка як тыповы маладняковец - з "маладняцкім задорам", са "стальной" верай у "залатое ранне" краіны. З пераходам П. Глебкі ў 1926 г. у літаратурна-мастацкае аб'яднанне "Узвышша" мяняецца яго творчая манера. Яна становіцца больш стрыманай, рэфлексійна-разважлівай, псіхалагічна-паглыбленай. У 1927 г. П. Глебка пераводзіцца на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне БДУ, дзе атмасфера ў цэлым спрыяла інтэлектуальнаму росту і мастацкай творчасці. Рэчаіснасць бачылася маладому Глебку ў рамантычным святле, а будучыня Беларусі - мройліва і светла. Беларускія інтэнцыі паэта часам набываюць ясенінскія інтанацыі, пра што П. Глебка сам прызнаецца пазней у аўтабіяграфіі.


Як раней, я ціхі і просты,
Толькі іншае сэрцам пасяг.
Залатую пад клёнамі россып
Беларусі збіраю ў пасаг.


Першы зборнік П. Глебкі - Шыпшына (1927) - гэта красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, глыбокае выяўленне паэтавай душы, сведчанне яго самабытнага таленту. Лірыка паэта набывае сімволіка-алегарычныя абрысы, становіцца выразна медытатыўнай. Лірычны герой усё часцей самавыяўляецца праз мінорныя таны, праз вірлівы каскад супярэчлівых думак і перажыванняў. Тэма кахання стала адным з важных сродкаў самавыяўлення П. Глебкі. Вобраз каханай лейтматывам праходзіць праз нізку вершаў "Краса маладосці" (1927). Створаны паэтам эскіз прыроды ў яго прыродаапісальных цыклах таксама спрыяе раскрыццю стану лірычнага героя ("Дрыжаць у шэрані", "Клён завяў", "Гнуцца вербы", "Спаткаем вясну", "Месяц нурцуе" і інш.). У пазнейшых зборніках паэзіі - "Урачыстыя дні" (1930), "Хада падзей" (1932), "Чатыры вятры" (1935), "Мужнасць" (1938) - яскрава адбілася атмасфера літаратурнага жыцця 30-х гадоў з яе натхнёным услаўленнем гераічнай сучаснасці і апафеозам рэвалюцыі.

Пасля заканчэння універсітэта (1930) П. Глебка працаваў загадчыкам літаддзела ў газеце "Калгаснік Беларусі", у часопісе "Полымя рэвалюцыі". У 1934-1936 гг. - кансультантам па паэзіі ў СП БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны - у рэдакцыях франтавых газет "За Савецкую Беларусь", "За свабодную Беларусь". Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну" і ў "Партызанскай дубінцы". У 1943-1945 гг. - рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б "Савецкая Беларусь", галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве. Вельмі спатрэбілася П. Глебку школа універсітэцкай філалагічнай навукі, калі ў 1944 г. яго прызначылі кіраўніком групы па складанні "Руска-беларускага слоўніка" (1953). Сярод лепшых вершаваных твораў ваеннага часу варта назваць "Партызаны", "Смерць салдата", "Родны хлеб", "Пасылка", "Гай", "Жывое слова", "Пра кнігі", "Беларусі", "Пералом", "Зварот" і інш. У цэлым жа лірыка ваеннага перыяду адметная ў маштабе ўсёй беларускай савецкай літаратуры 1941-1945 гг., і, мабыць, не будзе памылкай лічыць яе вяршыняй літаратурна-мастацкай працы таленавітага паэта.

П. Глебка вылучаўся глыбокім разуменнем ролі гуманітарнай навукі ў лёсе народа. Задоўга да таго, як акадэмік АН Беларусі П.Ф. Глебка (з 1957 г.) узначаліў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) АН БССР (1957-1969), а затым усё аддзяленне грамадскіх навук, ён пастаянна клапаціўся аб развіцці мовы, яе культуры і дзяржаўным статусе, аб шляхах мовазнаўства і іншых галін навукі ў рэспубліцы. Паэт-вучоны быў генератарам многіх канструктыўных ідэй у розных галінах беларусазнаўства. П.Ф. Глебка ініцыіраваў і прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы плана выдання зводу беларускай народнай творчасці. На сённяшні дзень блаславёная ім серыя БНТ налічвае каля 50 тамоў твораў традыцыйнай культуры. Па яго прапанове навуковыя супрацоўнікі ІМЭФ АН Беларусі пачалі збор і падрыхтоўку да выдання помнікаў гісторыі і культуры Беларусі (7 тамоў). Як вучоны і арганізатар навукі П.Ф. Глебка далучыўся да выпрацоўкі стратэгічных кірункаў развіцця тэатразнаўства і фалькларыстыкі, мастацтвазнаўства і этнаграфіі, кіназнаўства і этнамузыкалогіі.

П.Ф. Глебка выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1955-1967). Як член дэлегацыі Беларускай ССР неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН. Вынікам гэтых паездак з'явіліся "Вершы аб заграніцы", "Размова з акіянам". Пятро Глебка не патрапіў выйсці на новыя кругі ў мастацкай творчасці ў апошнія свае гады, аб'ектыўна больш спрыяльныя для росту і прасторы духа. Ён застаецца ў беларускай літаратуры спадчыннымі набыткамі значна меншымі, чым мог даць яго адметны ліра-эпічны талент. Яго Музу пацясніла яе вялікасць Навука. Але нават з пазіцыі найстражэйшага суддзі, якім з'яўляецца час, лепшае, няхай і нямногае ў яго творчасці, вытрымлівае выпрабаванне прасторай і часам.


Т в о р ы  П. Г л е б к і


    Збор твораў : у 4 т. / Пятро Глебка ; [прадм. А. Вялюгіна]. - Мн. : Маст. літ., 1984-1986.
    На спатканні гадоў : вершы / Пятро Глебка ; [прадм. і ўклад. М.В. Няхая ; маст. Г.С. Хінко-Янушкевіч]. - Мн. : Юнацтва, 1990. - 95 с. : іл. - (Паэтычная бібліятэка).
    [Выбранае] / Пятро Глебка // Семнаццаць песень : зб. паэзіі. Мн., 1997. С. 38-64.



А б  ж ы ц ц і  і   т в о р ч а с ц і   п а э т а


    Глебка Петр Федорович // Национальная академия наук Беларуси : персональный состав. 3-е изд., доп. и перераб.. Мн., 2003. С. 45-46.
    Глебка Пятро // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мн., 1997. Т. 5. С. 293.
    Глебка Пятро // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мн., 1996. Т. 3. С. 44.
    Глебка Пятро // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўн. : у 6 т. Мн., 1993. Т. 2. С. 210-224.
    Пятро Глебка // Беларускія пісьменнікі (1917-1990) : даведнік. Мн., 1994. С. 143-144.
    Ліс, А.С. Пятро Глебка, 1905-1969 / Ліс А.С. // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. Мн., 2003. Т. 4, кн. 2. С. 224-247.
    Максімовіч, В.А. "… І сябе асудзіў на пакуты" : творчасць П.Глебкі 20-30-х гг. / Валеры Максімовіч // Шыпшынавы край / Валеры Максімовіч. Мн., 2002. С. 32-45.
    Барадулін, Р.І. Акадэмік / Р.І. Барадулін // Аратай, які пасвіць аблокі / Р.І. Барадулін. Мн., 1995. С. 165-167.
    Фядосік, А.С. Пятро Фёдаравіч Глебка / А.С. Фядосік // Весці АН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 1995. № 2. С. 124-126.
Новости

Международный семинар «Реставрация документов времен Великой Отечественной войны»

24 Апр 2024

22 апреля в рамках программы профессионального развития «Культурное наследие как основа межкультурного диалога. Стратегии сохранности в России и Беларуси» в Национальной библиотеке Беларуси состоялся семинар «Реставрация документов времен Великой Отечественной войны».

Новости Национальной библиотеки Беларуси

Международные книговедческие чтения

24 Апр 2024

18–19 апреля в Национальной библиотеке Беларуси состоялись XX Международные книговедческие чтения. За два дня на пленарном и рабочих заседаниях выступили более 50 ученых из Беларуси и России.

Взгляд в вечность

23 Апр 2024

Юбилейная книжная выставка «Взгляд в вечность», посвящённая 90-летию со дня рождения белорусского ученого и литературоведа Владимира Михайловича Конана (1934–2011), проходит с 23 апреля по 20 мая в зале белорусской литературы (пом. 205).

Книжные выставки


Библиотекарям