З 18 па 27 мая 2005 г. у аддзеле беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праводзіцца выстаўка, прысвечаная 70-годдзю беларускага мовазнаўца і педагога, кандыдата філалагічных навук Алеся Аляксандравіча Каўруса.
Экспазіцыю складаюць манаграфіі, артыкулы аўтара, уключаныя ў калектыўныя зборнікі і перыядычныя выданні, рэцэнзіі.
Таленавіты вучоны пяспяхова спалучае выкладчыцкую дзейнасць з даследчай. Сфера яго навуковых інтарэсаў даволі шырокая. А.А. Каўрус даследуе мову пісьменнікаў (Я. Купалы, Я. Коласа, У. Дубоўкі, М. Танка, Я. Брыля, І. Пташнікава і інш.), займаецца праблемамі стылістыкі і культуры мовы, лексікалогіі і лексікаграфіі, марфалогіі і сінтаксісу.
Алесь Аляксандравіч - аўтар больш за 160 навуковых прац, у тым ліку манаграфій: "З крыніц народнай мовы" (1968), "Стылістыка беларускай мовы" (1980, 3-е выд. 1992), "Культура слова" (1983), "Слова наша роднае" (1986), "Мова народа, мова пісьменніка" (1989), "Дакумент па-беларуску" (1994), дапаможніка "Уводзіны ў стараславянскую мову" (1998, у сааўт.).
Плённая, шматгадовая праца настаўніка і вучонага адзначана дзяржавай. А.А. Каўрус узнагароджаны знакам "Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь".