З 6 па 20 чэрвеня 2005 г. у аддзеле беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца выстаўка, прысвечаная 75-годдзю беларускага літаратуразнаўца, перакладчыка, даследчыка беларуска-нямецкіх сувязей Уладзіміра Лявонцьевіча Сакалоўскага.
Літаратурныя сувязі, вывучэнне распаўсюджвання беларускай літаратуры за мяжой - сфера навуковых інтарэсаў У.Л. Сакалоўскага.
Вынікам даследаванняў сталі працы: "Пара станаўлення. Вопыт параўнальнага вывучэння беларускай і некаторых класічных зарубежных літаратур" (1986), "Беларуская літаратура ў ГДР" (1988), "Беларуская савецкая літаратура за мяжой" (1988, у сааўт.) і інш.
Вялікую каштоўнасць як для нямецкіх, так і для беларускіх даследчыкаў мае кніга У. Л. Сакалоўскага "Беларусь і Германія: Духоўныя і культурныя адносіны паміж 1914 і 1941 гг. Т. 1. Бібліяграфія. Выдадзена ў Германіі ў 2000 г.
У.Л. Сакалоўскі - аўтар шэрага навуковых артыкулаў, надрукаваных у Беларусі і за яе межамі.
Уладзімір Лявонцьевіч вядомы і як перакладчык. На беларускую мову пераклаў манаграфіі А. Цеханавецкага "Міхал Казімір Агінскі і яго "сядзіба музаў" у Слоніме" (1993) і інш.
Экспазіцыю складуць манаграфіі, пераклады, літаратуразнаўчыя артыкулы і рэцэнзіі аўтара, змешчаныя ў зборніках і перыядычных выданнях, матэрыялы аб жыццёвым і творчым шляху вучонага.