З 21 чэрвеня па 4 ліпеня 2005 г. у аддзеле беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі экспануецца выстаўка, прысвечаная 80-годдзю Лідзіі Арабей, пісьменніцы, крытыка.
Лідзія Львоўна АРАБЕЙ (н. 27.6.1925, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл.), беларуская пісьменніца. Кандыдат філалагічных навук.
Літаратурную працу пачала ў 1945 г. Выступае як празаік, крытык, літаратуразнавец. Працавала ў рэдакцыях часопісаў "Вожык", "Полымя", газ. "Чырвоная змена", выдавецтве "Беларусь". Друкуецца з 1946. Аўтар манаграфій "Цётка (Алаіза Пашкевіч)" (1956) і "Хвядос Шынклер" (1959), твораў для дзяцей (зборнік апавяданняў "Калібры", 1960, аповесць "Сіні бор", 1972; зборнік апавяданняў і казак "Ісці ў разведку", 1989). Пра жыццё і творчасць Цёткі аповесці "На струнах буры" (1966) і "Стану песняй" (1977). Актуальныя праблемы сучаснасці ў аповесцях "Мера часу" (1962), "Экзамен" (1963), "Ваўчкі" (1972). Айчынная вайна - галоўная тэма аповесцяў "На другой зіме вайны" (1966) і "Сярод ночы" (1968), раманаў "Іскры ў папялішчы" (1969), "Сузор'е Вялікай Мядзведзіцы" (1980), "Мне трэба ехаць" (1974).