ГалоўнаяБiблiятэкарамНавукова-практычныя распрацоўкі і метадычныя матэрыялыМетадычныя рэкамендацыі па арганізацыі нестацыянарнага бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь

Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі нестацыянарнага бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь

1. Дадзеныя рэкамендацыі вызначаюць парадак арганізацыі нестацыянарнага бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

2. Нестацыянарнае бібліятэчна-інфармацыйнае абслугоўванне (далей – нестацыянарнае абслугоўванне) уяўляе сабой абслугоўванне карыстальнікаў за межамі стацыянарнай бібліятэкі і спрыяе прадстаўленню доступу карыстальнікаў да інфармацыйных рэсурсаў.

3. Мэтай нестацыянарнага абслугоўвання з’яўляецца забеспячэнне роўных умоў доступу насельніцтва да бібліятэчна-інфармацыйных рэсурсаў і паслуг.

4. Задачамі нестацыянарнага абслугоўвання з’яўляецца: забеспячэнне роўных умоў доступу да інфармацыйных рэсурсаў у адпаведнасці з патрэбамі і інтарэсамі карыстальнікаў; пашырэнне кола карыстальнікаў бібліятэкі; павышэнне даступнасці бібліятэчна-інфармацыйных паслуг бібліятэкі.

5. Дзейнасць бібліятэк па арганізацыі нестацыянарнага абслугоўвання рэгламентуецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры (далей – Кодэкс) і лакальнымі прававымі актамі бібліятэк рэспублікі.

6. Выкарыстанне нестацыянарных форм абслугоўвання, згодна з Кодэксам, з’яўляецца нормай права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне.

7. Нестацыянарныя формы бібліятэчнага абслугоўвання арганізуюцца на базе стацыянарнай бібліятэкі. Да форм нестацыянарнага абслугоўвання адносяцца: бібліятэчныя пункты, перасоўныя бібліятэкі (бібліёбусы), выязныя чытальныя залы, кніганошаства.

Бібліятэчны пункт – форма нестацыянарнага абслугоўвання, тэрытарыяльна адасобленае падраздзяленне, якая арганізуецца па месцы жыхарства, працы або вучобы карыстальнікаў бібліятэкі;

Перасоўная бібліятэка (бібліёбус) – форма нестацыянарнага абслугоўвання – спецыяльна абсталяваны і ўкамплектаваны фондам транспартны сродак, які змяняе сваё месцазнаходжанне з мэтай абслугоўвання тэрытарыяльна аддаленых ад стацыянарнай бібліятэкі груп насельніцтва.

Выязная чытальная зала – форма нестацыянарнага бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва, якая выкарыстоўваецца для арганізацыі адкрытых праглядаў літаратуры, перш за ўсё перыядычных выданняў, у вызначаныя дні і гадзіны па месцы працы, вучобы або адпачынку.

Кніганошаства – форма нестацыянарнага бібліятэчнага абслугоўвання, якая прадугледжвае дастаўку кніг са стацыянарнай бібліятэкі або бібліятэчнага пункта па месцы жыхарства або працы чытача.

8. Выбар нестацыянарных форм бібліятэчнага абслугоўвання залежыць ад стану матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, аддаленасці раёна (мікрараёна) горада, населенага пункта ад стацыянарнай бібліятэкі, стану транспартнай інфраструктуры.

Формы і аб’ёмы нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва вызначаюцца ў гадавым плане стацыянарнай бібліятэкі.

9. Падставай для арганізацыі нестацыянарнага абслугоўвання жыхароў сельскіх населеных пунктаў можа з’яўляцца адсутнасць стацыянарнай бібліятэкі або яе тэрытарыяльная аддаленасць (звыш 3 км).

10. Арганізацыя нестацыянарных форм бібліятэчнага абслугоўвання ажыццяўляецца мясцовымі органамі ўлады, бібліятэкамі, а таксама кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, на базе якіх арганізуецца нестацыянарнае абслугоўванне.

11. Фінансаванне нестацыянарных форм бібліятэчнага абслугоўвання ажыццяўляецца за кошт сродкаў, прадугледжаных на арганізацыю дзейнасці стацыянарных бібліятэк.

12. Бібліятэкай, адказнай за ажыццяўленне нестацыянарнага абслугоўвання ў залежнасці ад формы абслугоўвання распрацоўваецца і зацвярджаецца палажэнне аб форме нестацыянарнага бібліятэчнага абслугоўвання (пункце выдачы, перасоўнай бібліятэцы (бібліёбусе), выязной чытальнай зале і да т.п.), а таксама іншыя дакументы, неабходныя для арганізацыі нестацыянарнага абслугоўвання: пагадненне, графік працы, дзённікі (журналы) уліку працы, планы, справаздачы.

13. Нестацыянарнае абслугоўванне ў сельскай мясцовасці ажыццяўляе аддзел абслугоўвання і інфармацыі ці іншы аддзел цэнтральнай бібліятэкі сеткі раёна ці горада, які ажыццяўляе абслугоўванне карыстальнікаў.

14. Службовыя абавязкі работніка бібліятэкі, які ажыццяўляе нестацыянарнае абслугоўванне, павінны ўключаць прыём і выкананне заказаў ад карыстальнікаў, планаванне, улік і справаздачнасць, а таксама кантроль за абнаўленнем фонду, прызначанага для нестацыянарнага абслугоўвання. Дадзеныя абавязкі ўключаюцца ў службовую інструкцыю супрацоўніка.

15. Запіс карыстальнікаў нестацыянарнага абслугоўвання і выдача дакументаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі карыстання і ўліковымі формамі стацыянарнай бібліятэкі.

16. Рэжым працы ўсіх форм нестацыянарнага абслугоўвання зацвярджаецца кіраўніком стацыянарнай бібліятэкі і даводзіцца да ведама працоўных калектываў, жыхароў населенага пункта, якія абслугоўваюцца. Час працы вызначаецца ва ўстаноўленыя дні і гадзіны, зручныя для карыстальнікаў.

17. Бібліятэчны пункт арганізуецца бібліятэкай на падставе пагаднення з арганізацыяй, а таксама ў населеных пунктах, якія не маюць стацыянарных бібліятэк, па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады.

Абслугоўванне бібліятэчнага пункта ажыццяўляе штатны работнік стацыянарнай бібліятэкі, як правіла, некалькі гадзін у дзень або няпоўны тыдзень.

Бібліятэчныя пункты абслугоўвання публічнай бібліятэкі рэкамендуецца размяшчаць у крокавай даступнасці ў найбольш зручных для жыхароў месцах: паблізу транспартных развязак, крам, камерцыйных ці культурных цэнтраў.

18. Планаванне работы па арганізацыі перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса) ажыццяўляецца на аснове праведзенага стацыянарнай бібліятэкай маніторынгу дэмаграфічнага складу насельніцтва, аналізу патрэб і запытаў карыстальнікаў.

На аснове вывучэння неабходнасці, пажаданняў і максімальнага ахопу карыстальнікаў вызначаюцца маршруты выездаў, месцы стаянак і працягласць знаходжання ў кожным пункце.

Выезды перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса) ажыццяўляюцца па распрацаваных маршрутах. Маршруты будуюцца згодна з лагістычнай мэтазгоднасцю з даўжынёй шляху ў сярэднім 50 км і сярэдняй колькасцю населеных пунктаў – пяць.

Час, неабходны для абслугоўвання насельніцтва і выкарыстання перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса), вызначаецца спецыфікай маршруту (аддаленасць населеных пунктаў і іх колькасць; шчыльнасць насельніцтва; колькасць работнікаў, якія былі задзейнічаны ў абслугоўванні; дарожныя ўмовы і іншыя).

Працягласць стаянкі залежыць ад шчыльнасці насельніцтва. Сярэдняя працягласць стаянкі складае 60 хвілін.

Стаянкі і гадзіны працы перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса) ўстанаўліваюцца ў найбольш зручны для карыстальнікаў час.

Стаянка арганізуецца ў месцах найбольш актыўнага наведвання: паблізу прыпыначных пунктаў, каля магазінаў, адукацыйных устаноў, у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў альбо іншым месцы, даступным і зручным для наведвання жыхарамі населеных пунктаў.

Для людзей, якія не маюць магчымасць наведваць бібліятэку па стане здароўя, бібліятэчныя і інфармацыйныя паслугі аказваюцца па месцы іх знаходжання: дома, у стацыянары і г.д.

Транспартны сродак, які ажыццяўляе функцыі перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса), павінен быць тэхнічна спраўным у рамках праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду і мець тэрмін эксплуатацыі не больш за 10 гадоў з даты выпуску.

Фонд перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса) павінен размяшчацца на спецыяльных стэлажах, устаноўленых з нахілам, каб не дапускаць падзення кніг пры руху аўтамабіля. Вугал з гарызанталлю павінен складаць ад 10 да 20 градусаў у залежнасці ад месца размяшчэння. Пры адсутнасці дадзенага абсталявання могуць выкарыстоўвацца скрыні і каробкі, але толькі ў выпадку забеспячэння фізічнай захаванасці выданняў фонду пры транспарціроўцы.

Перасоўная бібліятэка (бібліёбус) павінна быць абсталявана наступнымі тэхнічнымі сродкамі: персанальным камп’ютарам, капіявальнай тэхнікай і прынтарам (шматфункцыянальнай прыладай), а таксама забяспечваць выхад у інтэрнэт.

Па магчымасці ў аўтамабілі павінны быць арганізаваны рабочыя месцы для супрацоўніка і чытачоў.

Графік працы перасоўнай бібліятэкі (бібліёбуса) і яе маршруты зацвярджаюцца кіраўніком стацыянарнай бібліятэкі.

19. Выязная чытальная зала выкарыстоўваецца ў мэтах папулярызацыі кнігі і чытання сярод дзяцей, навучэнцаў і дарослага насельніцтва шляхам арганізацыі перасоўных кніжных выстаў, правядзення інфармацыйна-асветніцкіх і іншых мерапрыемстваў.

Выязная чытальная зала арганізуецца ў навучальных установах, установах аховы здароўя, арганізацыях, летніх аздараўленчых лагерах, на адкрытых гарадскіх пляцоўках і г.д.

Выязная чытальная зала працуе ў вызначаныя гадзіны і дні тыдня, зацверджаныя кіраўніком стацыянарнай бібліятэкі.

20. Кніганошаства з’яўляецца адной з форм нестацыянарнага абслугоўвання, з дапамогай якога абслугоўваюцца жыхары, якія ў сілу шэрагу прычын (хвароба, узрост і г.д.) не могуць самастойна наведваць бібліятэку.

21. Для задавальнення запытаў карыстальнікаў усіх форм нестацыянарнага абслугоўвання выкарыстоўваецца фонд стацыянарных бібліятэк раёна/горада.

22. Фонд нестацыянарных форм абслугоўвання фарміруецца ў адпаведнасці з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі насельніцтва, якое абслугоўваецца, і ўключае выданні па асноўных галінах ведаў, мастацкую літаратуру. Вытворчая літаратура падбіраецца з улікам прафесійных патрэб карыстальнікаў.

23. Карыстальнікам нестацыянарных форм абслугоўвання для задавальнення іх запытаў прадстаўляюцца бясплатныя і платныя паслугі ў адпаведнасці з зацверджаным Пералікам паслуг, якія прадстаўляюцца карыстальнікам стацыянарнай бібліятэкі.

24. Інфармацыя аб бібліятэчных рэсурсах, правілах іх выкарыстання, новых паступленнях, пераліку ўсіх відаў бясплатных і платных паслуг і інш. даводзіцца да карыстальнікаў нестацыянарных форм абслугоўвання ў форме аб’яў, плакатаў, буклетаў.

25. Улік і справаздачнасць нестацыянарных форм абслугоўвання вядзецца ў адпаведнасці з усталяванымі формамі дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці.

26. Улік працы па абслугоўванні карыстальнікаў нестацыянарных форм абслугоўвання фіксуецца ў дзённіку працы бібліятэкі, які адлюстроўвае колькасць чытачоў, наведванняў, выдачы дакументаў, сацыякультурных мерапрыемстваў.

27. Паказчыкі абслугоўвання з дапамогай нестацыянарных форм штоквартальна падаюцца ў стацыянарную бібліятэку для ўключэння іх у зводную справаздачу.
Бібліятэкарам
111