ГалоўнаяБiблiятэкарамНавукова-практычныя распрацоўкі і метадычныя матэрыялыМетадычныя рэкамендацыі па ажыццяўленні ўліку віртуальных карыстальнікаў і наведванняў

Метадычныя рэкамендацыі па ажыццяўленні ўліку віртуальных карыстальнікаў і наведванняў

З мэтай развіцця працэсу ўліку дзейнасці бібліятэк у электронным асяроддзі і ўключэння ў дзяржаўную статыстыку адпаведных паказчыкаў выпрацаваны метадычныя рэкамендацыі, заснаваныя на нарматыўнай прававой базе Рэспублікі Беларусь і існуючай практыцы ўліку віртуальных карыстальнікаў і наведванняў.

Улік дзейнасці бібліятэк у электронным асяроддзі ажыццяўляецца ў адпаведнасці са стандартамі:

  • СТБ 7.20–2000. СИБИД. Бібліятэчная статыстыка. Асноўныя палажэнні = Библиотечная статистика. Основные положения. – Взамен ГОСТ 7.20–80 и ГОСТ 7.41–82; Введ. 01.09.2000;
  • ISO 2789 : 2013 "Information and Documentation – International Library Statistics: International Standard";
  • СТБ 2105–2012 Интернет-сайты государственных органов и организаций. Требования = Інтэрнэт-сайты дзяржаўных органаў і арганізацый. Патрабаванні: – Взамен СТБ П 2105–2010; Введ. 13.12.2012.

СТБ 7.20–2000 "Библиотечная статистика. Основные положения" прадугледжвае ўлік карыстальнікаў, якія звяртаюцца ў бібліятэку пасродкам электронных інфармацыйных сетак (віртуальных карыстальнікаў), вызначаючы ў якасці адзінкі ўліку код карыстальніка (фізічнай ці юрыдычнай асобы), зарэгістраванага на серверы бібліятэкі.

Пры наведванні якім-небудзь карыстальнікам асобных раздзелаў сайта бібліятэкі ці пры звароце да пэўных сервісаў сайта яму неабходна зарэгістравацца, г.зн. пакінуць свае індывідуальныя даныя (як правіла, імя, пароль, адрас электроннай пошты і інш.). З улікам таго, што карыстальнік часцей за ўсё абавязаны пацвердзіць свае рэгістрацыйныя даныя (з адраса сваёй электроннай пошты), перавага гэтага спосабу заключаецца ў найбольшай дакладнасці ідэнтыфікацыі карыстальнікаў і іх паўторных візітаў. Улік агульнай колькасці віртуальных карыстальнікаў ажыццяўляецца па колькасці ідэнтыфікатараў (ID) запісаў у базе даных карыстальнікаў на серверы бібліятэкі.

Абагульнены алгарытм рэгістрацыі наступны:

  • прадаставіць карыстальніку форму для ўвядзення рэгістрацыйных даных; праверыць атрыманыя даныя (запаўненне абавязковых палёў, праверка іх на карэктнасць);
  • стварыць уліковы запіс карыстальніка ў базе даных (запісаць рэгістрацыйныя даныя);
  • актуалізаваць уліковы запіс для аўтэнтыфікацыі карыстальніка і доступу да рэсурсаў.

Рэалізацыя гэтага алгарытму на практыцы залежыць ад праграмнай платформы сайта бібліятэкі. Для большасці сістэм кіравання зместам сайта механізмы рэгістрацыі рэалізаваны ў выглядзе асобных падключаных модуляў.

У выпадку індывідуальнай распрацоўкі сайта рэкамендуем звярнуцца за дапамогай да распрацоўшчыкаў або выкарыстаць гатовыя праграмныя рашэнні. Неабходна памятаць пра канфідэнцыяльнасць рэгістрацыйных даных карыстальніка.

Колькасць зарэгістраваных карыстальнікаў з’яўляецца адным з паказчыкаў запатрабаванасці прапануемых бібліятэкай віртуальных рэсурсаў і паслуг, дазваляе ажыццявіць ўзаемадзеянне з карыстальнікамі для ўдасканалення сваёй дзейнасці.

З мэтай далучэння новых карыстальнікаў і павелічэння колькасці зарэгістраваных карыстальнікаў, рэкамендуем праводзіць пастаянную работу па стварэнні ўнікальных матэрыялаў і сэрвісаў, даступных асобам, якія наведалі сайт бібліятэкі, толькі пасля праходжання працэдуры рэгістрацыі.

Вызначаючы пералік такіх рэсурсаў і сэрвісаў, неабходна памятаць, што ў адпаведнасці з п.п. 1.4, 1.6 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 01.02.2010 № 60 "О мерах по совершенствованию использования национальной сети интернет" (у рэд. ад 23.01.2014 № 46), "галоўныя старонкі інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый павінны непасрэдна або ў выглядзе асобных рубрык змяшчаць агульную інфармацыю аб дзяржаўным органе і арганізацыі (аб кіраўніцтве, структуры, рэжыме работы, задачах і функцыях, паштовым адрасе, адрасе электроннай пошты, нумарах тэлефонаў даведачных служб гэтага органа (арганізацыі), тэрытарыяльных падраздзяленнях і інш.), аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, аб ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур адносна грамадзян, юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, аб таварах (работах, паслугах), якія праводзяцца (выконваюцца, аказваюцца) дзяржаўнай арганізацыяй, а таксама іншую інфармацыю, што вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь ці размяшчаецца па рашэнні кіраўніка дзяржаўнага органа і арганізацыі", пры гэтым доступ да гэтай інфармацыі ў адпаведнасці з п. 1.6 Указа павінен быць свабодным.

У адпаведнасці з ISO 2789:2013 "Information and Documentation – International Library Statistics: International Standard":
віртуальнае наведванне – гэта запыт або серыя запытаў на сайт бібліятэкі, якая паступіла не з будынка бібліятэкі, з інтэрвалам менш за 30 мінут паміж двума паслядоўнымі запытамі ад аднаго і таго ж наведвальніка, незалежна ад колькасці прагледжаных старонак або элементаў. Калі інтэрвал паміж двума паслядоўнымі запытамі перавышае 30 мінут, наведванне ўлічваецца як новае.

ISO 2789 прапануе тры спосабы вымярэння віртуальных наведванняў: ідэнтыфікацыя па вэб-браўзеру або па файлах cookies, па IP-адрасах, па колькасці наведванняў дамашняй старонкі сайта бібліятэкі.

Збор інфармацыі пра колькасць віртуальных наведванняў можна ажыццяўляць пасродкам аналізавання лог-файлаў сервера і пры дапамозе знешніх лічыльнікаў.

У адпаведнасці з СТБ 2105-2012 "Интернет-сайты государственных органов и организаций. Требования", як мінімум адна з сістэм статыстыкі інтэрнэт-сайта павінна грунтавацца на даных аўдыту сервера, на якім размешчаны сайт, г.зн. на аналізе лог-файлаў сервера.

Пры размяшчэнні сайта на знешнім хостынгу, паслуга статыстыкі па даных лог-файлаў сервера прадастаўляецца правайдарамі бясплатна. У выпадку размяшчэння сайта на ўласным серверы неабходна ўстанаўліваць праграмы самастойна.

Сярод праграм-аналізатараў лог-файлаў сервера можна адзначыць наступныя бясплатныя: AWStats (http://awstats.sourceforge.net), Webalizer (http://www.webalizer.com), Analog (http://www.analog.cx) і іншыя.

У дапаўненне да аналізу лог-файлаў сервера для ажыццяўлення больш рознабаковага аналізу карыстальніцкай аўдыторыі сайта бібліятэкі, рэкамендуем устанавіць знешнія лічыльнікі.

Лічыльнік (англ. counter) – гэта асобая праграма-сцэнарый (як правіла, JavaScript), для актывізацыі якой патрабуецца ўстаноўка спецыяльнага кода на старонкі сайта. Пры загрузцы старонкі сцэнарый адпраўляе даныя на спецыялізаваны сервер статыстыкі, які іх агрэгіруе і прадстаўляе з пэўным інтэрвалам часу ў выглядзе розных справаздач.

Найбольш папулярнымі інструментамі з’яўляюцца Яндэкс Метрыка (https://metrika.yandex.ru), Google Analytics (http://www.google.com/analytics) і іншыя. З беларускіх сістэм – Акавіта (http://www.akavita.by).

На сённяшні дзень не існуе нарматыўнага прававога дакумента, які прадпісвае дзяржаўным арганізацыям устаноўку якойсьці канкрэтнай праграмы для ўліку дзейнасці ў электронным асяродку. Таму кожны ўладальнік рэсурсу мае права выбраць праграмнае забеспячэнне самастойна.

У справаздачах, якія даюцца праграмамі-аналізатарамі, адсутнічае ўніфікаваная тэрмінасістэма. Напрыклад, паказчык "колькасць наведванняў" у розных сістэмах можа гучаць як "колькасць візітаў", "колькасць сеансаў", "колькасць сесій" і г.д. Таму пры выбары таго ці іншага інструмента неабходна ўважліва вывучыць апісанні паказчыкаў, якія даюцца сістэмай, і выбраць той, які будзе адлюстроўваць неабходныя звесткі.

Бібліятэкарам