ГалоўнаяБiблiятэкарамНавуковыя даследаванні: методыка правядзенняПадрыхтоўчы этапМетад збору інфармацыі

Метад збору інфармацыі

Пры правядзенні сацыялагічных даследаванняў у бібліятэцы ў залежнасці ад пастаўленых мэт і задач збор інфармацыі ажыццяўляецца рознымі сацыялагічнымі метадамі. Прынята вылучаць тры асноўныя метады, кожны з якіх мае свае разнавіднасці:

  1. Апытанне (анкетнае, паштовае, прэсавае, сацыялагічнае інтэрв’ю).

    Метад апытання прызнаны сёння шматлікімі навукоўцамі ў якасці універсальнага метаду атрымання сацыяльнай інфармацыі, а вынікі даследаванняў з выкарыстаннем метаду апытання – пераканаўчымі і інфарматыўнымі (у змястоўным плане), выразнымі і доказнымі. Варта адзначыць, што апытанне як метад (вочнае або завочнае анкетнае апытанне, інтэрв’ю) поруч са сваім прамым прызначэннем – атрыманнем інфармацыі па праблеме – служыць папулярызацыі бібліятэкі, паведамляе насельніцтву пра паслугі, што ёю выконваюцца, праведзеныя мерапрыемствы і г.д., бо пытанні заўсёды нясуць пэўную сэнсавую і інфармацыйную нагрузку.

    Аднак нягледзячы на ўсе перавагі апытання, інфармацыі, атрыманай у выніку яго правядзення, не заўсёды дастаткова для рашэння праблемы.

  2. Кантэнт-аналіз дакументаў.

    Кантэнт-аналіз дакументаў – метад збору колькасных даных аб змешчаных у дакументах з’явах або працэсах, якія вывучаюцца.

    Значная частка інфармацыі, неабходнай даследчыку ў яго працы, змяшчаецца ў дакументальных крыніцах. Поўнае ўяўленне пра іх змест ў многіх выпадках дазваляе атрымаць інфармацыю, дастатковую для рашэння існуючай праблемы або паглыбіць аналіз праблемы. Пры правядзенні сацыялагічных даследаванняў у бібліятэках кантэнт-аналізу могуць падлягаць чытацкія фармуляры або запыты. Пры дапамозе гэтага метаду можна выявіць, якога роду інфармацыя карыстаецца найбольшым попытам, на якіх носьбітах і г.д.

  3. Назіранне (уключанае і няўключанае, стандартызаванае і нестандартызаванае).

    Назіранне – агульнанавуковы метад, што шырока выкарыстоўваецца ў прыродазнаўстве. Яго ўжыванне ў сацыялогіі абмежаванае, таму што далёка не ўсе сацыяльныя з’явы паддаюцца непасрэднаму візуальнаму і слыхавому ўспрыманню. Але калі даследчык мае справу з аб’ектамі, за якімі можна назіраць, г.зн. успрымаць з дапамогай зроку і слыху, ён можа выкарыстаць гэты метад. У бібліятэцы, напрыклад, назіранне можа ўжывацца пры вывучэнні эфектыўнасці выкарыстання даведачна-бібліяграфічнага апарату.

    Назіранне мае шэраг пераваг у параўнанні з іншымі сацыялагічнымі метадамі. Галоўныя з іх – непасрэдная сувязь даследчыка з аб’ектам вывучэння, адсутнасць прамежкавых звёнаў, аператыўнасць атрымання інфармацыі. Гэтыя перавагі, аднак, не выключаюць шэрага недахопаў: назіральнік вольна або нявольна ўплывае на працэс вывучэння, а аператыўнасць абарочваецца лакальнасцю, абмежаванасцю вывучальнай сітуацыі, няздольнасцю ахапіць сукупнасць усіх прымет з’явы. Інакш кажучы, гэты метад вельмі суб’ектыўны, асабістыя якасці назіральніка непазбежна адбіваюцца на выніках. Таму, па-першае, апошнія падлягаюць абавязковай пераправерцы іншымі метадамі, па-другое, да назіральнікаў прад’яўляюцца спецыяльныя патрабаванні.

Кожны з пералічаных метадаў мае свае перавагі і недахопы, што дазваляюць або не дазваляюць атрымаць неабходную інфармацыю ў поўнай меры. Таму вельмі часта сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя ў бібліятэцы, маюць комплексны характар. У іх, дапаўняючы адна адну, ужываюцца розныя формы апытання, аналізу дакументаў, назіранняў. Напрыклад, у даследаванні "Чытач Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: пошук шляхоў аптымізацыі абслугоўвання" для збору першаснай сацыялагічнай інфармацыі былі ўжыты метады анкетнага апытання, інтэрв’ю, назірання і аналізу дакументаў. У даследаванні "Вывучэнне эфектыўнасці выкарыстання картачных каталогаў і картатэк" – метады назірання і анкетнага апытання, у даследаванні "Фонд замежнай перыёдыкі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: рацыяналізацыя і актуалізацыя камплектавання" – кантэнт-аналіз дакументаў (чытацкіх запытаў), анкетнае апытанне.

Бібліятэкарам