ГалоўнаяЧытачуПравiлы карыстання i парадак запiсу ў бiблiятэку Парадак абслугоўвання ў чытальных залахПарадак абслугоўвання ў зале новых паступленняў

Парадак абслугоўвання ў зале новых паступленняў

Глава 1.
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Дадзены Парадак распрацаваны ў адпаведнасці з Правіламі карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Правіламі капіравання інфармацыі, Парадкам абслугоўвання дакументамі на электронных носьбітах і вызначае ўмовы абслугоўвання карыстальнікаў у чытальнай зале новых паступленняў (далей – зала).
2. У зале абслугоўваюцца ўсе карыстальнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (далей – Бібліятэка).
3. Абслугоўванне карыстальнікаў ажыццяўляецца шляхам кансультавання, забеспячэння доступу да экспазіцыі новых паступленняў і лакальных электронных рэсурсаў Бібліятэкі, прадастаўлення інфармацыі пра новыя дакументы на электронных носьбітах, а таксама шляхам выканання дадатковых (платных) паслуг.
4. Зала працуе па графіку:

панядзелак, серада – пятніца: 10.00–21.00;
субота, нядзеля: 10.00–18.00;
аўторак – выхадны дзень.

5. Змена экспазіцыі новых паступленняў ажыццяўляецца 1 раз у тры тыдні. Інфармацыю пра дату змены выстаўкі можна атрымаць у дзяжурнага бібліятэкара залы або па тэлефоне (8 017) 293 27 36.

Глава 2.
КАНСУЛЬТАВАННЕ

6. Інфармацыя пра рэсурсы і паслугі Бібліятэкі, сістэму чытальных залаў, правілы і парадкі абслугоўвання, алгарытмы работы з лакальнымі электроннымі рэсурсамі Бібліятэкі прадастаўляецца па запыце карыстальніка дзяжурным бібліятэкарам.

7. Інфармацыя аб дакументах, якія экспаніраваліся на выстаўцы новых паступленняў у апошнія 6 месяцаў, прадастаўляецца дзяжурным бібліятэкарам навуковай чытальнай залы па запыце карыстальніка.

Глава 3.
ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ДОСТУПУ ДА ЭКСПАЗІЦЫІ НОВЫХ ПАСТУПЛЕННЯЎ

8. Дакументамі адкрытага доступу дазваляецца карыстацца самастойна, не парушаючы сістэму расстаноўкі. Пасля прагляду дакументы неабходна пакідаць у спецыяльных цялежках побач са стэлажамі.
9. Малафарматныя выданні, аўтарэфераты дысертацый, дадаткі да друкаваных дакументаў выдаюцца дзяжурным бібліятэкарам.
10. Колькасць дакументаў на рабочым месцы карыстальніка не павінна перавышаць 10 адзінак.
11. Карыстальнік нясе адказнасць за ўсе дакументы, выбраныя ім для прагляду або атрыманыя ім у карыстанне. Пры атрыманні або адборы дакументы належыць прагледзець і ў выпадку выяўлення дэфектаў паведаміць пра іх дзяжурнаму бібліятэкару.
12. Дакументы экспазіцыі новых паступленняў браніраванню не падлягаюць.
13. Забараняецца выносіць дакументы выстаўкі новых паступленняў з памяшкання чытальнай залы без дазволу дзяжурнага бібліятэкара.
14. Наведванне залы з дакументамі, якія карыстальнік атрымаў у іншых падраздзяленнях Бібліятэкі, забаронена.
15. Наведванне залы з сумкамі, партфелямі, карзінамі, пакетамі і іншымі рэчамі памерам больш за 30х30х20 см забаронена. Рэчы карыстальнік абавязаны пакінуць у камеры захоўвання. Дапускаецца мець пры сабе празрыстую папку.

Глава 4.
ПРАДАСТАЎЛЕННЕ ІНФАРМАЦЫІ ПРА НОВЫЯ ДАКУМЕНТЫ НА ЭЛЕКТРОННЫХ НОСЬБІТАХ

16. Інфармацыя пра новыя дакументы на электронных носьбітах прадастаўляецца ў выглядзе бібліяграфічнага спіса.
17. Абслугоўванне дакументамі на электронных носьбітах, у тым ліку электроннымі дадаткамі да друкаваных выданняў, ажыццяўляецца ў зале нотных і аудыявізуальных дакументаў. Заказ афармляецца праз электронны каталог Бібліятэкі. Электронныя дадаткі да друкаваных выданняў карыстальнік заказвае на кафедры выдачы рэкамендаванай яму чытальнай залы па бланку заказу пасля змены экспазіцыі новых паступленняў.

Глава 5.
ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ДОСТУПУ ДА ЭЛЕКТРОННЫХ РЭСУРСАЎ

18. Доступ да лакальных электронных рэсурсаў Бібліятэкі і рэсурсаў Інтэрнэту прадастаўляецца з аўтаматызаваных рабочых месцаў карыстальніка (далей – АРМ карыстальніка), вызначаных Бібліятэкай.
19. Рэсурсы інтэрнэт-доступу прадастаўляюцца выключна ў навуковых і адукацыйных мэтах.
20. Права доступу да інтэрнэт-рэсурсаў дае чытацкі білет, які карыстальнік абавязаны перадаць дзяжурнаму бібліятэкару ў чытальнай зале да пачатку работы ў Інтэрнэце.
21. Пры рабоце з электроннымі рэсурсамі недапушчальна выконваць сістэмныя працэдуры ў камп’ютарнай сетцы, пераўстанаўліваць праграмныя сродкі.
22. Для апрацоўкі інфармацыі можна выкарыстаць пакет офісных дадаткаў Microsoft Office.
23. Захаванне электроннай інфармацыі дазваляецца выконваць толькі праз папку Партфель АРМа карыстальніка (далей – папка Партфель.) Экспарт захаванай інфармацыі на розныя віды носьбітаў ажыццяўляецца па запыце карыстальніка.
24. Для работы з асабістымі электроннымі носьбітамі прадугледжаны абсталяваныя персанальнымі камп’ютэрамі індывідуальныя кабіны, якія размешчаны ў агульнай чытальнай зале, навуковай чытальнай зале, зале беларускай літаратуры, зале дысертацый і прадастаўляюцца на платнай аснове.

Глава 6.
ВЫКАНАННЕ ДАДАТКОВЫХ ПАСЛУГ

25. Карыстальнікам залы прадастаўляюцца дадатковыя (платныя) паслугі па ксеракапіраванні фрагментаў дакументаў экспазіцыі новых паступленняў згодна з Прэйскурантам платных паслуг, якія аказвае дзяржаўная ўстанова “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” фізічным асобам (далей – Прэйскурант).
26. У зале ажыццяўляецца ксеракапіраванне да 40 старонак з дакументаў Бібліятэкі. Ксеракопія звыш вызначанага аб’ёму выконваецца ў пунктах капіравання.
27. Для выканання запыту на ксеракапіраванне дакументаў карыстальнік павінен пісьмова вызначыць нумары старонак, якія падлягаюць капіраванню.
28. Дазвол на вынас з чытальнай залы дакументаў экспазіцыі новых паступленняў для ксеракапіравання карыстальнік атрымлівае ў дзяжурнага бібліятэкара пры прад’яўленні чытацкага білета. Пасля ажыццяўлення ксеракопіі карыстальнік абавязаны вярнуць дакументы дзяжурнаму бібліятэкару.
29. Раздрукоўку інфармацыі з папкі Партфель ажыццяўляе дзяжурны бібліятэкар залы новых паступленняў, экспарт на электронны носьбіт карыстальніка – дзяжурны бібліятэкар на кафедры выдачы навуковай чытальнай залы.
30. Для выканання запыту на раздрукоўку інфармацыі з папкі Партфель або яе экспарт на электронны носьбіт карыстальнік павінен паведаміць бібліятэкару імя створанага файла.
31. Экспарт інфармацыі, захаванай карыстальнікам у папцы Партфель, ажыццяўляецца толькі пасля праверкі носьбіта на наяўнасць шкодных праграм (падчас праверкі файлы, якія ўтрымліваюць шкодны код, могуць быць аўтаматычна выдалены сістэмай). На носьбіты, якія немагчыма ачысціць ад шкодных праграм, капіраванне электроннай інфармацыі не выконваецца.
32. Аплата паслуг праводзіцца карыстальнікам у пунктах прыёму аплаты за паслугі згодна з Прэйскурантам.
33. Выкананне платных паслуг спыняецца за 15 хвілін да закрыцця Бібліятэкі.
Пытанні абслугоўвання карыстальнікаў, не ўрэгуляваныя гэтым Парадкам, вырашаюцца індывідуальна шляхам звароту карыстальніка да загадчыка аддзела бібліятэчнага абслугоўвання і першаму намесніку дырэктара па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі.

Бібліятэкарам