ГалоўнаяЧытачуПравiлы карыстання i парадак запiсу ў бiблiятэку Парадак абслугоўвання невідушчых і слабавідушчых карыстальнікаў

Парадак абслугоўвання невідушчых і слабавідушчых карыстальнікаў

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Парадак абслугоўвання сляпых і слабавідушчых карыстальнікаў (далей – Парадак) распрацаваны ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 17.05.2011 № 262-3 “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”, Маракешскім дагаворам аб палягчэнні доступу сляпых і асоб з парушэннямі зроку ці іншымі абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю да апублікаваных твораў (далей – Маракешскі дагавор), Законам Рэспублікі Беларусь ад 07.05.2021 № 99-3 “Аб абароне персанальных даных”, статутам дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” (далей – Бібліятэка), правіламі карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, парадкам абслугоўвання ў навуковай чытальнай зале і выкарыстоўвае тэрміны, вызначаныя Маракешскім дагаворам.

2. Парадак вызначае ўмовы абслугоўвання Бібліятэкай сляпых і слабавідушчых карыстальнікаў (далей – бенефіцыяры).

3. Абслугоўванне бенефіцыяраў ажыццяўляецца шляхам кансультацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага суправаджэння інфармацыйнай дзейнасці і забеспячэння доступу да інфармацыйных рэсурсаў Бібліятэкі.

4. Кансультацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне бенефіцыяраў уключае:

кансультацыйную дапамогу ў рабоце з інфармацыйнымі рэсурсамі і абсталяваннем, прадстаўленымі Бібліятэкай;
падбор літаратуры і афармленне спісу дакументаў па тэме;
пошук і заказ неабходных дакументаў, у тым ліку па міжбібліятэчным абанеменце (далей – МБА);
прадстаўленне інфармацыі аб падзеях, фактах, асобах;
удакладненне фактаграфічнай і бібліяграфічнай інфармацыі.

5. Доступ бенефіцыяраў да інфармацыйных рэсурсаў Бібліятэкі забяспечваецца з дапамогай:

выдачы дакументаў, надрукаваных шрыфтам Брайля, для працы ў чытальнай зале;
прадстаўлення спецыяльнага абсталявання і тыфласродкаў для працы з плоскадрукаванымі, электроннымі і аўдыядакументамі ў чытальнай зале;
пераўтварэння дакументаў у электронныя даступныя фарматы (далей – у даступныя фарматы);
электроннай дастаўкі дакументаў.

6. Бібліятэчна-інфармацыйныя паслугі прадстаўляюцца бенефіцыярам бясплатна на падставе пасведчання інваліда па зроку або дакумента, які пацвярджае інваліднасць па зроку.

7. Абслугоўванне бенефіцыяраў ажыццяўляецца ў навуковай чытальнай зале і аддалена.

ГЛАВА 2
АБСЛУГОЎВАННЕ БЕНЕФІЦЫЯРАЎ У НАВУКОВАЙ ЧЫТАЛЬНАЙ ЗАЛЕ

8. Абслугоўванне бенефіцыяраў у навуковай чытальнай зале ажыццяўляецца на падставе чытацкага білета, які выдаецца пры рэгістрацыі ў бібліятэцы.

9. Для рэгістрацыі неабходна прад’явіць дакумент, які пацвярджае асобу: пашпарт, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца; для запісу ў навуковую чытальную залу – пасведчанне інваліда па зроку або дакумент, які пацвярджае інваліднасць па зроку.

10. Суправаджэнне бенефіцыяраў па бібліятэцы забяспечваюць работнікі навуковай чытальнай залы або адказны дзяжурны. Выклікаць суправаджальніка можна ў пунктах запісу і інфармавання карыстальнікаў.

11. Працаваць з дакументамі дапаможнага фонду навуковай чытальнай залы можна без папярэдняга заказу, з дакументамі з асноўнага фонду, у тым ліку з выданнямі, надрукаванымі шрыфтам Брайля, – па папярэднім заказе.

12. Заказ дакументаў выконваецца па электронным каталогу самастойна або па запыце дзяжурным бібліятэкарам. Заказаныя дакументы дастаўляюцца ў чытальную залу цягам 30 хвілін.

13. Для самастойнай працы бенефіцыяраў з плоскадрукаванымі выданнямі, аўдыядакументамі і электроннымі рэсурсамі ў чытальнай зале прадугледжаны аўтаматызаваныя працоўныя месцы, абсталяваныя тыфласродкамі:

электроннай лупай, якая праецыруе старонкі друкаванага дакумента на экран камп’ютара ва ўзбуйненым фармаце;
праграмай “Экранная лупа”, убудаванай у Windows, якая павялічвае электронную інфармацыю;
праграмай экраннага доступу, якая агучвае электронны тэкст з экрана манітора на беларускай, рускай, англійскай мовах;
навушнікамі.

14. У чытальнай зале можна атрымаць кансультацыйную дапамогу ў працы з інфармацыйнымі рэсурсамі Бібліятэкі, персанальным камп’ютарам, наяўнымі ў чытальнай зале тыфласродкамі, аформіць заказ на электронную дастаўку дакументаў і пераўтварэнне дакументаў у даступныя фарматы.

ГЛАВА 3
АДДАЛЕНАЕ АБСЛУГОЎВАННЕ БЕНЕФІЦЫЯРАЎ

15. Аддаленае абслугоўванне бенефіцыяраў ажыццяўляецца па тэлефоне (8 017) 293 27 23, электроннай пошце tiflo@nlb.by і іншых каналах сувязі.

16. Права на аддаленае абслугоўванне забяспечвае электронная копія або фатаграфія пасведчання інваліда па зроку або дакумента, які пацвярджае інваліднасць па зроку.

17. Для рэгістрацыі ў якасці аддаленага карыстальніка Бібліятэкі неабходна таксама прадставіць на электронную пошту наступныя звесткі, якія вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, лакальнымі актамі, дасягненнем пастаўленых мэт і ўключаюць:

прозвішча, імя, імя па бацьку;
чысло, месяц, год нараджэння;
адукацыя, вучоная ступень, вучонае званне;
месца вучобы (факультэт, курс, форма навучання);
месца працы, пасада;
даныя аб рэгістрацыі па месцы жыхарства і (або) месцы знаходжання;
даныя аб інваліднасці (група інваліднасці, тэрмін дзеяння);
нумар тэлефона;
е-mail.

18. Апрацоўка персанальных даных ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 07.05.2021 № 99-3 “Аб абароне персанальных даных” і палітыкай адносна апрацоўкі персанальных даных, зацверджанай у Бібліятэцы, без згоды суб’екта персанальных даных (абзац 20 часткі 1 артыкула 6 Закона Рэспублікі Беларусь ад 07.05.2021 № 99-3 “Аб абароне персанальных даных”, падпункт 2.2 пункт 2 артыкул 137 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры) толькі ў мэтах аддаленага бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання бенефіцыяраў.

19. Па запытах бенефіцыяраў аддалена выконваюцца кансультацыі, бібліяграфічныя і фактаграфічныя даведкі, заказы на электронную дастаўку дакументаў і пераўтварэнне дакументаў у даступныя фарматы.

ГЛАВА 4
ЭЛЕКТРОННАЯ ДАСТАЎКА ДАКУМЕНТАЎ ДЛЯ БЕНЕФІЦЫЯРАЎ

20. Служба электроннай дастаўкі дакументаў (далей – ЭДД) прадстаўляе лічбавыя копіі фрагментаў або цэласных дакументаў у даступных фарматах на электронную пошту бенефіцыяра.

21. Па запыце бенефіцыяра дастаўляюцца пераўтвораныя экзэмпляры і электронныя копіі прадстаўленых у даступных фарматах дакументаў Бібліятэкі, адкрытых крыніц інфармацыі і дакументаў, атрыманых па МБА.

22. Дакументы з ліцэнзійных баз даных і атрыманыя па МБА падаюцца ў фармаце і аб’ёме, вызначаным праваўладальнікамі рэсурсаў.

23. Дастаўка выконваецца цягам трох дзён. Час дастаўкі дакументаў, для якіх аформлены заказ па МБА або заказ на пераўтварэнне, залежыць ад тэрмінаў выканання гэтых заказаў.

ГЛАВА 5
ПЕРАЎТВАРЭННЕ ДАКУМЕНТАЎ У ДАСТУПНЫЯ ФАРМАТЫ

24. Пераўтварэнне дакументаў у даступныя фарматы (далей – пераўтварэнне) – гэта стварэнне экзэмпляраў дакументаў у даступных для ўспрымання бенефіцыяраў фарматах:

графічным (pdf), даступным для працы слабавідушчых бенефіцыяраў з дапамогай экраннай лупы;
тэкставым (word, txt), даступным для працы з праграмамі экраннага доступу і агучвання тэксту;
аўдыя (mp3), алічбаваным або агучаным сінтэзаваным голасам.

25. Па запытах бенефіцыяраў могуць быць пераўтвораны дакументы з фондаў бібліятэкі, баз даных, доступ да якіх забяспечвае Бібліятэка, адкрытых крыніц інфармацыі і дакументы, атрыманыя па МБА.

26. Фармат, аб’ём, умовы прадстаўлення дакументаў з ліцэнзійных баз даных і атрыманых па МБА вызначаюць праваўладальнікі рэсурсаў.

27. Заказы на пераўтварэнне выконваюцца ў парадку паступлення.

28. Тэрмін выканання заказаў на пераўтварэнне без рэдагавання распазнаных тэкстаў (далей – рэдагаванне) прадугледжвае да 7 дзён. Тэрміны пераўтварэння з рэдагаваннем залежаць ад колькасці і складанасці заказаў, аб’ёму і якасці крыніц і ўстанаўліваюцца па ўзгадненні з бенефіцыярам.

29. Заказы на пераўтварэнне з рэдагаваннем прымаюцца толькі для дакументаў сацыягуманітарнай накіраванасці і твораў мастацкай літаратуры.

30. Кожны створаны шляхам пераўтварэння экзэмпляр мае знак, што ён пераўтвораны для карыстальніка з інваліднасцю па зроку і прызначаны для яго асабістага карыстання. Знак выконваецца ў фармаце, які адпавядае фармату пераўтварэння.

31. Пераўтвораныя экзэмпляры прадстаўляюцца для працы ў чытальнай зале, экспартуюцца на электронны носьбіт альбо дастаўляюцца на электронную пошту бенефіцыяра.

32. Бенефіцыяры нясуць адказнасць у выпадку выкарыстання атрыманых экзэмпляраў у мэтах, якія супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Пытанні абслугоўвання карыстальнікаў, не ўрэгуляваныя дадзеным Парадкам, вырашаюцца індывідуальна шляхам звароту карыстальніка да загадчыка аддзела бібліятэчнага абслугоўвання і намесніка генеральнага дырэктара – дырэктара па фарміраванні інфармацыйных рэсурсаў і абслугоўванні карыстальнікаў.

Бібліятэкарам