ГалоўнаяЧытачуПравiлы карыстання i парадак запiсу ў бiблiятэку Правілы экскурсійнага абслугоўвання

Правілы экскурсійнага абслугоўвання

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Правілы экскурсійнага абслугоўвання (далей – Правілы) распрацаваны ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, статутам дзяржаўнай установы "Нацыянальная бібліятэка Беларусі" і рэгламентуюць парадак экскурсійнага абслугоўвання наведвальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (далей – Бібліятэка) ў складзе экскурсійнай групы.

2. Правілы абавязковыя да азнаямлення, вывучэння, прымянення і выканання работнікамі, якія праводзяць экскурсіі па Бібліятэцы.

3. Работнікі ў межах сваёй кампетэнцыі нясуць адказнасць за невыкананне патрабаванняў дадзеных Правілаў.

4. Права наведвання Бібліятэкі ў складзе экскурсійнай групы прадстаўляецца грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства.

Дзеці да 14 гадоў дапускаюцца на экскурсію толькі ў суправаджэнні дзеяздольных дарослых. Колькасны склад суправаджальных асоб – з разлікам 1 да 14 чалавек. У выпадку экскурсій, якія разлічаны на 10 чалавек, – 1 да 9 чалавек.

Дарослыя павінны праінфармаваць дзяцей аб правілах паводзін у Бібліятэцы і несці адказнасць за іх выкананне дзецьмі.

5. Экскурсійнае абслугоўванне ажыццяўляецца на платнай аснове (за наяўны і па безнаяўным разліку).

6. Экскурсійнае абслугоўванне на бясплатнай аснове  ажыццяўляецца (пры наяўнасці пацвярджаючых дакументаў) для:

  • дзяцей да 6-гадовага ўзросту;
  • дзяцей-сірот;
  • інвалідаў І і ІІ груп;
  • ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

7. У мэтах папулярызацыі інфармацыйных рэсурсаў і паслуг Бібліятэкі, абмену перадавым вопытам магчыма ажыццяўленне экскурсійнага абслугоўвання на бясплатнай аснове для:

  • работнікаў арганізацый і ўстаноў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь;
  • работнікаў бібліятэк Рэспублікі Беларусь;
  • удзельнікаў мерапрыемстваў, у якіх Бібліятэка з’яўляецца арганізатарам ці суарганізатарам.

8. Дакументамі, якія даюць права арганізаванай групе на экскурсійнае абслугоўванне, з’яўляюцца пропуск наведвальніка сацыякультурнага цэнтра і касавы чэк.

9. Экскурсіі, якія патрабуюць падрыхтоўкі дадатковых матэрыялаў і памяшканняў, ажыццяўляюцца выключна па папярэднім запісе.

10. Экскурсіі з наведваннем Круглай залы Прэзідэнт-цэнтра ажыццяўляюцца па папярэднім запісе пасля накіравання ў адрас Бібліятэкі ліста-заяўкі са спісам асоб, якія плануюць наведаць Бібліятэку падчас экскурсіі.

11. Экскурсійныя групы фарміруюцца па заяўках індывідуальных наведвальнікаў і калектыўных заяўках.

12. Экскурсійнае абслугоўванне ажыццяўляецца толькі работнікамі Бібліятэкі.

13. Экскурсійнае абслугоўванне ў Бібліятэцы каардынуецца аддзелам экскурсійна-метадычнай работы. Работнікі аддзела прымаюць заяўкі на правядзенне экскурсій па Бібліятэцы, размяркоўваюць парадак перамяшчэння экскурсійных груп, у тым ліку наведванне агляднай пляцоўкі, распрацоўваюць новыя тэксты экскурсій.

14. Работнікі дапускаюцца да правядзення экскурсій толькі пасля праслухоўвання і прыняцця індывідуальнай экскурсіі начальнікам сацыякультурнага цэнтра, загадчыкам аддзела экскурсійна-метадычнай работы і загадчыкам сектара экскурсійнай работы аддзела экскурсійна-метадычнай работы.

Работнік, які лічыцца дапушчаным да правядзення экскурсій па Бібліятэцы, павінен азнаёміцца з дадзенымі Правіламі ў аддзеле экскурсійна-метадычнай работы і засведчыць згоду па іх выкананні асабістым подпісам.

15. Экскурсійнае абслугоўванне ажыццяўляецца паводле тэхналагічных карт і ўзгодненых маршрутаў.

ГЛАВА 2
АРГАНІЗАЦЫЯ ЭКСКУРСІЙНАГА АБСЛУГОЎВАННЯ

17. На экскурсійнае абслугоўванне прымаюцца калектыўныя заяўкі ад груп наступных катэгорый насельніцтва:

  • навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (з 6-гадовага ўзросту);
  • навучэнцы ўстаноў прафесiйна-тэхнiчнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі;
  • работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый i іншых устаноў;
  • групы замежных грамадзян;
  • турыстычныя групы.

18. Папярэдні запіс калектыўных заявак ажыццяўляецца з 5 чысла кожнага месяца на наступны месяц. У выпадку, калі гэта дата прыпадае на выхадны ці святочны дзень, запіс ажыццяўляецца наступным днём гэтага месяца.

Дата і час правядзення экскурсіі могуць быць зменены не пазней, чым за 7 дзён да правядзення экскурсіі i толькі пры наяўнасці вольнага ў гэты час работніка.

19. Калектыўныя заяўкі на экскурсіі прымаюцца ў наступным рэжыме:

аўторак – нядзеля (з 1 верасня па 31 мая) з 10.00 да 18.00;
панядзелак – субота (з 1 чэрвеня па 31 жніўня) з 10.00 да 18.00.

20. Экскурсійнае абслугоўванне груп па калектыўных заяўках праводзіцца ў наступным рэжыме:

штодзённа (з 1 верасня па 31 мая):
аўторак – пятніца – з 10.00 да 18.00;
субота, нядзеля – з 10.00 да 17.00;
панядзелак – выхадны дзень;

у летні перыяд (з 1 чэрвеня па 31 жніўня):
аўторак – пятніца – з 10.00 да 18.00;
субота, панядзелак – з 10.00 да 17.00;
нядзеля – выхадны дзень.

21. Колькасны склад экскурсійнай групы – да 15 чалавек, у тым ліку 1 (адзін) суправаджальны для груп навучэнцаў і студэнтаў.

Колькасны склад групы для інтэрактыўных экскурсій "Ажыўшыя кнігі", "Дзень нараджэння ў Бібліятэцы" – да 10 чалавек, у тым ліку 1 (адзін) суправаджальны.

22. У выключных выпадках з’яўляецца дапушчальным перавышэнне колькаснага складу групы не больш як на 4 чалавекі (для экскурсіі-квэсту – не больш як на 3 чалавекі). У гэтым выпадку экскурсанты, якія перавышаюць колькасны склад групы, набываюць білеты індывідуальнага наведвальніка.

У выпадку перавышэння колькаснага складу групы больш як на 4 чалавекі афармляецца дадатковая экскурсія пры ўмове наяўнасці вольнага ў гэты час работніка.

23. У выпадку:

23.1. прыбыцця групы раней вызначанага часу, датэрміновае абслугоўванне ажыццяўляецца пры наяўнасці вольнага ў гэты час работніка;

23.2. спазнення групы менш за 30 хвілін, час правядзення экскурсіі скарачаецца суразмерна часу спазнення;

23.3. спазнення групы больш за 30 хвілін, абслугоўванне адмяняецца ў аднабаковым парадку.

24. Экскурсійныя групы па заяўках індывідуальных наведвальнікаў фарміруюцца па папярэднім запісе з 20 чысла кожнага месяца на наступны месяц.

Заяўкі на экскурсіі прымаюцца ў наступным рэжыме:

аўторак – нядзеля (з 1 верасня па 31 мая): з 10.00 да 18.00;
панядзелак – субота (з 1 чэрвеня па 31 жніўня): з 10.00 да 18.00.

25. Афармленне экскурсійных груп, сфарміраваных па заяўках індывідуальных наведвальнікаў, спыняецца за 5 хвілін да пачатку экскурсіі.

26. Калі на экскурсію па заяўках індывідуальных наведвальнікаў запісалася менш чым 5 чалавек, экскурсія можа быць адменена ў аднабаковым парадку.

27. Экскурсійнае абслугоўванне сфарміраваных груп па заяўках індывідуальных наведвальнікаў праводзіцца ў наступным рэжыме:

штодзённа (з 1 верасня па 31 мая):
аўторак – пятніца – 12.00, 15.00, 18.00;
субота, нядзеля – 12.00, 15.00, 17.00;
панядзелак – выхадны дзень;

у летні перыяд (з 1 чэрвеня па 31 жніўня):
аўторак – пятніца – 12.00, 15.00, 18.00;
субота, панядзелак – 12.00, 15.00, 17.00;
нядзеля – выхадны дзень.

28. У выключных выпадках Бібліятэка мае права ўносіць змены ў рэжым экскурсійнага абслугоўвання. Інфармаванне наведвальнікаў ажыццяўляецца загадзя праз інтэрнэт-партал і інфармацыйныя стэнды Бібліятэкі.

29. Экскурсіі з пад’ёмам на аглядную пляцоўку Бібліятэкі  рэгулююцца дадзенымі Правіламі і Правіламі карыстання агляднай пляцоўкай.

Пад’ём на аглядную пляцоўку ажыццяўляецца з чытальнай зоны Бібліятэкі.

30. З мэтай забеспячэння пажарнай бяспекі, выключэння вялікай колькасці людзей у ліфтавым холе, усе экскурсіі з наведваннем агляднай пляцоўкі павінны быць папярэдне ўзгоднены і зафіксаваны ў журнале запісу экскурсій на пункце «Экскурсіі» ў холе цэнтральнага ўвахода Бібліятэкі.

ГЛАВА 3
ПРАВЫ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ

31. Наведвальнікі маюць права:

  • атрымліваць неабходную інфармацыю аб экскурсійных паслугах;
  • карыстацца паслугамі экскурсаводаў;
  • выкарыстоўваць фота- і відэаапаратуру (у музеі кнігі і Круглай зале Прэзідэнт-цэнтра без успышкі);
  • звяртацца да кіраўніцтва Бібліятэкі з прапановамі, заўвагамі, скаргамі па пытаннях, звязаных з арганізацыяй экскурсійнага абслугоўвання.

ГЛАВА 4
АБАВЯЗКІ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ

32. Наведвальнікі абавязаны:

  • выконваць дадзеныя Правілы і іншыя лакальныя прававыя акты Бібліятэкі;
  • здаваць у гардэроб вопратку, галаўныя ўборы, сумкі для ноўтбукаў;
  • у асенне-зімовы перыяд дапускаецца ажыццяўляць экскурсійнае абслугоўванне наведвальнікаў у вопратцы, галаўных уборах пры правядзенні экскурсіі з наведваннем агляднай пляцоўкі;
  • пакідаць у камеры захоўвання парасоны, сумкі, партфелі, заплечнікі і іншыя рэчы памерам больш за 30х30х20 см;
  • прад’яўляць для прагляду на кантрольна-прапускным пункце сумкі, сшыткі, пакеты, футляры з-пад музычных інструментаў і іншыя рэчы, якія дазволены для ўнясення ў Бібліятэку;
  • беражліва адносіцца да маёмасці Бібліятэкі;
  • захоўваць цішыню, парадак, чысціню ў памяшканнях і на тэрыторыі Бібліятэкі;
  • ветліва ставіцца да экскурсаводаў і наведвальнікаў Бібліятэкі;
  • пры наведванні Круглай залы Прэзідэнт-цэнтра выкарыстоўваць бахілы;
  • у надзвычайных сітуацыях (тэхнічны збой, пажар, аварыя, пагроза тэрарыстычнага акту і інш.) выконваць патрабаванні работнікаў Бібліятэкі, органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях.

33. Наведвальнікам забараняецца:

    выносіць дакументы з Бібліятэкі;
  • уносіць у Бібліятэку друкаваныя матэрыялы (кнігі, часопісы, газеты, вучэбна-метадычныя матэрыялы, выяўленчыя дакументы, ноты і іншыя дакументы), колючыя і рэжучыя прадметы;
  • праходзіць у Бібліятэку ў неахайным знешнім выглядзе;
  • наведваць Бібліятэку ў стане алкагольнага ап’янення, пад уздзеяннем наркатычных, псіхатропных, таксічных рэчываў;
  • уваходзіць у Бібліятэку з жывёламі, за выключэннем карыстальнікаў з аслабленым зрокам і асоб, якія страцілі зрок, у суправаджэнні сабакі-павадыра;
  • ажыццяўляць дзеянні, якія прычыняюць шкоду абсталяванню Бібліятэкі;
  • браць дакументы без дазволу;
  • карыстацца сродкамі мабільнай сувязі з уключаным гукавым сігналам;
  • самавольна размяшчаць у памяшканнях Бібліятэкі аб’явы, афішы і іншыя матэрыялы, займацца прадпрымальніцкай, агітацыйнай і рэкламнай дзейнасцю;
  • парушаць грамадскі парадак;
  • курыць у памяшканнях Бібліятэкі, акрамя месцаў, спецыяльна прызначаных для гэтага;
  • прымаць ежу і напоі падчас экскурсіі.

ГЛАВА 5
АДКАЗНАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ

34. Наведвальнікі Бібліятэкі, якія нанеслі шкоду дакументам ці маёмасці Бібліятэкі (камп’ютарам, аргтэхніцы, мэблі, электраабсталяванню і інш.), пакрываюць страту згодна з заканадаўствам.

35. Наведвальнікі, якія парушаюць грамадскі парадак, зневажаюць работнікаў і іншых наведвальнікаў Бібліятэкі, нясуць адказнасць, згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

36. За парушэнне гэтых Правілаў наведвальнікі могуць быць часова абмежаваны ці пазбаўлены зусім доступ да паслуг Бібліятэкі тэрмінам не больш за адзін год.

ГЛАВА 6
ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ БІБЛІЯТЭКІ

37. Бібліятэка мае права:

  • уносіць дапаўненні і змяненні ў дадзеныя Правілы ва ўстаноўленым парадку;
  • вызначаць умовы экскурсійнага абслугоўвання;
  • вызначаць у адпаведнасці з заканадаўствам віды і памеры кампенсацыі шкоды, нанесенай наведвальнікамі;
  • вызначаць тэрмін абмежавання (не больш за адзін год) доступу да паслуг Бібліятэкі наведвальнікам, якія парушылі гэтыя Правілы;
  • патрабаваць ад наведвальнікаў пакінуць памяшканне Бібліятэкі ў выпадку невыканання этычных нормаў і правілаў паводзін у Бібліятэцы.

38. Бібліятэка абавязана:

  • забяспечваць высокую культуру абслугоўвання наведвальнікаў;
  • захоўваць канфідэнцыяльнасць звестак пра наведвальнікаў;
  • інфармаваць наведвальнікаў аб:
  • дапаўненнях і змяненнях, якія ўносяцца ў гэтыя Правілы;
  • змяненнях у рэжыме работы Бібліятэкі;
  • відах паслуг, што выконвае Бібліятэка.

Бібліятэкарам