ГалоўнаяМерапрыемствыДушы стомленай струнны крык
Заняткі “Тэкставы рэдактар Word” для пачынаючых карыстальнікаў ПК
Вышыня Уладзіміра Высоцкага

Душы стомленай струнны крык

Душы стомленай струнны крык
Іншыя мерапрыемствы

З 5 студзеня па 27 лютага ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305) праходзіць выстаўка “Душы стомленай струнны крык”, прымеркаваная да 80-годдзя з дня нараджэння выдатнага выканаўца аўтарскай песні, артыста тэатра і кіно Уладзіміра Высоцкага.

Уладзімір Сямёнавіч Высоцкі (1938–1980), адзін з заснавальнікаў жанру аўтарскай песні, паэт, драматычны артыст, нарадзіўся і вырас у Маскве. Скончыў Школу-студыю пры ММАТ, іграў у тэатрах Масквы, быў вядучым артыстам Тэатра на Таганцы. Зняўся ў 29 кінастужках.

Творчая спадчына У. Высоцкага ўключае песні, напісаныя для спектакляў і кінафільмаў, больш за 600 песенных сачыненняў, якія выконваліся з эстрады. Незвычайны паэтычны дар і музычнасць спалучаліся ў яго выкананні з каласальным тэмпераментам і прыродным дэмакратызмам. Інтанацыйная і жанравая палітра песень Высоцкага надзвычай разнастайная: ад шчыра сатырычных фарбаў – “Диалог у телевизора”, “Дорогая передача” – да трагічных адкрыццяў – “Кони привередливые”, “Охота на волков”, “И снизу лёд и сверху”.

У асноўнай частцы экспазіцыі прадстаўлены шматлікія аўдыязапісы твораў Высоцкага. Цікавасць выклічуць грампласцінкі серыі “На концертах Владимира Высоцкого”, пласцінкі і кампакт-дыскі з песнямі барда. Выстаўка дае магчымасць пачуць як голас самога Уладзіміра Сямёнавіча, так і яго песні ў выкананні М. Уладзі, Г. Лепса і інш. Вершы Высоцкага ў выкананні Л. Дзеркача прадстаўлены ў аўдыякнізе “Нерв”.

На выстаўцы наведвальнікі змогуць пазнаёміцца і з нотамі песень Уладзіміра Сямёнавіча, сярод якіх “К вершине”, “Он не вернулся из боя”, “Я не люблю”, “Пародия на плохой детектив”, “Я несла свою беду” і інш.

З кніг Ю.М. Сушко “Высоцкий. На краю”, М. Уладзі “Владимир, или Прерванный полёт”, В. Залатухіна “Секрет Высоцкого”, В. Шылінай “Владимир Высоцкий и музыка”, “«Все не так, ребята…»: Владимир Высоцкий в воспоминаниях друзей и коллег” можна даведацца пра жыццё і творчасць барда.

Дапаўняюць экспазіцыю зборнікі вершаў і песень У. Высоцкага “Спасите наши души”, “Я не верю судьбе”, “Не пройдёт и полгода”, “Я, конечно, вернусь”, зборнікі песень “Где же наша звезда?”, “130 песен для кино” і інш.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 52.




Бібліятэкарам