ГалоўнаяМерапрыемствыІмгненні спорту
Горад, прачынайся – хутка на сталіцу спусціцца Бібліяноч!
Сінявокая – Паднябесная: погляд праз фотааб’ектыў

Імгненні спорту

Імгненні спорту
Іншыя мерапрыемствы

З 6 красавіка па 2 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Імгненні спорту”.

Рух, дынаміка і хуткасць заўсёды натхнялі чалавека, надавалі яму сілу, усялялі ўпэўненасць і аптымізм. Тэма спорту, здароўя, гармоніі і прыгажосці чалавечага цела пастаянна прысутнічала ў творчасці майстроў розных эпох і стыляў. Да яе звярталіся антычныя мастакі і скульптары, яе апявалі творцы эпохі Адраджэння, ёю натхняліся дзеячы савецкага мастацтва, а таксама нашы сучаснікі.

На выстаўцы прадстаўлены творы, якія ўвасабляюць разнастайнасць спорту ў мастацтве. Сярод іх рэпрадукцыі антычных шэдэўраў: унікальны грэчаскі вазапіс чорнафігурнага стылю, які паказвае барцоў, знакамітая скульптура “Дыскабол” работы Мірона, “Дарыфор” (“Дзіданосец”) Паліклета. Сілай духу, грандыёзнасцю і дзіўнай гарманічнасцю чалавека і светабудовы прасякнуты велічныя скульптуры Мікеланджэла, “Атлеты” А. Радэна.

Зацікавяць вытанчаныя вобразы фігурыстаў, створаныя П. Брэйгелем, Х. Аверкампам, К. Сомавым. Цікавасць выклічуць работы прадстаўнікоў мадэрнісцкіх плыняў (кубізму, футурызму, супрэматызму), для творчасці якіх былі актуальныя хуткасць і дынамічныя кампазіцыі.

Неаднаразова да тэмы спорту звярталіся савецкія мастакі і скульптары, чые працы (рэпрадукцыі) экспануюцца на выстаўцы: жывапіс А. Дэйнекі, “Дзяўчына ў футболцы” А. Самахвалава, “Гімнасты СССР” Д. Жылінскага, скульптура “Футбалісты” І. Чайкова, “Фізкультурны момант” В. Цімермана.

Зацікавіць наведвальнікаў і творчасць беларускіх аўтараў, якія звярталіся да дадзенай тэмы: скульптуры Л. Пакульніцкага, С. Бандарэнкі, прысвечаныя коннаму спорту, жывапіс У. Пасюкевіча, У. Новака, Т. Кандраценкі, гумарыстычныя кампазіцыі В. Губарава і С. Давідовіча.

Сярод экспанатаў – артыкулы пра ўвасабленне тэмы спорту ў кінамастацтве. Гэта матэрыялы пра фільм “Легенда № 17”, прысвечаны выдатнаму хакеісту В. Харламаву (рэжысёр М. Лебедзеў), дакументальны фільм “Марадона” (рэжысёр Э. Кустурыца), інфармацыя аб савецкіх кінафільмах пра спорт.

Дапаўняюць экспазіцыю кнігі “Olympism” і “Олимпийские мемуары” заснавальніка алімпійскага руху барона П’ера дэ Кубертэна, які ўпершыню прапанаваў ідэю сінтэзу спорту і мастацтва.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Мерапрыемствы

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам