Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 4 па 30 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Дыяпазон творчасці”, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння беларускага мастака Аляксандра Міхайлавіча Кішчанкі (1933–1997).
У кожнага майстра, творцы, стваральніка мэта творчасці глыбока індывідуальная. Хтосьці імкнецца захаваць рэаліі сучаснасці, прыўнесці нешта зусім новае, часам фрагментарнае і раз’яднанае, іншыя ж глядзяць у будучыню, імкнучыся знайсці гарманічнае цэлае, стварыць адмысловы тып духоўнасці, злучыўшы штодзённасць з вечнымі законамі светабудовы. Менавіта гэта важная асаблівасць характарызуе стыль Аляксандра Кішчанкі.
Дыяпазон яго творчасці дзівіць сваёй усёахопнасцю і ўніверсалізмам. Аляксандр Міхайлавіч быў таленавітым жывапісцам і графікам, выбітным мастаком-манументалістам, майстрам габелена і мазаікі, выкладчыкам. Яго творы рэфлексіўныя і філасофскія, насычаныя сімваламі і сэнсавай глыбінёй, якая патрабуе глядацкага разумення і ўдумлівага асэнсавання. Мастацтвазнаўцы адзначаюць своеасаблівы кішчанкаўскі “касмізм”, складанасць і шматграннасць вобразаў, якія характарызуюць майстра як чалавека іншага вымярэння, апярэдзіўшага час і не заўсёды зразумелага сучаснікам. У сваёй творчасці Кішчанка імкнуўся захаваць будучыню, не прымяншаючы пры гэтым значнасць мінулага, дасягненні вялікіх творцаў беларускай гісторыі, кім быў і ён сам.
На выстаўцы экспануюцца ізаматэрыялы, якія прадстаўляюць жывапісныя палотны Кішчанкі. Сярод іх – “Нядзеля”, “Партрэт мастацтвазнаўцы Людмілы Крамарэнка”, “Мадонна” і інш. Цікавыя будуць нацюрморты і пейзажы мастака, яго графічныя работы.
Прыцягнуць увагу рэпрадукцыі габеленаў А. Кішчанкі “Чалавек, які пазнае свет”, “Музыка”, “Чарнобыль”, “Легенда пра беларускіх партызанаў”, “Першадрукар”. Нікога не пакіне абыякавым манументальная і грандыёзная работа майстра “Габелен стагоддзя”, якая занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса і ўяўляе сабой маштабны дыван-карціну ручной работы, дзе адлюстравана ўся беларуская гісторыя.
Каштоўнасць выстаўцы надае фундаментальная кніга-альбом “Александр Кищенко. Летописец ХХ столетия”, дзе прадстаўлена шматгранная спадчына майстра, рэпрадукцыі яго асноўных работ, сярод якіх усім вядомыя мазаічныя пано на тарцах жылых дамоў у мікрараёне “Усход”.
Дапаўняюць выстаўку артыкулы пра майстра беларускіх мастацтвазнаўцаў Я. Шунейкі, Л. Налівайкі, а таксама жонкі Аляксандра Кішчанкі Ніны Кухарэнка – захавальніцы яго спадчыны, мастака-кераміста і рэстаўратара.
Усяго на выстаўцы прадстаўлена больш за 50 дакументаў.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход на выстаўку – па чытацкім білеце ці білеце сацыякультурнага цэнтра бібліятэкі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.