ГалоўнаяМерапрыемствы100 гадоў Міжнароднай арганізацыі працы: забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці і дастойнай працы
Захавальнікі рарытэтаў
Наперад па дарозе здароўя

100 гадоў Міжнароднай арганізацыі працы: забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці і дастойнай працы

100 гадоў Міжнароднай арганізацыі працы: забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці і дастойнай працы
Іншыя мерапрыемствы
3 красавіка – 5 мая
Дата правядзення
10.00–18.00
Час правядзення
пам. 207
Месца правядзення

З 3 красавіка па 5 мая ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстаўка “100 гадоў Міжнароднай арганізацыі працы: забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці і дастойнай працы".

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) – адна з найстарэйшых і найбольш буйных міжнародных арганізацый. Яна была ўтворана ў 1919 годзе ў якасці структурнага падраздзялення Лігі Нацый згодна з часткай 13 Версальскага мірнага дагавора. Асноўнай перадумовай і прычынай стварэння МАП сталі патрабаванні міжнароднага рабочага руху аб сацыяльнай справядлівасці і паляпшэнні ўмоў жыцця працоўных. У 1946 годзе пасля распаду Лігі Нацый МАП стала першым спецыялізаваным агенцтвам ААН.

МАП ставіць перад сабой чатыры асноўныя стратэгічныя мэты: прасоўваць і ператвараць у жыццё асноватворныя прынцыпы і правы ў сферы працы; пашыраць магчымасці жанчын і мужчын для атрымання дастойнай занятасці; павялічваць ахоп і эфектыўнасць сацыяльнага забеспячэння для ўсіх; умацоўваць трыпартызм і сацыяльны дыялог.

Гэтыя задачы вырашаюцца рознымі шляхамі: выпрацоўкай міжнароднай палітыкі і праграм, накіраваных на падтрымку асноўных праў чалавека і паляпшэнне ўмоў працы; прыняццем міжнародных працоўных норм у форме канвенцый і рэкамендацый; рэалізацыяй буйнамаштабных праграм міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва; прафесійнай падрыхтоўкай і навучаннем; даследчай і выдавецкай дзейнасцю ў падтрымку гэтых намаганняў.

Адметная рыса МАП – трыпартызм, трохбаковая структура, у рамках якой ажыццяўляюцца перагаворы паміж урадамі, арганізацыямі працоўных і прадпрымальнікаў. Дэлегаты гэтых трох груп прадстаўлены і раяцца на роўных падставах на ўсіх узроўнях МАП.

Вышэйшы орган МАП – Міжнародная канферэнцыя працы – склікаецца не радзей за адзін раз на год. На канферэнцыі разглядаюцца і прымаюцца міжнародныя нормы ў сацыяльна-працоўнай галіне, абмяркоўваюцца пытанні, якія маюць агульнасусветнае значэнне. Выканаўчым органам МАП з’яўляецца адміністрацыйны савет, які кіруе працай арганізацыі ў перыяд паміж канферэнцыямі і вызначае парадак выканання яе рашэнняў. Функцыі сакратарыята МАП выконвае Міжнароднае бюро працы.

Сёння членамі МАП з’яўляюцца 187 дзяржаў свету. Сакратарыят МАП мае штаб-кватэру ў Жэневе і глабальную сетку тэхнічных спецыялістаў і супрацоўнікаў на месцах у больш чым 40 краінах.

За гады свайго існавання ў МАП было прынята 189 канвенцый і 205 рэкамендацый, якія закранаюць фактычна ўсё кола праблем у сферы працы – ад ліквідацыі прымусовай і дзіцячай працы да забеспячэння праў маракоў і садзейнічання гендарнай роўнасці. Акрамя гэтага МАП выпускае шэраг перыядычных выданняў, публікуе тэматычныя манаграфіі, даследаванні і статыстычныя зборнікі.

У 2019 годзе МАП святкуе стагоддзе свайго існавання. Юбілей – гэта падстава непрадузятым і крытычным поглядам ацаніць асноўныя праблемы і змены, з якімі сутыкаецца сфера працы, задумацца пра тое, што варта распачаць МАП і дзяржавам – членам арганізацыі, каб адрэагаваць на іх найбольш эфектыўным чынам.

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца членам МАП з 1954 года і ратыфікавала 49 яе канвенцый, у тым ліку 8 асноватворных. Членства ў МАП дазваляе Беларусі вывучаць і прымяняць міжнародную практыку ўрэгулявання сацыяльна-працоўных спрэчак, развіваць сацыяльнае партнёрства, удасканальваць і рэгуляваць рынак працы. Удзел у дзейнасці МАП дапамагае распрацоўваць заснаваныя на сусветным вопыце нормы працоўнага заканадаўства, садзейнічае развіццю прадпрымальніцтва, рашэнню праблем занятасці.

На выстаўцы прадстаўлена больш за 100 дакументаў на рускай і англійскай мовах. Большую частку экспазіцыі складаюць дакументы МАП: кнігі, брашуры, перыядычныя выданні, буклеты.

Экспазіцыя складаецца з наступных тэматычных раздзелаў:

  • Гісторыя стварэння МАП, яе асноўныя мэты і задачы
  • Нарматворчая дзейнасць, канвенцыі і рэкамендацыі МАП
  • Праграмы тэхнічнага супрацоўніцтва, даследаванні і публікацыі МАП
  • Асноўныя сферы дзейнасці МАП
  • Супрацоўніцтва МАП і Рэспублікі Беларусь

Выстаўка прызначана для спецыялістаў у галіне міжнароднага і працоўнага права, эканомікі працы і сацыяльных адносін, кіраўнікоў і спецыялістаў органаў дзяржаўнай улады і прафсаюзаў, а таксама для студэнтаў, аспірантаў і навуковых работнікаў.

Карысныя спасылкі

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Спіс літаратуры па тэме

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 28.

Мерапрыемствы

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам