ГалоўнаяМерапрыемствыЭнцыклапедыя. Нацыянальны праект
Майстар-клас "Ёлкіны цацкі – шышкі, мішкі і хлапушкі"
Размова з адвакатам аб правах на адпачынак

Энцыклапедыя. Нацыянальны праект

Энцыклапедыя. Нацыянальны праект
Іншыя мерапрыемствы
17 снежня – 11 лютага
Дата правядзення
10.00–18.00
Час правядзення
музей кнігі (пам. 347)
Месца правядзення

Беларусы адбыліся як нацыя. Пра гэта пераканаўча сведчыць стварэнне беларускай ўніверсальнай энцыклапедыі. Менавіта да яе 50-годдзя прымеркавана выстава “Энцыклапедыя. Нацыянальны праект”, адкрыццё якой адбылося 17 снежня ў музеі кнігі.

“Дзяржаўным народам прызнаецца народ, які мае свае герб, гімн, сцяг, буквар і энцыклапедыю”, – сцвярджаем мы разам з класікам беларускай літаратуры Максімам Танкам. Універсальная энцыклапедыя – сімвал нацыі і дзяржавы. Шматтомныя выданні, на старонках якіх сканцэнтраваны запас ведаў чалавецтва, над якімі працавалі інтэлектуалы, лепшыя навукоўцы свайго часу, станавіліся адметнай з’явай у культурным жыцці кожнай нацыі.

Выстава прадстаўляе гісторыю еўрапейскіх энцыклапедычных выданняў ад антычных часоў да сучаснасці. Сярод іх: правобраз еўрапейскіх універсальных энцыклапедый – “Натуральная гісторыя” Плінія (у ліёнскім выданні ХVI ст.), першая энцыклапедыя сучаснага тыпу, кніжны шэдэўр эпохі Асветніцтва – французская “Энцыклапедыя, ці Тлумачальны слоўнік навук, мастацтваў і рамёстваў” Д. Дзідро (1751–1780), самая аўтарытэтная ўніверсальная энцыклапедыя на англійскай мове – “Брытаніка” (1875–1888), самая паспяховая нямецкая – “Энцыклапедыя Бракгаўза” (1882–1887), універсальныя энцыклапедыі на нацыянальных мовах Польшчы, Чэхіі, Расіі, Украіны (ХIХ–ХХ стст.).

Асобны раздзел выставы знаёміць з гісторыяй узнікнення айчыннага энцыклапедычнага праекта, уключае кірылічныя лексіконы ХVIІ ст., архіўныя матэрыялы і выданні, што адлюстроўваюць першыя спробы стварэння беларускай энцыклапедыі ў 20–30-я і 50-я гг. ХХ ст., а таксама ўнікальныя дакументы, фотаздымкі, працоўныя і творчыя матэрыялы другой паловы ХХ ст. калектыву беларускіх энцыклапедыстаў пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара Петруся Броўкі. У цэнтры экспазіцыі – выданне-юбіляр, першая ў гісторыі беларускага народа ўніверсальная “Беларуская савецкая энцыклапедыя” (БелСЭ, 1969–1975), а таксама нацыянальная ўніверсальная энцыклапедыя суверэннай дзяржавы Рэспубліка Беларусь – “Беларуская энцыклапедыя” (1996–2004).

У дзень адкрыцця на выставачнай пляцоўцы 3-га паверха размешчаны лепшыя кнігі выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, адзначаныя ўзнагародамі нацыянальных і міжнародных конкурсаў.

Экспазіцыя пабудавана на матэрыялах з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Літаратурнага музея Петруся Броўкі (філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры).


Выстава “Энцыклапедыя. Нацыянальны праект” будзе працаваць у музеі кнігі да 11 лютага 2020 г. штодзень, акрамя панядзелка і дзяржаўных свят.

Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Чытайце таксама, як прайшло адкрыццё выставы “Энцыклапедыя. Нацыянальны праект”

Мерапрыемствы

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам