ГалоўнаяМерапрыемствыГолас вернасці
Творчыя заняткі “Падарачная скрыначка”
Перыядычныя выданні – юбіляры 2020 года

Голас вернасці

Голас вернасці
Іншыя мерапрыемствы
3 студзеня – 19 лютага
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 205
Месца правядзення

З 3 студзеня па 19 лютага ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка “Голас вернасці”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Міколы Аўрамчыка – выдатнага паэта, празаіка, перакладчыка, заслужанага работніка культуры Беларусі, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы за кнігу вершаў “Сустрэча былых канагонаў”.

Мікалай Якаўлевіч Аўрамчык (1920–2017) належыць да тых творчых людзей, у якіх вельмі часта за радком верша стаіць канкрэтны радок асабістай біяграфіі. Па творах пісьменніка можна прасачыць бадай што ўвесь яго жыццёвы шлях.

Раман “У падзямеллі”, аповесць “Палон”, а таксама паэтычныя зборнікі “Пярэдні край”, “Шляхамі дружбы”, “Ключы жураўліныя”, “Універсітэцкі гарадок”, “Радовішча”, “Агледзіны” і іншыя творы Міколы Аўрамчыка сабраны ў раздзеле “Запрашэнне да роздуму”. У яго паэзіі – шчырасць, добразычлівасць, любоў да радзімы. У вершах адлюстраваны драматычны ваенны лёс паэта, жыццё ў фашысцкай няволі, шахцёрская праца, вучоба ва ўніверсітэце, уражанні з паездак па краіне.

“Майстар беларускай паэзіі” – раздзел выстаўкі, дзе прадстаўлены кнігі і перыядычныя выданні, у якіх змешчаны пераклады Міколы Аўрамчыка. Дзякуючы яму на беларускай мове загучалі асобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, І. Франка, Л. Украінкі, М. Рыльскага, М. Джаліля і іншых вядомых паэтаў свету. Вершы напоўнены глыбокім трагізмам, пяшчотнасцю і мужнасцю. І хоць яны ўяўляюць для перакладчыка значную цяжкасць багатай гамай пачуццяў і надзвычайнай экспрэсіяй, Мікола Аўрамчык пераклаў творы з густам, разуменнем, майстэрствам, захаваўшы іх пяшчотнасць і боль.

Выпрабаванні, якія выпалі на долю Мікалая Якаўлевіча Аўрамчыка, не вымаразілі з яго душы дабрыні і мяккасці, не зрабілі чалавека жорсткім і абыякавым да чужой бяды, не пазбавілі яго непасрэднасці і бескарыслівасці ў адносінах да свету, не зрабілі эгаістычна рацыянальным у паводзінах і ўчынках. Наведвальнікам бібліятэкі будзе цікава пазнаёміцца з матэрыяламі аб жыцці і творчасці пісьменніка ў раздзеле экспазіцыі “Нам засталася спадчына”.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце ці білеце сацыякультурнага цэнтра бібліятэкі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.

Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Знаўца беларускіх старажытнасцей

17.04.2024

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.

Погляд у вечнасць

23.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага вучонага, літаратурнага крытыка Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934–2011), праходзіць з 23 красавіка па 20 мая ў зале беларускай літаратуры (пам.205).

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).



Бібліятэкарам