ГалоўнаяМерапрыемствыBiełaruskaja łacinka
Не прапусці прыгожыя імгненні
Шырыня паэтычнага абсягу

Biełaruskaja łacinka

Biełaruskaja łacinka
Іншыя мерапрыемствы
21 лютага – 30 чэрвеня
Дата правядзення
10.00–19.00
Час правядзення
музей кнігі
Месца правядзення

З 21 лютага 2020 г. у музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі будзе працаваць выстава, прысвечаная адметнай традыцыі ў нашай культуры – беларускай лацінцы.

Беларуская мова – вялікая мова! На ёй створаны літаратурныя шэдэўры, багатая навуковая спадчына, напісаны шматлікія творы, якімі магла б ганарыцца любая культура. Унікальнай адметнасцю айчыннай моўнай практыкі з’яўляецца існаванне на працягу многіх стагоддзяў беларускага пісьменства ў розных графічных сістэмах: па-беларуску пісалі і кірыліцай, і лацінкай, а татары здолелі адаптаваць для беларускага пісьма яшчэ і арабскі алфавіт. Лацінка і кірыліца – дзве графікі, два абліччы нашай мовы, сімвалы адвечнай раздвоенасці існавання паміж Захадам і Усходам. І калі кірыліца сёння добра знаёмая і шырока ўжывальная, то лацінка здаецца загадкавай і невядомай.

Адкрыць таямніцы беларускай лацінкі і на ўласныя вочы ўпэўніцца ў яе існаванні можна на выставе “Biełaruskaja łacinka”.

У экспазіцыі прадстаўлены кніжныя помнікі, створаныя ў лацінскай графіцы на беларускай мове, пачынаючы ад XVII ст. да сучаснасці. Гэта яскравы літаратурны твор XVII ст. “Прамова Мялешкі” на старабеларускай мове з унікальнага рукапіснага зборніка тыпу сямейных хронік “Silva rerum”, складзенага шляхцічам са знакамітага роду Слізняў.

Сімвал барацьбы за волю і незалежнасць 1863 г. – першая нелегальная беларуская газета “Mużyckaja prauda” Кастуся Каліноўскага.

Знакавыя выданні XIX ст. беларускіх пісьменнікаў В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча і інш. А таксама адметныя зборнікі і перыёдыка беларускага Адраджэння пачатку ХХ ст.: кнігі з пецярбургскіх і віленскіх выдавецтваў, дзе друкаваліся творы Я. Купалы, Цёткі, Я. Коласа і інш.; легендарныя газеты “Наша доля” і “Наша ніва” і інш.

Асобны раздзел выставы распавядае гісторыю развіцця лацінскага алфавіта і прадстаўляе буквары, чытанкі і граматыкі беларускай мовы Каруся Каганца, Рудольфа Абіхта, Янкі Станкевіча, Вацлава Ластоўскага, Браніслава Тарашкевіча і інш.

На сённяшні дзень у сучаснай форме лацінка ўжываецца пісьменнікамі, музыкамі, вытворцамі ў аздабленні прадукцыі, карыстальнікамі інтэрнэту. Лацінкай прадублявана напісанне назваў станцый на схемах мінскага метрапалітэна, турыстычныя вулічныя карты, указальнікі, шыльды з назвамі вуліц на дамах. Сучасныя выданні і прыклады выкарыстання лацінкі зоймуць пачэснае месца на выставе.


Выстава будзе працаваць у музеі кнігі да 30 чэрвеня 2020 г. штодзень, акрамя панядзелка і дзяржаўных свят.
Дата яе завяршэння можа быць зменена.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак і заказу экскурсій: (8 017) 293 27 22.

Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Каментарыі карыстальнікаў:

Каментаванне даступна толькі зарэгістраваным карыстальнікам

Мерапрыемствы

З глыбінь перажытага

07.04.2020

З 7 красавіка па 30 мая ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка “З глыбінь перажытага”, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка Аляксея Нічыпаравіча Карпюка (1920–1992).

Здароўе нацыі – аснова росквіту дзяржавы

03.04.2020

З 3 красавіка па 12 мая ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстава “Здароўе нацыі – аснова росквіту дзяржавы”, прысвечаная Сусветнаму дню здароўя.

Свет дзяцінства

01.04.2020

З 1 красавіка па 30 красавіка запрашаем на выставу “Свет дзяцінства” ў чытальнай зале аддзела міжбібліятэчнага абанемента і дастаўкі дакументаў (пам. 164).

Мастак, які малюе час

01.04.2020

З 1 красавіка па 2 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Мастак, які малюе час”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага жывапісца і педагога Мая Вольфавіча Данцыга (1930–2017).



111