Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Сёлета сусветная супольнасць адзначае 50-годдзе міжнароднай акцыі “Дзень Зямлі” – найбуйнейшай грамадзянскай падзеі ў свеце, з якой звязана зараджэнне сучаснага экалагічнага руху. Да гэтага дня прымеркаваны выставачны праект “ЭкаChallenge”, на якім прадстаўлены плакаты і кнігі на экалагічную тэматыку з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Экалогія неразрыўна звязана з чалавекам цягам усёй гісторыі яго існавання. Але ў апошнія дзесяцігоддзі гэта тэма стала найбольш актуальная для будучыні чалавецтва. Калі на пачатку зараджэння экалагічнага руху адказнасць за будучыню планеты ўскладалася ў асноўным на дзяржавы, то апошнім часам усё гучней гучыць упэўненасць у тым, што захаваць Зямлю магчыма толькі пры ўсведамленні і ўдзеле кожнага чалавека.
Дзве часткі выставачнага праекта “ЭкаChallenge” – кніжная і мастацкая – ставяць мэтай наглядна прадэманстраваць гэтую дынаміку.
Мастацкая частка складаецца з лепшых узораў экалагічнага плаката. Храналагічна яна ахоплівае 1970–2000 гг. і ўмоўна дзеліцца на тры этапы.
Плакаты 1970-х прысвечаны разнастайным праблемам змянення навакольнага асяроддзя ў выніку імклівай індустрыялізацыі: забруджванне вадаёмаў, вырубка лясоў, бурнае развіццё прамысловасці з мэтай выканання планаў. Асноўная адказнасць пры гэтым ускладаецца на чыноўнікаў і бюракратаў. Выразна гучыць прызыў “Беражыце прыроду!”. Пры гэтым мастакі ўжо не толькі высмейваюць дзеянні чыноўніцтва і дырэктараў заводаў, але і паводзіны простых людзей.
Экалагічны плакат апошняга дзесяцігоддзя звяртаецца ўжо непасрэдна да кожнага чалавека з заклікам несці персанальную адказнасць за забруджванне навакольнага асяроддзя.
Кніжная частка выстаўкі падзяляецца на некалькі смыслаўтваральных блокаў. Па-першае, пытанні экалогіі ўздымаюцца ў працах заходнееўрапейскіх і амерыканскіх даследчыкаў, такіх як З. Брынкман, Л. Браўн, А. Гор і інш., і адлюстроўваюць стаўленне сусветнай навуковай супольнасці да крытычных з’яў, якія тычацца глабальных экалагічных катастроф, пацяплення і рэакцыі на іх постіндустрыяльнага грамадства. Па-другое, ставяцца пытанні аб перспектыўных зменах у галіне экалогіі, гучаць заклікі спыніць незваротныя працэсы, якія прывядуць планету да немінучай гібелі.
Асобным раздзелам прадстаўлены дакументы, што вучаць чытача экалагічнаму ладу жыцця, а таксама матэрыялы, мэтавая аўдыторыя якіх – дзеці. Гэтыя кнігі наглядна дэманструюць цыкл існавання рэчаў у сучасным свеце – ад працэсу вытворчасці да перапрацоўкі смецця. Яны прызваныя дапамагчы новаму пакаленню сфарміраваць больш адказнае стаўленне не толькі да навакольнага асяроддзя, але і ўсяго свету.
Галоўная мэтавая аўдыторыя выставачнага праекта – шэраговыя наведвальнікі, школьнікі, студэнты. Але яна будзе цікавая і экалагічным актывістам, і спецыялістам-адмыслоўцам.
Выстаўка дэманструецца ў галерэі “Атрыум” з 29 красавіка па 13 жніўня 2020 г.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.