ГалоўнаяМерапрыемствыСімвал беларускай нацыянальнай культуры
Размова з адвакатам аб ільготах і дапамозе маладым і шматдзетным сем’ям
Турызм для міру і развіцця

Сімвал беларускай нацыянальнай культуры

Сімвал беларускай нацыянальнай культуры
Іншыя мерапрыемствы
16 верасня – 18 студзеня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
галерэя "Атрыум" (3-ці паверх)
Месца правядзення

Купалаўскі тэатр па праву лічыцца адным з самых буйных тэатраў краіны, гэта не проста назва – гэта брэнд, сімвал беларускай культуры і самабытнасці.

Ён адыгрывае значную ролю ў культурным жыцці сталіцы. Кожная новая пастаноўка ўспрымаецца культурнай грамадскасцю як нацыянальная з’ява, а знакаміты спектакль “Паўлінка” даўно ўжо стаў візітоўкай купалаўскага тэатра.

Сёлета тэатр святкуе 100-годдзе з моманту стварэння. Непасрэдна 14 верасня 1920 года адбылася знакавая падзея ў гісторыі беларускага тэатра – была заснавана найстарэйшая драматычная сцэна Беларусі.

Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы: першыя крокі (20-я гады ХХ ст.)

Да гэтай памятнай даты прымеркаваны выставачны праект “Сімвал беларускай нацыянальнай культуры”, які паказвае стогадовы шлях развіцця тэатра на матэрыялах фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і архіву Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Усяго на выстаўцы больш за 150 экспанатаў. Да ліку ўнікальных адносяцца раннія выданні драматычных твораў класікаў беларускай літаратуры: Я. Купалы, Э. Ажэшкі, В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Крапівы і інш. беларускіх драматургаў; рэдкія фотаздымкі 1920–30-х гг., таксама арыгінальныя эскізы касцюмаў да спектакля “Рычард ІІІ” паводле п’есы У. Шэкспіра аднаго з родапачынальнікаў беларускай школы сцэнаграфіі А. Марыкса з калекцыі мастака І. Бархаткова.

Kupalauski-t.jpg

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі адведзена спектаклю “Паўлінка”, які стаў сапраўднай легендай і ідзе ў нязменным выглядзе з аўтэнтычнай сцэнаграфіяй. Наведвальнікі выстаўкі змогуць убачыць не толькі драматычны твор Я. Купалы “Паўлінка”, выдадзены ў 1927 г., фотаздымкі сцэн са спектакля, але і тэатральныя касцюмы галоўных герояў.

Дапаўняе экспазіцыю мастацкае аздабленне выставачнай прасторы тэатральнымі афішамі, здымкамі сцэн са спектакляў з рэпертуара на нацыянальную тэматыку, эскізамі касцюмаў і дэкарацый.

Акрамя гэтага на выстаўцы прадстаўлены эскізы маладой мастачкі К. Шымановіч да спектакля “Радзіва Прудок” А. Горвата, вырашаныя ў арыгінальным мастацкім стылі.

Пасля праменаду па выстаўцы мы запрашаем усіх жадаючых падзяліцца сваімі думкамі і эмоцыямі ад прагляду спектакляў ці нашай экспазіцыі ў форме эсэ, апавядання, малюнка, верша.

Прыемнага прагляду!

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.



Бібліятэкарам