ГалоўнаяМерапрыемствыТворчая арбіта драматурга
Размова з адвакатам аб падзеле маёмасці пры разводзе
Лірызм яго музыкі

Творчая арбіта драматурга

Творчая арбіта драматурга
Іншыя мерапрыемствы
10 лістапада – 22 лютага
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
кальцавы калідор (3-ці паверх)
Месца правядзення

10 лістапада Нацыянальная бібліятэка Беларусі адзначае 100-годдзе з дня нараджэння драматурга, перакладчыка, грамадскага дзеяча, Андрэя Макаёнка, творцы яркага, самабытнага таленту.

Да юбілейнай даты падрыхтавана выстаўка “Творчая арбіта драматурга” з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Экспазіцыя складаецца з пяці раздзелаў, якія прадстаўляюць Андрэя Макаёнка не толькі як геніяльнага камедыёграфа, але як таленавітага рэдактара, перакладчыка і кінасцэнарыста.

Makajonak-4.jpg

У першым раздзеле выстаўкі “Андрэй Макаёнак рэдактар” адлюстраваны перыяд фарміравання творчага аблічча драматурга падчас яго працы ў рэдакцыі часопісаў “Вожык” і “Нёман”. Перлінай экспазіцыі з’яўляецца часопіс “Вожык” за 1949 год. “Гэта была вялікая школа, дзе адточвалася маё пяро”, – адзначыць ён, ужо стаўшы вядомым сатырыкам-камедыёграфам.

Цэнтральнае месца на выстаўцы займае драматургічная спадчына Андрэя Макаёнка. Тут прадстаўлены і вясёлая бытавая камедыя, і драма, і трагікамедыя, але аб’ядноўвае іх сатырычная аснова. У паўнавартасным і рознабаковым раскрыцці тэмы значная роля адводзіцца выданню “Тэатральны Мінск”.

У ліку цікавых экспанатаў – першая кніга драматурга “Перад сустрэчай. Жыццё патрабуе” (1951); п’еса “На досвітку” (1951) –першая сур’ёзная спроба Андрэя Макаёнка ў драматургіі. Асаблівае месца адведзена сатырычнай камедыі “Выбачайце, калі ласка!” (1954), якая мела вялікі сцэнічны поспех і была пастаўлена не толькі беларускімі тэатрамі, але і больш як 200 тэатрамі па-за межамі Беларусі. Прадстаўлены першы нумар часопіса “Театр” за 1961 год, на старонках якога ўпершыню была апублікавана славутая п’еса Андрэя Макаёнка “Лявоніха на арбіце”.

У раздзеле экспазіцыі “Андрэй Макаёнак драматург” адметнае месца адведзена і яго трагікамедыям: “Зацюканы апостал” і “Трыбунал” (1969–1970), напісаныя аўтарам у пару творчай сталасці.

Працуючы ў камедыйна-сатырычным жанры, у жанры асаблівым, яркім, востра-канфліктным, драматург адкрыў новую старонку ў гісторыі беларускага тэатра.

Выяўленыя ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі выданні дазволілі прадставіць Андрэя Макаёнка таксама як таленавітага перакладчыка (раздзел “Андрэй Макаёнак перакладчык”) і кінасцэнарыста (“Андрэй Макаёнак кінасцэнарыст”). Сярод матэрыялаў выстаўкі – літаратурны сцэнарый паўнаметражнага мастацкага каляровага тэлефільма па матывах п’есы Янкі Купалы “Паўлінка” (1972).

Апошні раздзел выстаўкі прысвечаны даследаванням творчай арбіты Андрэя Макаёнка. Цікавасць прадстаўляюць “Комедия на орбите” І. Вішнеўскай і “На пульсе жыцця” Ю. Сохара, першыя манаграфіі, прысвечаныя творчасці таленавітага драматурга.

Андрэй Макаёнак, наватар-драматург, упэўнена крочыў па жыццёвай сцежцы, дзе так многа яркіх сюжэтаў і неабходных для творчасці тэм. На яго п’есах выраслі рэжысёры, акцёры, крытыкі, выхаваліся маладыя драматургі. Спектаклі па яго творах – гэта заўсёды святочнае месца сустрэчы гледачоў са сваімі любімымі акцёрамі, адказы на хвалюючыя пытанні.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.

Глядзіце таксама рэпартаж тэлеканала "Беларусь 1".

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.

Мерапрыемствы

Знаўца беларускіх старажытнасцей

17.04.2024

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.

Погляд у вечнасць

23.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага вучонага, літаратурнага крытыка Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934–2011), праходзіць з 23 красавіка па 20 мая ў зале беларускай літаратуры (пам.205).

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).



Бібліятэкарам