ГалоўнаяМерапрыемствыЗ кніг Уладзіміра Караткевіча
Вялікі талент, вялікая работа, вялікае сэрца
Запрашаем на творчыя заняткі “Сняжынка”

З кніг Уладзіміра Караткевіча

З кніг Уладзіміра Караткевіча
Іншыя мерапрыемствы
24 лістапада – 31 студзеня
Дата правядзення
10.00–19.00
Час правядзення
музей кнігі (пам. 347)
Месца правядзення

Незвычайная выстава “З кніг Уладзіміра Караткевіча”, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, 24 лістапада адкрылася ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Упершыню на выставе можна будзе ўбачыць кнігі з кабінета і бібліятэкі пісьменніка. Даведацца, якія рукапісы, старадрукі і рэдкія выданні захоўваліся ў яго асабістым кнігазборы.

Асноўнае месца ў экспазіцыі нададзена экслібрысам Уладзіміра Караткевіча. Пераважная іх частка зроблена самім пісьменнікам: разнастайныя кніжныя знакі, якія адмыслова выкананы і падабраны для пэўных выданняў. На выявах – знакавыя постаці беларускай культуры: Скарына, Гусоўскі, а таксама ўлюбёныя Караткевічам ветразі. Вылучаецца экслібрыс з абрысамі зброі касінераў. Яго пячатку і клішэ можна ўбачыць на выставе.

Несумненную цікавасць абудзяць экслібрысы, створаныя для пісьменніка мастакамі. Працы Іосіфа Капеляна, Генадзя Грака, Арлена Кашкурэвіча, Міколы Купавы, Уладзіміра Басалыгі і Вячкі Целеша можна ўбачыць на старонках выданняў і даведацца гісторыю іх стварэння.

Z-knih-Karatkievicha-4.JPG

Унікальныя дароўныя надпісы на кнігах уводзяць у сяброўскае і творчае кола пісьменніка. У экспазіцыі – аўтографы родных Уладзіміра Караткевіча, таварышаў і настаўнікаў маладосці, літаратурных прататыпаў, вядомых творцаў, сяброў і паплечнікаў: Адама Мальдзіса, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Янкі Брыля і іншых, а таксама нечаканы, па-караткевічаўску жартаўлівы, аўтограф самому сабе.

Выстава падрыхтавана сумесна з захавальнікамі спадчыны Уладзіміра Караткевіча – сям’ёй пляменніцы пісьменніка Алены Іванаўны Сінькевіч. У экспазіцыі таксама прадстаўлены кнігі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Відэапрэзентацыя дэманструе аўтарскі аповед самой Алены Сінькевіч пра бібліятэку пісьменніка, а таксама развагі ініцыятара і стваральніцы выставы – загадчыцы сектара музейнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяны Захаравай.


Выстава будзе працаваць у музеі кнігі да 31 студзеня 2021 г. штодзень, акрамя панядзелка і дзяржаўных свят.
Дата яе завяршэння можа быць зменена.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.



Бібліятэкарам