Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 15 снежня па 17 студзеня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Міграцыя ў эпоху глабальных змен”, прысвечаная Міжнароднаму дню мігранта.
Гэты дзень быў абвешчаны на 55-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН 4 снежня 2000 года (рэзалюцыя 55/93) і штогод адзначаецца 18 снежня. Дата абрана не выпадкова – у гэты дзень у 1990 годзе Асамблея прыняла Міжнародную канвенцыю аб абароне праў усіх працоўных мігрантаў і членаў іх сем’яў (рэзалюцыя 45/158). Гэтая канвенцыя стала ўсёабдымнай праграмай абароны праў мігрантаў (па стане на чэрвень 2020 года яе ратыфікавала 55 дзяржаў).
Спрадвеку людзі перамяшчаюцца з месца на месца. Адны пераязджаюць у пошуках лепшай працы, адукацыі, эканамічных выгод або для ўз’яднання з сям’ёй, другія вымушаны бегчы ад канфліктаў, тэрарызму або парушэнняў праў чалавека. Павялічваецца колькасць тых, хто здымаецца з месцаў у выніку наступстваў змены клімату, стыхійных бедстваў або іншых фактараў экалагічнага характару.
У сучасным свеце назіраецца перамяшчэнне людзей у беспрэцэдэнтных маштабах. У 2000 годзе ў свеце колькасць мігрантаў складала каля 173 мільёнаў чалавек, а ў 2019 ужо дасягнула 272 мільёнаў. Паводле ацэнак экспертаў, кожны трыццаць пяты жыхар планеты – мігрант, які жыве і працуе за межамі сваёй краіны.
Міграцыя носіць глабальны характар, што патрабуе прымянення глабальных падыходаў і прыняцця глабальных рашэнняў. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый адыгрывае актыўную ролю ў гэтай галіне, спрыяючы пабудове дыялогу і ўзаемадзеяння паміж краінамі і рэгіёнамі, а таксама заахвочваючы абмен вопытам і пашырэнне магчымасцей у сферы супрацоўніцтва.
У верасні 2006 года ААН упершыню правяла мерапрыемства, якое атрымала назву Дыялог на высокім узроўні па пытанні аб міжнароднай міграцыі і развіцці. Гэта мерапрыемства стала вызначальным момантам у справе разгляду дзяржавамі – членамі ААН шляхоў і сродкаў максімальна эфектыўнага выкарыстання пераваг міжнароднай міграцыі для развіцця і звядзення да мінімуму яе негатыўных наступстваў. У кастрычніку 2013 года адбыўся другі Дыялог на высокім узроўні па пытанні аб міжнароднай міграцыі і развіцці. Па яго выніках дзяржавы-члены прынялі дэкларацыю, якая асуджае акты, праявы і прыкметы расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і звязанай з імі нецярпімасці ў дачыненні да мігрантаў.
19 верасня 2016 года Генеральная асамблея ААН правяла пасяджэнне высокага ўзроўню, на якім быў прадстаўлены даклад Генеральнага сакратара ААН “Ва ўмовах бяспекі і годнасці: рашэнне праблемы перасоўванняў вялікіх груп бежанцаў і мігрантаў”. Кіраўнікі дзяржаў і высокія прадстаўнікі аднагалосна ўхвалілі найважнейшы выніковы дакумент – Нью-Ёркскую дэкларацыю аб бежанцах і мігрантах, у якой выяўляецца палітычная воля сусветных лідараў, накіраваная на выратаванне жыццяў, абарону правоў чалавека і справядлівае размеркаванне адказнасці на глабальным узроўні.
10 снежня 2018 года на Міжурадавай канферэнцыі ў Маракешы (Марока) прадстаўнікі 164 дзяржаў ухвалілі Глабальны дагавор аб бяспечнай, упарадкаванай і легальнай міграцыі, прыняцце якога прадаставіла ўнікальную магчымасць палепшыць кіраванне міграцыйнымі працэсамі, адказаць на выклікі сучаснай міграцыі і ўмацаваць уклад мігрантаў ва ўстойлівае развіццё.
У Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года змяшчаецца прызнанне пазітыўнага ўкладу міграцыйных працэсаў ва ўстойлівае развіццё. Адзінаццаць з 17 мэт у галіне ўстойлівага развіцця змяшчаюць задачы і індыкатары, якія прымянімыя да міграцыі і мабільнасці. Галоўны прынцып Парадку “ніхто не будзе забыты” тычыцца ўсіх людзей, уключаючы мігрантаў.
Прапанаваная чытачам выстаўка налічвае каля 100 дакументаў. Вялікую частку экспазіцыі складаюць дакументы міжнародных арганізацый (ААН, МАМ, АБСЕ, МАП, Еўрапейскага саюза). Гэта кнігі, перыядычныя выданні, мімеаграфіраваныя матэрыялы ААН на рускай, нямецкай і англійскай мовах.
Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:
- Міжнародная міграцыя і міграцыйнае права
- Аб’ёмы і дынаміка міжнароднай міграцыі
- Міграцыйная палітыка і супрацоўніцтва ў сферы міграцыі
- Міжнародная працоўная міграцыя
- Міграцыйныя працэсы ў Рэспубліцы Беларусь
Выстаўка будзе карысная спецыялістам у галіне міжнародных адносін, юрыстам, палітолагам, навуковым супрацоўнікам, выкладчыкам, студэнтам вышэйшых навучальных устаноў, а таксама ўсім, хто цікавіцца сучаснымі тэорыямі і праблемамі міграцыі.
Карысныя спасылкі
- Пасяджэнне высокага ўзроўню, прысвечанае вырашэнню пытанняў, звязаных з перамяшчэннем вялікіх груп бежанцаў і мігрантаў (2016 год)
- Дыялог на высокім узроўні па пытанні аб міжнароднай міграцыі і развіцці (2013 год)
- Дыялог на высокім узроўні па пытанні аб міжнароднай міграцыі і развіцці (2006 год)
- Даклад аб міжнароднай міграцыі (2019 год)
- База даных па міжнароднай працоўнай міграцыі
- Міжурадавая канферэнцыя для прыняцця глабальнага дагавора аб міграцыі
- Глабальны дагавор аб міграцыі
- Глабальныя пытанні парадку дня
- Бежанцы і мігранты
- Глабальны дагавор аб бяспечнай, упарадкаванай і легальнай міграцыі
- Нью-Ёркская дэкларацыя аб бежанцах і мігрантах (верасень 2016 года)
- Дэкларацыя па выніках дыялогу на высокім узроўні па пытанні аб міжнароднай міграцыі і развіцці (кастрычнік 2013 года)
- Міжнародны дзень мігранта
- Вэб-сайт Глабальнага форуму
- адзінаццатая нарада (Маракеш, Марока, 5–7 снежня 2019 года)
- дзясятая нарада (Берлін, Германія, 28–30 чэрвеня 2018 года)
- дзявятая нарада (Бангладэш, 2016 год)
- восьмая нарада (Стамбул, Турцыя, 14–16 кастрычніка 2015 года)
- сёмая нарада (Стакгольм, Швецыя, 14–16 мая 2014 года)
- шостая нарада (Порт-Луі, Маўрыкій, 21–22 лістапада 2012 года)
- пятая нарада (Жэнева, Швейцарыя 1–2 снежня 2011)
- чацвёртая нарада (Пуэрта-Вальяртэ, Мексіка, 8–11 лістапада 2010 года)
- трэцяя нарада (Афіны, Грэцыя, 2–5 лістапада 2009 года)
- другая нарада (Маніла, Філіпіны, 27–30 кастрычніка 2008 года)
- першая нарада (Брусэль, Бельгія, 9–11 ліпеня 2007 года)
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.