ГалоўнаяМерапрыемствыШлях да вечнасці
Лекцыя "Аляксей Сапуноў – царкоўны гісторык"
Выстава “На здароўе!”

Шлях да вечнасці

Шлях да вечнасці
Іншыя мерапрыемствы
1 красавіка – 17 мая
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 205
Месца правядзення

Да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага гісторыка, літаратуразнаўца Міколы Ермаловіча (1921–2000) у зале беларускай літаратуры (пам. 205) з 1 красавіка па 17 мая праходзіць выстаўка “Шлях да вечнасці”.

Мікола Іванавіч нарадзіўся 29 красавіка 1921 года ў вёсцы Малыя Навасёлкі Мінскага павета, цяпер Дзяржынскі раён, у сялянскай сям’і. Бацькі закончылі царкоўна-прыходскую школу, але сваіх дзяцей скіроўвалі да навукі. З маленства хлопчык меў дрэнны зрок, і было зразумела, што ён не прыдатны да цяжкай сялянскай працы.

Мікола скончыў Мінскі педагагічны інстытут, беларускае аддзяленне літаратурнага факультэта. У Вялікую Айчынную вайну настаўнічаў у Мардовіі. Пасля вызвалення Беларусі вярнуўся на радзіму. Працаваў завучам у сярэдняй школе Дзяржынска, у Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, дзе выкладаў беларускую літаратуру. У канцы 50-х гадоў пайшоў на пенсію, бо зрок вельмі пагоршыўся.

Па словах Міколы Іванавіча, гісторыя была ў ім з маленства, але сапраўдная любоў да яе прыйшла значна пазней. Спачатку была літаратура. Яго першы друкаваны верш з’явіўся ў 1936 г. у раённай газеце. Пісаў крытычныя артыкулы, прысвечаныя Ф. Багушэвічу, Я. Лучыне, Я. Купалу, Я. Коласу, К. Каліноўскаму. Вядомасць Ермаловічу прынеслі яго гістарычныя даследаванні. Яго цікавілі пытанні засялення славянскімі плямёнамі Усходняй Еўропы, этнагенез беларусаў, палітычная гісторыя старажытных зямель Беларусі, праблемы ўзнікнення ВКЛ і інш.

З працамі гісторыка і літаратуразнаўца Ермаловіча наведвальнікаў знаёміць раздзел “Напісанае застаецца”. Кніга “Па слядах аднаго міфа” ўбачыла свет у 1989 г. і заняла першае месца сярод “10 лепшых кніг года”. Гэта была яскравая і знакавая з’ява ў грамадскім жыцці Беларусі ХХ стагоддзя. У 1990 г. была выдадзена “Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды”. І зноў – першае месца. Яго кнігі, толькі з’явіўшыся на паліцах кнігарняў, адразу станавіліся бібліяграфічнай рэдкасцю. Акрамя гэтага, на выстаўцы прадстаўлены “Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд”, “Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае”, “Выбранае” і інш.

“Просты і значны” – раздзел экспазіцыі, які распавядае пра жыццёвы і творчы шлях М. Ермаловіча. З цеплынёй і павагай пра гісторыка пішуць тыя, хто знаёмы не толькі з яго дзейнасцю, але і ведаў яго асабіста. Памятаюць Міколу Іванавіча і бібліятэкары беларускай залы Нацыянальнай бібліятэкі. Усіх вельмі ўражвала яго сціпласць, працаздольнасць і, асабліва, захапленне сваёй працай. Штодня, зранку да позняга вечара, ён – у малой зале, на сваім месцы.

У цэнтры Маладзечна, на скрыжаванні вуліц Віленскай і Валынца, устаноўлены помнік ганароваму грамадзяніну горада – Міколу Ермаловічу.

28 красавіка ў галерэі “Мабільная” (3-ці паверх) стартавала мастацкая выстаўка “Старажытная Беларусь”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам