ГалоўнаяМерапрыемствыТолькі на адзін тыдзень у Мінску адкрылася ўнікальная выстава “Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей” (+відэа)
Запрашаем дзяцей на заняткі “Цікава пачытаць”
Лёс наканаваны з нябёс

Толькі на адзін тыдзень у Мінску адкрылася ўнікальная выстава “Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей” (+відэа)

Толькі на адзін тыдзень у Мінску адкрылася ўнікальная выстава “Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей” (+відэа)
Іншыя мерапрыемствы
22–29 ліпеня
Дата правядзення
10.00–18.00
Час правядзення
музей кнігі (пам. 347)
Месца правядзення

22 ліпеня ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава “Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей”. На ёй упершыню разам прадстаўлены аўтэнтычныя сведчанні пра знакамітага пісьменніка, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Упершыню ў Мінску можна пабачыць нядаўна адшуканую пахавальную пліту Яна Баршчэўскага, якая стала сапраўднай сенсацыяй у айчынным літаратуразнаўстве і дазволіла адкрыць малавядомыя старонкі яго біяграфіі. Разам з ёй на выставе прадстаўлены найбольш каштоўныя артэфакты з фондаў бібліятэкі – прыжыццёвыя выданні яго твораў: зборнік “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” (1844–1846), альманах “Незабудка” (1840–1844) і іншыя каштоўныя выданні.

Нягледзячы на вялікую цікавасць у Беларусі да асобы і творчасці пісьменніка, яны да сёння застаюцца недастаткова вывучанымі з-за адсутнасці дакладных крыніц. Калі ж некалькі гадоў назад ў горадзе Чуднаў (Жытомірская вобласць, Украіна) было адшукана надмагілле Яна Баршчэўскага, то гэта выклікала сапраўдны выбух цікавасці як з боку даследчыкаў, так і ўсіх зацікаўленых нашай мінуўшчынай. На надмагіллі можна прачытаць эпітафію: “Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей. Пісьменнік натхнення і пачуцця. Жыў годна 70 гадоў. Памёр 28 лютага 1851 года”.

Сёлета пры падтрымцы Фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл і Расонскага раённага выканаўчага камітэта надмагільная пліта вагою ў 35 кг была дастаўлена ў Беларусь і экспанавалася ў музеях роднай для пісьменніка Віцебшчыны: у Расонах, Полацку і Віцебску, а цяпер ненадоўга трапіла ў Мінск. Тут яе разам са знакамітымі, але рэдкімі выданнямі Яна Баршчэўскага можна будзе пабачыць у нашым музеі.

Выстава будзе працаваць толькі адзін тыдзень – з 22 да 29 ліпеня. Пасля гэтага каштоўная пліта вернецца на месца свайго паходжання, а рэдкія выданні трапяць назад, у фондасховішча Нацыянальнай бібліятэкі. Не прапусціце ўнікальную магчымасць пабачыць каштоўныя рарытэты, якія збераглі памяць і славу нашага знакамітага земляка і пісьменніка.


Час работы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 25 85.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Мерапрыемствы

“Арт-Мінск 2021”

16.09.2021

21 верасня а 17-й гадзіне ў галерэі “Атрыум” (3-ці паверх) Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстаўка “Арт-Мінск 2021”.

Размова з адвакатам аб праве ў сферы медыцыны

15.09.2021

Запрашаем карыстальнікаў на бясплатную тэматычную сустрэчу з адвакатам, арганізаваную ў рамках сумесных мерапрыемстваў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

Храмы часу, памяці, думкі

14.09.2021

Напярэдадні юбілейнага года святкавання стагоддзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да прафесійнага свята – Дня бібліятэк Беларусі – прымеркавана выстаўка “Храмы часу, памяці, думкі”.

Умець чытаць, пісаць, лічыць…

07.09.2021

З 7 верасня па 2 кастрычніка ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Умець чытаць, пісаць, лічыць...”, прысвечаная Міжнароднаму дню пісьменнасці.



Бібліятэкарам