Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
З 22 ліпеня па 22 верасня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305) праходзіць выстава “Лёс наканаваны з нябёс”, прысвечаная 75-годдзю беларускага кампазітара і педагога Ганны Маратаўны Казловай.
Ганна Казлова – прадстаўнік вядомай музычнай дынастыі. Вучылася ў класе кампазіцыі дацэнта П.П. Альхімовіча ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Працавала ў тэатры музычнай камедыі, у Белдзяржфілармоніі; старшым выкладчыкам кафедры эстраднага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва; вяла спецкурс джазавай імправізацыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Сярод яе асаблівых інтарэсаў – джазавая музыка. Яскравым прыкладам такога жанру з’яўляецца джазавая сюіта, якая складаецца з 6-ці музычных нумароў (4 з якіх – для фартэпіяна і два – для фартэпіяна і вакальнай групы). Сачыненне адрозніваецца своеасаблівай меладычнай і гарманічнай мовай, сінкапіраванай рытмікай, шматварыянтнасцю.
У творчай спадчыне кампазітара творы харавога, камерна-інструментальнага і эстраднага жанру. Напісана больш за 150 эстрадных песень, а таксама харавых кампазіцый, якія ўваходзяць у рэпертуар Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы, Дзяржаўнага камернага хору, Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраваннем М. Фінберга і іншых вядомых калектываў, а таксама вядучых салістаў Опернага тэатра, вядомых эстрадных выканаўцаў, сярод якіх Юлія Скараход, Анастасія Ціхановіч, Дзядзька Ваня, арт-група “Хор Турэцкага”. Песні Ганны Казловай “Мелодыя кахання” і “Чаплін” увайшлі ў “Залатую калекцыю беларускай песні”, а песня “Беларусь – імя святое” пастаянна гучыць у канцэртах Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І. Цітовіча.
Г.М. Казлова плённа працуе з вакальна-інструментальнымі ансамблямі ў якасці піяністкі, спявачкі, аранжыроўшчыка і кампазітара. Яе музыка шырока вядома ў розных краінах. Ганна Маратаўна – уладальнік шматлікіх міжнародных узнагарод.
На выставе прадстаўлены ноты канцэртнай оперы “Вялікае Княства Любові”, мюзікла “У замку Радзівілаў, або Гісторыя вечнага кахання”, фартэпіяннага канцэрта “Фрэскі Старажытнага Егіпта” і іншых твораў Г. Казловай, відэа аўтарскага канцэрта “Беларусь – любоў мая”, аўдыядакументы, артыкулы пра творчасць кампазітара.
Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 52.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.