ГалоўнаяМерапрыемствыАсветніца з роду Усяслава
Запрашаем дзяцей на творчыя заняткі “Вусень”
Памяць дарог

Асветніца з роду Усяслава

Асветніца з роду Усяслава
Іншыя мерапрыемствы
16 ліпеня – 3 кастрычніка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
кальцавы калідор (2-гі паверх)
Месца правядзення

З 16 ліпеня па 3 кастрычніка запрашаем наведаць выстаўку “Асветніца з роду Усяслава”, прымеркаваную да 920-годдзя з дня нараджэння беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай і 860-годдзя стварэння крыжа святой Еўфрасінні.

Еўфрасіння Полацкая. Без гэтага імя немагчыма ўявіць не толькі панараму духоўнага жыцця на ўсходнеславянскіх землях у XII стагоддзі, але і ўсю шматвяковую гісторыю Беларусі. Унучка полацкага князя Усяслава, якая “яко луча солнечная” прасвятліла зямлю Полацкую. Адна з самых адукаваных жанчын свайго часу, святая патранеса Беларусі, Еўфрасіння Полацкая яшчэ на заранку беларускай гісторыі прызнала вялікую ролю асветы і аддала ёй усе свае здольнасці і жыццёвыя сілы.

Частка перапісаных ёю кніг легла ў аснову манастырскіх бібліятэк Полацкага княства, што пачыналі тады толькі фарміравацца. Вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова надала Еўфрасіння Полацкая, калі заснавала жаночы, а потым і мужчынскі манастыр, дзе былі адчынены скрыпторыі – майстэрні па перапісванні кніг. Запаветнай марай асветніцы была педагагічная праца, адукацыя народа, навучанне простых людзей грамаце, стварэнне вучылішчаў і школ. Яна клапацілася таксама аб развіцці дойлідства. Па яе заказе мясцовы дойлід Іаан у 50-я гады XII ст. збудаваў у Полацку за трыццаць тыдняў царкву Святога Спаса – вяршыню полацкай архітэктурнай школы.

На выстаўцы прадстаўлены выданні аб жыцці і культурна-асветніцкай дзейнасці прападобнай Еўфрасінні Полацкай, юбілейныя выданні мінулых гадоў, навуковыя даследаванні, факсіміле аднаго з найстаражытнейшых помнікаў сярэдневяковай агіяграфіі на ўсходнеславянскіх землях – “Жития блаженной Евфросинии”, складзенага ў канцы XII ст., у якім ўпершыню апублікаваны тэкст рукапісу Жыція XVI ст. з навуковымі каментарамі і перакладам на тры мовы. Выданне было падрыхтавана па ініцыятыве і з удзелам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Асобнае месца ў экспазіцыі адведзена шэдэўру злотніцтва часоў Сярэдневякоўя – крыжу Еўфрасінні Полацкай – напрастольнаму рэлікварнаму крыжу, вырабленаму ў Полацку для царквы Святога Спаса таксама па заказе прападобнай ігуменні Еўфрасінні майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе.

Адзін з раздзелаў выстаўкі атрымаў назву “Духоўная спадчына Еўфрасінні Полацкай – дзецям”. Прадстаўленыя матэрыялы распавядаюць аб пераемнасці духоўнай спадчыны святой апякункі Беларусі.

Jeufrasinnia-4.jpg

Экспазіцыя размешчана на 2-м паверсе кальцавога калідора.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.

Мерапрыемствы

Трыумф стылю: мастацтва мадэрну

19.04.2024

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Трыумф стылю: мастацтва мадэрну” праходзіць з 19 красавіка па 20 мая ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам