Дата правядзення
Час правядзення
22 кастрычніка ў межах VIII Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры” адбудзецца семінар “Рэалізацыя Рэспублікай Беларусь палажэнняў Маракешскага дагавора аб палягчэнні доступу сляпых і асоб з парушэннямі зроку ці іншымі абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю да апублікаваных твораў”.
Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
Маракешскі дагавор аб палягчэнні доступу сляпых і асоб з парушэннямі зроку ці іншымі абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю да апублікаваных твораў для Рэспублікі Беларусь уступіў у сілу 22 кастрычніка 2020 года. Яго галоўная задача – устанавіць абмежаванні і выключэнні адносна аўтарскіх праў у інтарэсах асоб з парушэннямі зроку і іншымі фізічнымі асаблівасцямі, якія не дазваляюць трымаць кнігу або карыстацца ёй. Змены ў аўтарскія правы ўносяцца з мэтай узнаўлення апублікаваных твораў у даступных фарматах, іх распаўсюджвання і трансгранічнага абмену гэтымі творамі, які маюць права ажыццяўляць упаўнаважаныя органы. У Беларусі ў якасці ўпаўнаважаных органаў вызначаны бібліятэкі, установы адукацыі і грамадскія аб’яднанні інвалідаў.
У межах семінара плануюцца выступленні прадстаўнікоў Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, глабальнага кніжнага сэрвісу Кансорцыума даступных кніг (ABC), некамерцыйнай арганізацыі “Электронная інфармацыя для бібліятэк”, а таксама супрацоўнікаў іншых бібліятэк і выкладчыкаў, якія вучаць невідушчых студэнтаў.
Семінар пройдзе ў двух фарматах – вочным і анлайн.
Для ўдзелу ў мерапрыемстве неабходна да 20 кастрычніка 2021 года прайсці рэгістрацыю.
Матэрыял пададзены аддзелам бібліятэчнага абслугоўвання.