ГалоўнаяМерапрыемствы“…Каждому засобно нинешним и на потом будучим”: да 455-годдзя Статута ВКЛ 1566 г.
Запрашаем на творчыя заняткі “Белая соўка”
Запрашаем дзяцей на заняткі па кнізе “Малекулы ў дзіравых ботах”

“…Каждому засобно нинешним и на потом будучим”: да 455-годдзя Статута ВКЛ 1566 г.

“…Каждому засобно нинешним и на потом будучим”: да 455-годдзя Статута ВКЛ 1566 г.
Іншыя мерапрыемствы
25 кастрычніка – 10 студзеня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 207b
Месца правядзення

З 25 кастрычніка па 10 студзеня ў зале прававой інфармацыі (пам. 207b) адкрыта тэматычная выстава “...Каждому засобно нинешним и на потом будучим”, прысвечаная 455-годдзю прыняцця Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 г.

У лістападзе 1551 г. вялікі князь Жыгімонт Аўгуст даў згоду на стварэнне заканадаўчай камісіі з мэтай удасканалення Статута 1529 г. Кіраўніком камісіі стаў Мікалай Радзівіл Чорны. Вельмі важную ролю ў распрацоўцы ігралі “доктора прав чужеземских” Аўгуст Ратундус і Пётр Раізій. Праца над другім Статутам доўжылася больш за дзесяць гадоў.

У другі Статут увайшлі нормы практычна ўсіх тагачасных галін права, яны былі адлюстраваны ў 14 раздзелах і 267 артыкулах. Прыняты дакумент аказаўся большым па аб’ёме, чым Статут 1529 г., лепшым па сістэматызацыі матэрыялаў і ўзроўню кадыфікацыйнай тэхнікі.

Сістэматызацыя заканадаўства, на аснове якога будаваўся Статут 1566 г., рабілася на аснове прынцыпаў, замацаваных яшчэ папярэднім законам: суверэнітэт дзяржавы, вяршэнства закона, абмежаванне ўлады манарха і інш. Статут паклаў пачатак замацавання прынцыпаў прэзумпцыі невінаватасці і падзелу ўладаў. Увесь Статут працяла ідэя ўмацавання правапарадку і падпарадкаванасці закону ўсіх суб’ектаў права, уключаючы манарха. Да ліку найбольш важных палажэнняў Статута належаць нормы канстытуцыйнага характару, якія ўмацавалі суверэнітэт дзяржавы, яе тэрытарыяльную недатыкальнасць, правы і абавязкі насельніцтва.

Статут 1566 г., як і папярэднія законы, замацоўваў адасобленасць ВКЛ ад Польшчы. Яго нормы абавязвалі князя клапаціцца аб тэрытарыяльнай недатыкальнасці княства, абвяшчалася роўнасць усіх перад законам і падкрэслівалася, што ўсе падданыя дзяржавы павінны судзіцца “тым одным правом писаным”, хоць сам закон не быў роўным для ўсіх. Статут 1566 г. быў напісаны на беларускай мове, зразумелай простаму насельніцтву, і некалькі разоў перакладаўся на лацінскую, польскую, нямецкую, рускую і іншыя мовы. Кірыліцай упершыню ў 1855 г. быў апублікаваны ў часопісе “Временник Императорского общества истории и древностей Российских”, а ў 1900 г. зноў быў надрукаваны на польскай і лацінскай мовах у Кракаве.

Вядома 58 рукапісных тэкстаў Статута: 13 на беларускай мове, 40 на польскай, 5 на лацінскай. Палажэнні і нормы Статута 1566 г. сведчылі аб новым этапе дзяржаўна-прававога развіцця Вялікага Княства Літоўскага, якое адбывалася пад моцным уплывам палітыка-прававой думкі. Статут доўгі час служыў прыкладам і ўзорам сістэматызацыі заканадаўства. Многія яго палажэнні апярэджвалі свой час і мелі ярка выражаны праграмны характар, арыентаваны на будучыню, што выводзіла яго ў лік самых прагрэсіўных еўрапейскіх законаў свайго часу.

Выстава рэкамендуецца навуковым работнікам, выкладчыкам, аспірантам і студэнтам юрыдычных і гістарычных факультэтаў, палітолагам – усім, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй дзяржавы і права.

Экспазіцыя налічвае больш за 70 дакументаў, сярод якіх – кнігі, перыядычныя выданні, электронныя аптычныя дыскі.

Выстава ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 г. – важны этап прававога развіцця Беларусі
  • Другі Літоўскі Статут: да гісторыі складання і прыняцця
  • Роля Статута 1566 г. у развіцці айчыннага канстытуцыйнага права
  • Станаўленне судаўладкавання па Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1566 г.
  • Развіццё крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права ў Статутах ВКЛ у XVI ст.
  • Прававое рэгуляванне асноўных інстытутаў грамадзянскага і сямейнага права Беларусі па статутах Вялікага Княства Літоўскага
  • Юрыдычная тэрміналогія і лінгвістычныя асаблівасці Статута ВКЛ 1566 г.

Спіс літаратуры

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 28 68, (8 017) 293 27 28.

Карысныя спасылкі:

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Мерапрыемствы

Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру

17.04.2024

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставачнага праекта вядучых мастакоў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава – адзінства праз культуру”.



Бібліятэкарам