ГалоўнаяМерапрыемствыКалядная зорка
Навагодняе ператварэнне з імідж-стылістам Кацярынай Макар
Запрашаем на калядную батлейку “Цар Ірад”!

Калядная зорка

Калядная зорка
Іншыя мерапрыемствы
14 снежня – 9 студзеня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
кальцавы калідор (2-гі паверх)
Месца правядзення

Да Новага года і Каляд у бібліятэцы (на 2-м паверсе кальцавога калідора) з 14 снежня працуе тэматычная выстаўка “Калядная зорка”.

Набліжаюцца самыя светлыя, яркія і доўгачаканыя святы – Новы год і Каляды. Кожная краіна, кожны народ адзначае гэтыя святы па-свойму, з уласнымі традыцыямі, легендамі і звычаямі.

Для беларусаў канец і пачатак года – гэта не проста даты. Гэта два тыдні радасці і весялосці, імя якім – Каляды. Раней за гэты час беларусы паспявалі развітацца з грузам старога года, накрыць на стол тры куцці, абавязкова наведаць царкву ці касцёл, абысці суседзяў са шчырымі зычэннямі дабрабыту, паваражыць на наступны год. На працягу двух тыдняў чалавек імкнуўся быць вясёлы, ветлівы, гуллівы, а часам нават і дураслівы, акурат як і самі калядкі – невялічкія духі-істоты, якія наведваюць людзей у гэтую пару.

Пра гэтыя традыцыі і расказвае кніжная выстаўка “Калядная зорка”. Яна складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы – “Каляды ў свеце” – распавядае пра традыцыі святкавання ў розных краінах самай чаканай пары.

У раздзеле “Каляды на Беларусі” асаблівая ўвага нададзена традыцыі святкавання Новага года нашымі продкамі: прадстаўлены выданні з акадэмічнай кніжнай серыі “Беларуская народная творчасць”, працы Таццяны Кухаронак, Алеся Лозкі, Аксаны Катовіч і інш. Гаспадыням будзе цікава пазнаёміцца з рэцэптамі традыцыйнай кухні з кніг беларускіх кухмістраў Алеся Белага і Алены Мікульчык.

Бавіць доўгія зімнія вечары дапамогуць класічныя калядныя гісторыі Чарльза Дзікенса, Ганса Хрысціяна Андэрсана, Вашынгтона Ірвінга. Для самых маленькіх супрацоўнікі бібліятэкі падабралі радасныя гісторыі Свэна Нурдквіста і Юі Вісландэр пра зімовыя прыгоды ката Фіндуса і каровы Мамы Му. Яны прадстаўлены ў раздзеле “Цёплыя вечары”.

Запрашаем вас на выстаўку “Калядная зорка” раздзяліць з намі святочную атмасферу і настрой.

Шчаслівых Каляд і Новага года!

Запрашаем наведаць выстаўку да 9 студзеня 2022 года.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.



Бібліятэкарам