ГалоўнаяМерапрыемствыПатаемнае святло
Бібліятэка запрашае ў музей кнігі на летнія чытанні
У бібліятэцы адкрылася выстава да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Патаемнае святло

Патаемнае святло
Іншыя мерапрыемствы
30 чэрвеня – 20 кастрычніка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
галерэя "Ракурс" (2-гі паверх)
Месца правядзення

30 чэрвеня ў галерэі “Ракурс” (2-гі паверх) пачала працу фотавыстава Васіля Белякова “Патаемнае святло”.

У Год гістарычнай памяці асабліва важна аддаваць даніну павагі гістарычнай і культурнай спадчыне, асэнсоўваць яе нязменную каштоўнасць. Менавіта такая мэта аб’ядноўвае фотаздымкі Васіля Белякова, прадстаўленыя на выставе.

Васіль Белякоў – пастаўскі фатограф, член Саюза фатографаў Беларусі, вандроўнік і даследчык-аматар прыродных і архітэктурных славутасцей Беларусі. З 2009 года ўдзельнічае ў фотавыставах. Вандруючы па роднай краіне, імкнецца знайсці, заўважыць і фотазанатаваць самае цікавае, унікальнае, непаўторнае: мясціны, куды не вядуць турыстычныя маршруты; няўяўныя моманты, якіх няпроста дачакацца; пабудовы, што абавязкова трэба ўбачыць і захаваць. 40 тыс. кіламетраў пройдзена ў пешых і веласіпедных маршрутах па Беларусі за 2013–2022 гг. Колькі фотаматэрыялу знята – не злічыць. Але ў фотапошуках і адкрыццях – стыль, сэнс і лад жыцця фотамастака.

Экспазіцыя ахоплівае больш за 45 прыкладаў храмавага дойлідства, помнікаў беларускай культуры і духоўнага жыцця кожнай вобласці краіны: саборы, касцёлы, цэрквы, каплічкі, манастыры. Маляўнічыя краявіды, адметныя выявы гушчароў і ўзлескаў, пагоркаў і высахлай ракі, духоўныя таямніцы вёсачак, знакавыя сімвалы беларускага хрысціянства, шырокавядомыя славутасці, а таксама малавядомыя сучаснаму турысту пабудовы не пакінуць абыякавымі і надоўга запомняцца наведвальнікам галерэі.

Сярод фотаздымкаў вядомых сімвалаў беларускай хрысціянскай веры – Свята-Духаў кафедральны сабор у Мінску, Сафійскі сабор у Полацку, сабор Трох Свяціцеляў у Магілёве. Не такія вядомыя, але не менш чароўныя – царква Святых Казьмы і Дзям’яна ў вёсцы Вішнева (Валожынскі раён), храм Святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Жукаўка (Мінскі раён), храм Казанскай іконы Божай Маці ў вёсцы Баркалабава (Быхаўскі раён) і інш. На фотаздымках таксама прадстаўлены пратэстанцкі, лютэранскі і стараверскі храмы.

Выстава прымеркавана да 3 ліпеня – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень варта ўзгадаць культурнае багацце краіны, унікальную нацыянальную годнасць беларускай архітэктуры, шэраг гістарычных падзей, перажытых кожным святым месцам – кожнай царквой, касцёлам, манастыром. Сціплыя і шыкоўныя, напоўненыя духоўнай моцай і прыгажосцю веры, вопытам і ведамі, добра знаёмыя вобразы і ўпершыню ўбачаныя краявіды даюць унікальную магчымасць адным разам наведаць найцікавейшыя духоўныя скарбніцы ўсёй Беларусі. Патаемнае святло кожнай каплічкі, храма, манастыра ззяе з кожнага здымка, дапамагае задумацца і адказаць на пытанне, што пакінем нашчадкам.


Выстава будзе працаваць да 20 кастрычніка 2022 года.
Дата заканчэння працы экспазіцыі можа быць зменена.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.

Мерапрыемствы

Спявак бясконцай любві

25.04.2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Пранікаючы ў тайны творчасці

25.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Пранікаючы ў тайны творчасці”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння літаратуразнаўца, крытыка, акадэміка НАН Беларусі Васіля Васільевіча Барысенкі (1904–1984), праходзіць з 25 красавіка па 23 чэрвеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Знаўца беларускіх старажытнасцей

17.04.2024

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.

Погляд у вечнасць

23.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага вучонага, літаратурнага крытыка Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934–2011), праходзіць з 23 красавіка па 20 мая ў зале беларускай літаратуры (пам.205).



Бібліятэкарам