ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыЛічбавыя бібліятэкіЗалатая калекцыя ЕўразііВыданні з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў "Залатой калекцыі Еўразіі"Выдатныя асобы

Выдатныя асобы

ВЫДАТНЫЯ АСОБЫ

Voyevodskiy.jpg
Назва: Великий князь литовский Витовт и его время.

Аўтар: Ваяводскі, Вітольд Фёдаравіч.

Месца і год выдання: Санкт-Петербург : Губернская типография, 1907.

Анатацыя: Ваяводскі Вітольд Фёдаравіч – гісторык, супрацоўнік Імператарскага археалагічнага інстытута. Вялікі князь Літоўскі, Вітаўт, з’яўляецца адным з самых вядомых кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага. Яшчэ пры жыцці быў названы Вялікім. Выданне змяшчае нарыс жыцця гэтага выдатнага кіраўніка і палкаводца.

 

Назва: Георгий Конисский.

Аўтар: Мінкевіч, Іў.

Месца і год выдання: Чернигов: Типография Губернского правления, 1895.

Анатацыя: Георгій (Каніскі, Рыгор Восіпавіч; архіепіскап Магілёўскі, Мсціслаўскі і Аршанскі; 1717–1795) – украінскі і беларускі царкоўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Змагаўся за захаванне і адраджэнне праваслаўя ў Беларусі. З 1755 г. – епіскап Магілёўскі (або Беларускі). Першы, пасля доўгага перапынку, праваслаўны епіскап у Рэчы Паспалітай. З 1772 г. – епіскап Магілёўскі, Мсціслаўскі і Аршанскі, з 1783 г. – архіепіскап. Ім былі напісаны знакамітыя “Записки о времени появления унии”, “Записки о могилёвской семинарии” і інш.

Назва: Mikołaj Krysztof Radziwiłł Sierotka i jego przyjęcie katolicyzmu w r. 1567: przyczynek do dziejów Reformacyi w Polsce.

Аўтар: Merczyng, Henryk.

Месца і год выдання: Warszawa: Wł. Łazarski, 1911.

Анатацыя: Радзівіл Мікалай Крыштоф (Сіротка; 1549–1616) – дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, пісьменнік, мецэнат. М. К. Радзівіл быў актыўным барацьбітом супраць пратэстанцкага руху. Прымаў удзел у ваенных дзеяннях Лівонскай вайны ў складзе войск Стэфана Баторыя. У 1586 заснаваў Нясвіжскую ардынацыю.

Назва: Ян Баршчэўскі – першы беларускі пісьменнік XIX сталецця: (успамін у 60-ю гадаўшчыну смерці).

Аўтар: Зямкевіч, Рамуальд Аляксандравіч.

Месца і год выдання: Вільня: Друкарня Марціна Кухты, 1911.

Анатацыя: Баршчэўскі Ян (1790–1851) – беларускі і польскі пісьменнік, мысліцель, фалькларыст, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. На працягу ўсёй творчасці Ян Баршчэўскі кіраваўся рамантычна-ўзвышаным пачуццём любові да роднага краю. Яго беларускія творы напісаны ў фальклорным стылі, маюць павучальны або рэалістычны характар. У кнізе змешчаны вершы Я. Баршчэўскага. Выданне надрукавана ў Вільні ў 1911 годзе.

Назва: В. Н. Тяпинский, переводчик Евангелия на белорусское наречие.

Аўтар: Довнар-Запольский, Митрофан Викторович.

Месцаі год выдання: [Санкт-Петербург]: Типография Императорской Академии наук, 1899.

Анатацыя: Цяпінскі Васіль Мікалаевіч (каля 1540 – каля 1600) – беларускі асветнік, пісьменнік, кнігадрукар і перакладчык. Выступаў за развіццё нацыянальнай культуры. У сваім фальварку арганізаваў друкарню, у якой выдаў Евангелле з паралельнымі тэкстамі на царкоўна-славянскай і беларускай мовах (каля 1580 г.). Васіль Цяпінскі прадоўжыў гуманістычныя і культурна-асветніцкія традыцыі, закладзеныя Францыскам Скарынам, падзяляў грамадска-палітычныя і рэлігійныя погляды Сымона Буднага.

Назва: Доктор Франциск Скорина : его переводы, печатные издания и язык.

Аўтар: Владимиров, Петр Владимирович.

Месца і год выдання: [Санкт-Петербург]: Типография Императорской академии наук, 1888.

Анатацыя: Праца рускага гісторыка літаратуры і славіста П.У. Уладзімірава (1854–1914) прысвечана беларускаму і ўсходнеславянскаму першадрукару, пісьменніку, перакладчыку, гуманісту і асветніку эпохі Адраджэння – Францыску Скарыну (каля 1490–1551). Гэта першы вопыт ўсебаковага даследавання асобы Ф. Скарыны, дзейнасць якога разглядаецца на фоне Вялікага Княства Літоўскага пачатку XVI ст.

Назва: У трохсотыя ўгодкі смерці вялікага канцлера Льва Сапегі.

Аўтар: Шкялёнак, М.

Месца і год выдання: Вільня: [Друкарня Я. Левіна], 1933.

Анатацыя: Кніга з’яўляецца першым у беларускай гістарыяграфіі манаграфічным нарысам, прысвечаным жыццю і дзейнасці палітычнага, грамадскага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) Льва Сапегі (1557–1633), дыпламата, мысліцеля, стратэга, які паходзіў са знатнага магнацка-княжацкага роду. З яго імем звязана стварэнне ў 1581 годзе Трыбунала ВКЛ – вышэйшага судова-апеляцыйнага органа краіны, падрыхтоўка і выданне Статута ВКЛ 1588 г. Філасофска-прававыя веды і перакананні Льва Сапегі значна паўплывалі на змест Статута – самага дасканалага збору законаў сярэднявечнай Еўропы, класічнага ўзору феадальнага права, які дзейнічаў на беларускай зямлі да 1840 года.

Назва: Исторические сведения о жизни преподобной Евфросинии княжны Полоцкой, с описанием и изображением Креста, принесенного ею в дар Полоцкой Спасской обители.

Месца і год выдання: Санкт-Петербург: Синод. тип., 1841.

Анатацыя: Еўфрасіння Полацкая ўшаноўваецца як апякунка і нябеснай заступніцай зямлі беларускай. Нарадзілася каля 1101 г. (не пазней за 1104) у сям’і князя Святаслава-Георгія, малодшага сына Усяслава Чарадзея. Княжна ўпотай прыняла пострыг пад імем Еўфрасінні. Прападобная Еўфрасіння заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі цэнтрам асветы ў Полацкім княстве. Яе намаганнямі папаўнялася бібліятэка Сафійскага сабора і вялося полацкае летапісанне. Еўфрасіння сама сачыняла музыку, спрыяла развіццю жывапісу і праславілася як першая беларуская мецэнатка. На яе сродкі і па яе заказе ў 50-я гады XII ст. была пабудавана царква святога Спаса – вяршыня полацкай архітэктурнай школы. Па заказе Еўфрасінні полацкім майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. быў створаны унікальны шэдэўр старажытнабеларускага прыкладнога мастацтва – крыж, які быў названы яе імем. Галоўная беларуская святыня страчана пад час другой сусветнай вайны. Яго месцазнаходжанне да гэтага часу не вызначана.

Назва: Небесные беги.

Аўтар: Дроздович, Язеп Нарцизович.

Месца і год выдання: Вильно: Тип. А. Дворжеца, 1931.

Анатацыя: Язэп Драздовіч – шматгранная асоба ў гісторыі беларускай культуры – мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог, адзін з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу. Я. Драздовіча называлі беларускім Леанарда да Вінчы, беларускім Цыялкоўскім.
Страсць Драздовіча да пазнання таямніц зорнага неба прывяла яго да стварэння касмалагічнай тэорыі пра паходжанне планет сонечнай сістэмы. У 1931 г. ён выдае папулярную кнігу па астраноміі на беларускай мове “Нябесныя бегі”, у якой аўтар разгледзеў пытанні вярчэння Зямлі, паказаў дасканаласць суадносінаў кольцаў Сатурна.

Назва: А.П. Сапунов: к 25-летию его ученой и литературной деятельности.

Аўтар: Стукалич, Владимир Казимирович.

Месца і год выдання: Витебск: Губернская типолитография, 1905.

Анатацыя: Манаграфія У.К. Стукаліча (1858–1918), гісторыка, краязнаўца і літаратуразнаўца прысвечана 25-годдзю навуковай і літаратурнай дзейнасці Аляксея Парфёнавіча Сапунова (1851–1924), які даследаваў гісторыю, літаратуру, этнаграфію, архітэктуру, фальклор Беларусі, пераважна Падзвіння. У кнізе змешчаны кароткі біяграфічны нарыс, падрабязнае апісанне прац выдатнага вучонага, які стаў, па меркаванні М.В. Доўнара-Запольскага, “піянерам правінцыйнай навукі”.
У манаграфіі прыведзены бібліяграфічны паказальнік прац вучонага і зроблены кароткі агляд найбольш значных сачыненняў: аналізуюцца зборнік дакументаў “Витебская старина” у 3-х т. (самая значная работа), працы “Река Западная Двина: историко-географический обзор”, “Полоцкий Софийский собор”, “Архив полоцкой духовной консистории”, “Историческая записка 75-летия Витебской гимназии”, “Исторические судьбы Полоцкой епархии”, брашуры “Двинские, или Борисовы, камни”, “Житие преподобной Евфросинии Полоцкой”, “Несколько слов о еврейском населении Витебска”, “Инфлянты” і інш. Значнае месца ў творчасці вучонага займаюць даследаванні пра гісторыю Полацкай епархіі, праваслаўныя храмы і манастыры, іх святыні.

Назва: Иван Иванович Носович : (краткий биографический очерк).

Аўтар: Шейн, Павел Васильевич.

Месца і год выдання: Санкт-Петербург: Типография Императорской Академии наук, 1900.

Анатацыя: Кніга вядомага беларускага этнографа і фалькларыста П. Шэйна (1826–1900) прысвечана жыццю і дзейнасці выдатнага беларускага мовазнаўца-лексікографа, этнографа, фалькларыста, педагога, паэта, перакладчыка, грамадскага дзеяча, чалавека вялікай эрудыцыі, паліглота Івана Іванавіча Насовіча (1788–1877).

Назва: Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла : З яго жыцця і працы.

Аўтар: Станкевіч, Адам.

Месца і год выдання: Вільня: БІГК, 1935.

Анатацыя: У кнізе прыведзены агляд жыцця і дзейнасці дзеяча беларускай культуры, выдаўца, фалькларыста, мовазнаўцы Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы (1859–1934), які адыграў вялікую ролю ў развіцці мовы, літаратуры і культуры Беларусі канца ХІХ – пачатку ХХ ст.

Назва:

Аўтар: Уладзіслаў Галубок : Нар. артыст БССР.

Месца і год выдання: Мінск.: Полымя, [1929].

Анатацыя: Уладзіслаў Галубок (1882–1937) – адзін з найбуйнейшых дзеячаў сцэны, ён спалучаў у сабе талент пісьменніка і драматурга, акцёра і рэжысёра, мастака і музыканта, выхавальніка артыстычнай моладзі і арганізатара тэатральнай справы. У. Галубку першаму было прысвоена званне народнага артыста БССР (1928).

Назва: Полацкі князь Усяслаў – беларускі нацыянальны асілак.

Аўтар: Сахараў, Сяргей.

Месца і год выдання: Вільня: Kałossie, 1939 (Беларуская друкарня імя Фр. Скарыны).

Анатацыя: Кніга прысвечана славутай асобе полацкага князя Усяслава Брачыслававіча Чарадзея (каля 1029–1101). Доўгае, больш чым паўвекавое, валадарства Усяслава Чарадзея было перыядам стварэння тэрытарыяльнай, палітычнай і этнакультурнай асновы будучай Беларусі, эканамічнага і палітычнага росквіту полацкіх зямель, развіцця горада як гандлёвага і культурнага цэнтра.
Каб узвысіць і ўмацаваць Полацк пры Усяславе Чарадзеі быў пабудаваны Сафійскі сабор, які павінен быў сімвалізаваць роўнасць Полацка з Кіевам і Ноўгарадам, дзе такія саборы былі ўзведзены раней.

Бібліятэкарам