ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайАсноўныя бітвы, баі, ваенныя аперацыіЗаканчэнне Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі
Заканчэнне Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі

Заканчэнне Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі

Увосень 1917 г. баявыя дзеянні на фронце сталі заміраць (апошнія маштабныя баі прайшлі 26 і 31 кастрычніка) і пасля бальшавіцкага перавароту канчаткова сціхлі. У сярэдзіне лістапада войскі самі пачалі заключаць з сапернікам дагаворы аб перамір`і на мясцовым узроўні.

Вечарам 17 лістапада 1917 г. камітэты 2-й і 10-й армій спынілі баявыя дзеянні на сваіх ваенных участках і звярнуліся да германскага камандавання з афіцыйнай прапановай пачаць перамовы аб перамір’і.

23 лістапада было заключана ўжо “агульнае”, франтавое перамір’е. Яно было складзена франтавым ВРК у мястэчку Солы, уступала ў сілу з поўдня 23 лістапада 1917-га і дзейнічала да поўдня 24 студзеня 1918 г. або да “заключэння агульнага перамір’я на ўсім расійска-германскім фронце, калі такое будзе прынята раней вызначанага тэрміну” (што і здарылася). На ўсім Заходнім фронце ад Відз да Прыпяці неадкладна спыняліся ўсе баявыя дзеянні ўсімі відамі зброі і сродкаў масавага паражэння, мінныя і сапёрныя работы, паветраныя палёты над размяшчэннем саперніка і ў 10-вёрстнай паласе ад перадавой лініі сваіх акопаў, дзеянні разведчыкаў. Бакі абавязаліся не праводзіць падрыхтоўчых работ да наступлення і не перакідаць буйныя сілы з аднаго фронту на іншы. Не дазваляўся пераход салдат за лінію драцяных загарод, але да тых, хто гэта рабіў, ніякіх штрафных санкцый не прымянялася.

Фармальна перамір’е, падпісанае ў Солах, дзейнічала нядоўга – каля двух тыдняў, з 23 лістапада да 14.00 4 снежня 1917 г., калі ўступіла ў сілу падпісанае 2 снежня ў Скоках пад Брэст-Літоўскам 28-дзённае перамір’е па ўсім расійска-германскім фронце ад Балтыкі да Дуная.

Апошнія баявыя сутыкненні з сапернікам на тэрыторыі Беларусі былі зафіксаваны ўжо ў лютым – сакавіку 1918 г. Тады германская армія, парушыўшы перамір’е, перайшла ў наступленне па ўсім фронце. 20 лютага немцы ўступілі ў Полацк, 21-га – у Мінск, Рэжыцу і Двінск, 24-га – у Калінкавічы, 25-га – у Барысаў, 27-га – у Жлобін, 28-га – у Рагачоў і Рэчыцу, 1 сакавіка – у Гомель, 3 сакавіка – у Оршу, 5 сакавіка – у Магілёў. З буйных беларускіх цэнтраў неакупаваным застаўся толькі Віцебск. Пад час лютаўска-сакавіцкага наступлення 1918 г. германская армія практычна без страт, невялікімі сіламі захапіла 23 беларускія паветы з 35, за два тыдні ажыццявіўшы тое, да чаго сапернікі Расіі беcпаспяхова імкнуліся больш за два гады…

Разрозненыя і страціўшыя баяздольнасць рэшткі старой расійскай арміі і невялікія атрады нованароджанай Чырвонай Арміі змаглі аказаць толькі сімвалічнае супраціўленне захопнікам. Тым не менш, баі з немцамі адбыліся на подступах да Мінска, Талочына, Калінкавічаў, Жлобіна, Рэчыцы, Віцебска, Гомеля, Веткі. Не сустракаючы супраціўлення дэмаралізаванай рэвалюцыяй арміі, нямецкія войскі за некалькі дзён дайшлі да Оршы.

Фармальна вайна для бальшавіцкай Расіі скончылася 3 сакавіка 1918 г. з заключэннем ганебнага Брэсцкага міру, згодна з якім амаль уся тэрыторыя сённяшняй Беларусі папала ў зону нямецкай акупацыі.

5 сакавіка 1918 г. была ліквідавана пасада Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, а 16 сакавіка – і сама Стаўка. Штаб Заходняга фронту быў захоплены немцамі ў Мінску 21 лютага, толькі невялікая яго частка на чале з галоўнакамандуючым Заходнiм фронтам А.Ф. Мясніковым за два дні да гэтага паспела эвакуіравацца ў Смаленск. 24 сакавіка са Смаленска штаб перамясціўся ў Тамбоў, дзе 12 красавіка яго ўпраўленне было расфарміравана.

Бібліятэкарам