КАРАТЭ

Каратэ – японскае баявое мастацтва і спартыўнае адзінаборства, сістэма абароны і нападзенняў.

Гісторыя ўзнікнення і развіццё каратэ ў свеце

Каратэ (з яп. “шлях пустой рукі”) – японскі від баявых мастацтваў, які аб’ядноўвае ў сабе элементы нападзення, самаабароны, фізічнага і духоўнага развіцця, у якім асноўнымі прыладамі служаць часткі чалавечага цела (далоні, рукі, локці, ногі, калені і галава).

Афіцыйным стваральнікам каратэ лічыцца Бадхідхарма, які таксама з’яўляецца заснавальнікам дзэн-будызму. У 520 г. н.э. ён перанёс сваю рэзідэнцыю з Індыі ў манастыр Шаалінь у Кітаі. І сёння гэты манастыр – цэнтр вучэння пра Буду, а таксама і цэнтр фізічнага і разумовага выхавання паслядоўнікаў гэтага вучэння.


Пасля гэта баявое мастацтва вывезлі на востраў Акінава (Японія), дзе яно змяшалася з мясцовымі прыёмамі барацьбы. Гэта і лічыцца момантам зараджэння каратэ (акінава-тэ). Да 1870-х гг. адкрытае выкладанне каратэ ў Японіі было забаронена і вялося падпольна.

Матобу Цёкі
Источник: https://www.motobu–ryu.org

У 1901 г. каратэ ўвялі ў праграму навучання школ на Акінаве ў якасці прадмета фізічнага выхавання. Найбольш аўтарытэтнымі майстрамі акінаўскага каратэ ў канцы ХIХ і пачатку XX ст. былі Асато Анко, Хігаона Канро, Матобу Цёкі і Ітошу Ясуцунэ. Менавіта іх вучні і сталі заснавальнікамі найбольш вядомых школ японскага каратэ.

У 1924 г. у Японіі Гіцін Фунакосі адкрыў першы публічны клуб каратэ ў такійскім універсітэце.

У 1948 г. была створана Японская асацыяцыя каратэ (Japan Karate Association – JKA) на чале з Фунакосі, якая аб’яднала вядучых спецыялістаў гэтага віду адзінаборстваў. З гэтага часу каратэ стала развівацца як від спорту.

З часам каратэ станавілася ўсё больш папулярным ва ўсім свеце. У ЗША пад каратэ разумеюць усе ўдарныя стылі ўсходніх адзінаборстваў.

У лістападзе 1965 г. быў створаны Еўрапейскі саюз каратэ (European Karate Union – EKU).

У маі 1966 г. у Парыжы праведзены першы чэмпіянат Еўропы па каратэ, які пасля стаў штогадовым.

Летам 1970 г. у Парыжы засноўваецца Сусветная федэрацыя каратэ (World Karate Federation – WKF).

Сусветная федэрацыя каратэ (WKF) аб’ядноўвае 4 асноўныя стылі – сётакан (заснавальнік Гіцін Фунакосі), годзю-ру (заснавальнік Цёдзюн Міягі), вада-ру (заснавальнік Хіраноры Ацука), сіта-ру (заснавальнік Кэнва Мабуні).

Сіта-ру ўключае ў сябе магутныя ката сюры-тэ, жорсткія і мяккія ката наха-тэ і артыстычныя ката кітайскага стылю “белы журавель”.

Годзю-ру – адзін з самых распаўсюджаных стыляў каратэ. У яго аснове ляжыць тэхніка блізкага бою, якая ўключае ўдары локцямі, каленямі, кідковую тэхніку, захопы і барацьбу ў партэры. Існуюць 3 асноўныя варыянты гэтага стылю – акінаўскі, японскі і амерыканскі.

Вада-ру – адзін з чатырох найбуйнейшых стыляў. Да асаблівасцей стылю адносяць імкненне байца звесці да мінімуму яго расход сіл і амплітуду рухаў, якія здзяйсняюцца для абароны, не змяншаючы яе эфектыўнасць.

Сётакан – стыль, адметнымі асаблівасцямі якога з’яўляюцца лінейныя перамяшчэнні і лінейнае прыкладанне сілы.

Вада-ру лічыцца “самым японскім” стылем, годзю-ру – “самым кітайскім”, сіта-ру – “самым акінаўскім”, сётакан – “самым акадэмічным”.

Вылучаюць яшчэ кёкусінкай – кантактны стыль каратэ, паядынкі ў якім насычаны высокімі ўдарамі нагамі і магутнымі ўдарамі рукамі.

Гіцін Фунакосі
Крыніца: https://karate.ru

Цёдзюн Міягі
Крыніца: https://karate.ru

Хіраноры Ацука
Крыніца: https://karate.ru

Кэнва Мабуні
Крыніца: https://karate.ru


У кастрычніку 1970 г. у Токіа праводзіцца першы чэмпіянат свету па каратэ толькі сярод мужчын у абсалютнай вагавай катэгорыі.

У Савецкім саюзе каратэ з’явілася з сярэдзіны 60-х гг., падчас хрушчоўскай палітыкі “пацяплення”. З 1973 па 1978 г. каратэ ў СССР знаходзіцца пад забаронай.

У снежні 1978 г. ствараецца Федэрацыя каратэ СССР і федэрацыі саюзных рэспублік.

У 1981 г. быў праведзены першы чэмпіянат СССР па каратэ. Аднак у 1984 г., па ідэалагічных меркаваннях, Спорткамітэт СССР выдаў загад “Аб забароне навучання каратэ ў спартыўных таварыствах”, які дзейнічаў да 1989 г.

У 1990 г. зноў ствараецца Федэрацыя каратэ СССР, якая ўступае ў World Karate Federation (WKF) і зборная каманда СССР у першы раз прымае ўдзел у X чэмпіянаце свету ў Мексіцы.

Удалым годам для зборнай Расіі стаў 1996 г., дзе на XIII чэмпіянаце свету ў г. Сан Сіці (ПАР) Аслан Губашыеў заняў 1-е месца ў вагавай катэгорыі да 70 кг, а Андрэй Анікін з Новасібірска – 2-е месца ў вагавай катэгорыі 80 кг.

Аслан Губашыеў
Крыніца: http://karate–sport.ru

У 2004 г. у Расійскай Федэрацыі ўтворана Федэрацыя каратэ Расіі.

Каратэ доўгі час было адным з відаў спорту – кандыдатаў на ўключэнне ў праграму Алімпійскіх гульняў. Адной з перашкод на шляху да статусу алімпійскага віду спорту з’яўляўся высокі траўматызм спартсменаў.

16 красавіка 2015 г. у Токіа была праведзена сумесная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Японскай федэрацыі каратэ (JKF). На канферэнцыі было абвешчана: арганізацыі заключаюць саюз з мэтай умацавання пазіцый каратэ ў барацьбе за месца на Алімпіядзе – 2020.

25 мая 2016 г. WKF заявіла аб алімпійскім кваліфікацыйным працэсе. З 2020 г. каратэ будзе алімпійскім відам спорту.


У каратэ існуе сістэма вучнёўскіх (кю) і майстэрскіх (даны) ступеней. Кожнай ступені адпавядае пояс пэўнага колеру. Звычайная сістэма прадугледжвае для пачаткоўца белы пояс, які цямнее з ростам майстэрства. Данам адпавядае чорны пояс.


Сістэма паясоў:

  • 9-ты кю – белы;
  • 8-мы кю – жоўты;
  • 7-мы кю – аранжавы;
  • 6-ты кю – зялёны;
  • 5-ты кю – чырвоны;
  • 4-ты кю – фіялетавы або цёмна-сіні;
  • 3-ці кю – светла-карычневы;
  • 2-гі кю – карычневы;
  • 1-шы кю – цёмна-карычневы;
  • 1-шы дан і вышэй – чорны.

На сучасным этапе WKF уключае пяць аб’яднанняў: Азіяцкі саюз каратэ (Asian Karatedo Federation – AKF), Еўрапейская федэрацыя каратэ (European Karate Federation – EKF), Саюз каратэ Аўстраліі і Акіяніі (Australian Karate Federation – OUKO), Панамерыканская федэрацыя каратэ (Panamerican Karate Fedration – PKF), Афрыканскі саюз федэрацый каратэ (African Karate Federation – AKF).

Гісторыя развіцця каратэ на тэрыторыі Беларусі

У канцы 1970-х гг. у БССР з’яўляюцца першыя секцыі па каратэ.

Леанід Лушчык
Крыніца: https://www.bsu.by/ru

У красавіку 1978-га было праведзена адкрытае першынство Мінска, якое фактычна мела рэспубліканскі статус. Прызёрамі першынства сталі Леанід Лушчык, Уладзімір Сідарэнка, В. Пашкоў.

Знамянальнай падзеяй для ўсяго беларускага каратэ стала правядзенне першынства БССР у 1979 г. Праходзіла яно ў Мінску, у Палацы лёгкай атлетыкі. У абсалютнай катэгорыі першынстваваў Алег Кірыенка.

У снежні 1979 г. на I Усесаюзным першынстве па каратэ чэмпіёнам стаў Алег Кірыенка, сярэбранымі прызёрамі – Леанід Лушчык і Уладзімір Сідарэнка.


Першае першынства БССР па каратэ
Крыніца: кніга «Первые шаги белорусского каратэ»

Алег Кірыенка
Крыніца: кніга «Первые шаги белорусского каратэ»


Беларускія каратысты пад кіраўніцтвам Алега Кірыенкі, Андрэя Вількіна ў якасці каскадзёраў удзельнічалі ў здымках мастацкіх фільмаў “Емяльян Пугачоў” (Масфільм) і “Дачка камандзіра” (Беларусьфільм).

Кадр з фільма “Дачка камандзіра”
Крыніца: кніга «Первые шаги белорусского каратэ»

У 1989 г. Саюз арганізацый каратэ СССР упершыню прадставіў зборную, у склад якой уваходзілі і два беларускія спартсмены Анатоль Кур’яновіч, Сяргей Гучэнка.


Гісторыя развіцця каратэ на тэрыторыі Беларусі на сучасным этапе

У 1991 г. была ўтворана і зарэгістравана Беларуская федэрацыя каратэ-до (БФК; сайт: http://shotokan.by), якая ў 1992 г. атрымала прызнанне Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.

У 1992 г. БФК уступіла ў World Karate Federation і атрымала магчымасць удзельнічаць у чэмпіянаце свету па каратэ.

У 1996 г. па ініцыятыве Беларускай федэрацыі каратэ-до ўтворана Акадэмія шатакан каратэ-до. Заснавальнікамі і кіраўнікамі акадэміі сталі Святлана Вількіна (заслужаны майстар спорту, адзіная ўладальніца ва Усходняй Еўропе пятага дана WKF) і Андрэй Вількін (уладальнік сёмага дана WKF).

Святлана Вількіна
Крыніца: http://www.shotokan.by

Андрэй Вількін
Крыніца: кніга «Победы, добытые в боях»


Сярод выпускнікоў Акадэміі шатакан каратэ-до – 23 уладальнікі чорных паясоў, данаў шатакан каратэ-до. Сярод іх Аляксей Вількін, Канстанцін Вішнеўскі, Марына Аляксеева, Павел Гарбацэвіч, Аляксандр Зяневіч, Надзея Керн і іншыя.

Чэмпіянат Еўропы па шатакан каратэ-до: першае месца – Беларусь
Крыніца: кніга «Победы, добытые в боях»

Удалым стаў 1998 г. для жаночай каманды ката Беларускай федэрацыі каратэ-до, на п’едэстал гонару чэмпіянату Еўропы па шатакан падняліся тры беларускі – Вольга Вількіна, Таццяна Сіняўская, Святлана Вількіна.


Беларуская асацыяцыя каратэ-до “Акінава годзю-ру” (сайт: http://www.gojuryu.by) утворана ў 1992 г. З 1993-га асацыяцыя з’яўляецца членам Міжнароднай федэрацыі акінаўскага каратэ-до годзю-ру (International Okinawan Goju-ryu Karate-do Federation – IOGKF), з 1994-га – Еўрапейскага аб’яднання каратэ-до годзю-ру (Europe Okinawa Goju-ryu Karate Federation).

За час існавання асацыяцыя выпусціла шэраг чэмпіёнаў. Першым чэмпіёнам Еўропы годзю-ру каратэ ў 1993 г. стаў Віктар Грыневіч.

Першае месца на чэмпіянаце свету WKC 1999 г. заняла Таццяна Пазняк.

Паспяхова выступілі беларускія спартсмены ў 2002 г. на чэмпіянаце Еўропы па годзю-ру каратэ. Першае месца занялі Кірыл Банькоў і Віталь Дзьячкоў.

У 2010 г. на чэмпіянаце свету па годзю-ру каратэ (г. Кашкайш, Партугалія) трэцяе месца займаюць два беларусы – Рыгор Фядотаў і Андрэй Грыневіч.

Рыгор Фядотаў
Крыніца: http://www.gojuryu.by

Андрэй Грыневіч
Крыніца: http://www.gojuryu.by


У 1997 г. па ініцыятыве СК “Канку” адбылося аб’яднанне ўсіх клубаў Беларусі, якія практыкуюць стыль каратэ кёкусінкай, у грамадскае аб’яднанне “Беларуская федэрацыя кёкусінкай будо каратэ” (сайт: http://budokan.by). Федэрацыя выхавала вялікую колькасць чэмпіёнаў – Дзмітрыя Аляхновіча, Паўла Шпількова, Міхаіла Калеснікава, Рамана Гурыновіча і іншых.

Д. Аляхновіч – тобі ёка геры, 1996
Крыніца: фотаальбом «Наш путь»

Победа – это только начало нового пути: Ольга Алехнович
Крыніца: фотаальбом «Наш путь»


У 2010 г. Вольга Аляхновіч стала чэмпіёнкай свету па кёкусінкай каратэ ў раздзеле “ката”.

У 1999 г. утворана Беларуская асацыяцыя японскага каратэ.

У студзені 2012 г. была зарэгістравана асацыяцыя “Мінская федэрацыя каратэ”. Гэта першая ў гісторыі айчыннага спорту арганізацыя, якая ставіць сваёй мэтай аб’яднання спартсменаў і федэрацый Рэспублікі Беларусь.

У лістападзе 2014 г. створана рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларуская федэрацыя каратэ сётакан” (сайт: https://www.karate-shotokan.by).


Крыніцы, выкарыстаныя ў праекце

Кнігі:

  1. Вилькин, А. Я. Первые шаги белорусского каратэ : спец. подарочное изд. / А. Я. Вилькин. – 2-е изд., испр. – Минск : Белпринт, 2018. – 52 с.
  2. Вилькин, А. Я. Победы, добытые в боях / А. Вилькин ; Белорус. ком. молодеж. орг., Белорус. федерация шотокан каратэ-до. – Минск : Белпринт, 2010. – 51 с.
  3. Курилко, Б. А. Неизвестное карате / Б. А. Курилко. – М. : Бомбора , 2018. – 175 с.
  4. Пятько, П. С. Каратэ – спорт и боевое искусство / П. С. Пятько, Е. Н. Голубева, С. Д. Филиппович. – Минск : Конкурс, 2014. – 63 с.


Артыкулы:

  1. Аслан Губашиев [Электронный ресурс] // Karate–sport.ru. – Режим доступа: http://karate-sport.ru/aslan-gubashiev-pervyj-chempion. – Дата доступа: 12.01.2019.
  2. Вилькина Светлана Борисовна [Электронный ресурс] // Белорусcкая федерация шотокан каратэ-до. – Режим доступа: http://www.shotokan.by/kluby/bars.html. – Дата доступа: 12.01.2019.
  3. Голод, И. Карате-до, после и всегда / И. Голод // Мин. курьер. – 2013. – 5 апр. – С.
  4. Гупало, Е. Ю. Каратэ / Е. Ю. Гупало // Спорт : большая ил. энцикл : пер. с англ. / Д. Фурни [и др.]. – М., 2003. – C. 296.
  5. Зенюк, А. Гитин Фунакоси: шесть правил постижения сути каратэ [Электронный ресурс] / А. Зенюк // Karate.ru. – Режим доступа: https://karate.ru/articles/270. – Дата доступа: 12.01.2019.
  6. История каратэ в России [Электронный ресурс] // Федерация каратэ России. – Режим доступа: http://ruswkf.ru/istoriya-karate-v-rossii/. – Дата доступа: 12.01.2019.
  7. История официального происхождения каратэ-до [Электронный ресурс] // Ассоциация косики каратэ России. – Режим доступа: [Электронный ресурс]. – Дата доступа: 05.02.2019.
  8. Каратэ [Электронный ресурс] // Sportwiki: спорт. энцикл. – Режим доступа: http://ru.sport-wiki.org/vidy-sporta/karate. – Дата доступа: 12.01.2019.
  9. Каратэ годзю-рю [Электронный ресурс] // Karate.ru. – Режим доступа: https://karate.ru/karate_goju_ryu . – Дата доступа: 12.01.2019.
  10. Кэнва Мабуни [Электронный ресурс] // Википедия: свобод. энцикл. – Режим доступа: https://ru.wikipedia.org/wiki. – Дата доступа: 12.01.2019.
  11. Лущик Леонид Николаевич [Электронный ресурс] // Белорусский государственный университет. – Режим доступа: https://www.bsu.by/ru/main.aspx?guid=197671. – Дата доступа: 12.01.2019.
  12. Пояса в каратэ: от белого к черному [Электронный ресурс] // Karate.ru. – Режим доступа: https://karate.ru/articles/poyasa-v-karate. – Дата доступа: 12.01.2019.
  13. Хинори Оцука [Электронный ресурс] // Budoman: мир восточных единоборств. – Режим доступа: http://www.budoman.ru/biografii-masterov/karate/hironori-ocuka.html. – Дата доступа: 12.01.2019.
  14. Чемпионы и призеры мировых и европейских чемпионатов по каратэ годзю-Рю [Электронный ресурс] // Белорусская Ассоциация Каратэ-до Окинава Годзю-рю. – Режим доступа: http://www.gojuryu.by/we_proud. – Дата доступа: 12.01.2019
  15. Motobu Chōki [Electronic resource] // Motobu Chōki. – Mode of acces: https://www.motobu-ryu.org. – Date of access: 12.01.2019.



Бібліятэкарам