Я б хацеў напісаць кнігу, ад якой у людзей было б светла і хораша на душы.

Міхась Зарэцкі


Жыццё Міхася Зарэцкага было нядоўгім, але надзвычай яркім і творча змястоўным. Пачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай савецкай прозе, ён узбагаціў літаратуру шэрагам значных твораў, якія і сёння не страцілі сваёй мастацкай каштоўнасці, бо праблемы, узнятыя ў іх, думкі і лёсы герояў сугучныя нашай сучаснасці.

Міхась Зарэцкі

Міхась Зарэцкі

Міхась Зарэцкі (сапраўднае імя Міхаіл Яўхімавіч Касянкоў) нарадзіўся 20 лістапада 1901 г. у сяле Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер гэта Талачынскі раён Віцебскай вобласці) у сям’і вясковага дзяка Яўхіма Ануфрыевіча Касянкова і яго жонкі Пелагеі Лявонцьеўны. Міхась быў другім дзіцём пасля старэйшага Івана, а ўслед за ім нарадзіліся малодшыя брат і сястра – Мікалай і Ліза. Дзяцінства будучага пісьменніка прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам, куды яго бацька быў пераведзены па службе. Менавіта адсюль, з мясціны з такой паэтычнай назвай, і пайшоў яго вядомы літаратурны псеўданім “Зарэцкі”.

Значны ўплыў на фарміраванне светапогляду Міхася адыгралі бацькі. Яўхім Ануфрыевіч, кіраўнік царкоўнага хору, сам спрабаваў пісаць музыку, любіў спяваць, цікавіўся вуснай народнай творчасцю, валодаў здольнасцямі апавядальніка, таму мог цікава і вобразна распавесці пра перажытае ці ўбачанае. Прыродным артыстычным талентам і любоўю да спеваў вылучалася і Пелагея Лявонцьеўна, маці Міхася. Такім чынам, творчая атмасфера, якая панавала ў доме Касянковых, спрыяла развіццю мастацкага густу дзяцей. Міхась “ужо ў дзяцінстве ўмеў іграць на многіх музычных інструментах”, – сведчыў брат пісьменніка Мікалай.

У дзесяць гадоў хлапчука аддалі вучыцца ў Аршанскае духоўнае вучылішча, а ўжо праз чатыры гады ён стаў навучэнцам Магілёўскай духоўнай семінарыі. Па ўспамінах пісьменніка, бурса прывучыла яго да самастойнага крытычнага мыслення, развіла інстынкт таварыскасці, імкненне да грамадскасці.

Пакроўскі манастыр і духоўнае вучылішча ў Оршы.

Пакроўскі манастыр і духоўнае вучылішча ў Оршы.
Фота пачатку ХХ ст.

Вучэбны корпус Магілёўскай духоўнай семінарыі

Вучэбны корпус Магілёўскай духоўнай семінарыі ў пачатку XX ст.


З надыходам рэвалюцыйных падзей, юнак кінуў семінарыю. Некаторы час працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці ў Арлоўскай губерні, але ўжо праз паўгады вярнуўся ў родную вёску, дзе праз матэрыяльныя цяжкасці быў вымушаны ўладкавацца царкоўным вартаўніком.

У лютым 1919 г. М. Зарэцкі атрымаў пасаду настаўніка ў пачатковай школе на Магілёўшчыне, пазней узначальваў Шклоўскі валасны аддзел народнай асветы. У 1920 г. удзельнічаў у ІІ Усерасійскім з’ездзе работнікаў асветы, дзе быў абраны кандыдатам у члены ЦК гэтага саюза.

Міхась Зарэцкі

Міхась Зарэцкі. 1925 г.

З 1920 па 1927 г. юнак служыў у Чырвонай арміі, і гэты перыяд адыграў вырашальную ролю ў яго псіхалогіі: “Бясконцыя блуканні з месца на месца, безліч назіранняў і ўражанняў, блізкае знаёмства з дзясяткамі і сотнямі самых разнастайных чалавечых тыпаў – усё гэта ўзбагаціла мяне невычэрпным запасам матэрыялу, які я выкарыстаў пасля ў цэлым шэрагу сваіх апавяданняў”, – напіша ў 1928 г. пісьменнік у сваёй аўтабіяграфіі.

“Ваенны вобраз” Міхася Зарэцкага ярка занатаваў Ян Скрыган у кнізе літаратурных успамінаў “Некалькі хвілін чужога жыцця”:

“…дзівіў ён іменна тым, што менш за ўсё быў падобны на ваеннага. Аблічча, жэсты, манера гаварыць, стаяць, усміхацца неяк вельмі ж па-цывільнаму не маглі стасавацца да формы, пярэчылі ёй <…> Тонкі, высокі і стройны, ён быў абавязкова відзён, але не ростам, а іменна вось гэтай сваёй асаблівай манерай трымацца: і свабодна, і разам з тым скавана <…> Стрыманасць і непасрэднасць як бы вечна ваююць у ім”.
Марыя Касянкова

Марыя Касянкова, жонка Міхася Зарэцкага.
1929 г.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Неардынарная асоба, непадобны на іншых, Міхась Зарэцкі і ў літаратуру прыйшоў вельмі незвычайна, дзякуючы сну: “…думкі стаць пісьменнікам у мяне ніколі не было. Справа пачалася з таго, што я аднойчы ўбачыў вельмі яркі і незвычайны сон, уражанне ад якога не пакідала мяне на працягу цэлага месяца. Мне захацелася занатаваць гэтае ўражанне, і я стаў пісаць”, – успамінаў ён.

Малады аўтар нават не чакаў, што яго апавяданне надрукуюць, але неўзабаве з 6 студзеня 1922 г. на старонках “Савецкай Беларусі” адзін за адным пачалі выходзіць яго творы, сярод якіх “Ці ж так?”, “Спатканне”, “Сёння” (“Малюнкі жыцця”), “Цішка Бабыль”, “У Саўках” і іншыя. Творчы працэс ішоў вельмі інтэнсіўна: толькі на працягу 1923 г. у газеце быў змешчаны цэлы шэраг апавяданняў празаіка. У гэты перыяд Міхась Зарэцкі ажаніўся і “да чыстых творчых імкненняў прымяшалася і матэрыяльная зацікаўленасць”, бо “жыў з жонкай на адным чырвонаармейскім пайку”.

У 1924 г. пісьменнік стаў сябрам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, увайшоў у цэнтральнае бюро арганізацыі. Хутка, апрача газеты “Савецкая Беларусь”, імя Міхася Зарэцкага загучала са старонак часопісаў “Полымя” і “Маладняк”. Неўзабаве выходзяць і зборнікі апавяданняў празаіка: “Пела вясна” (1925), “У віры жыцця” (1925), “Пад сонцам” (1926), “42 дакументы і Двое Жвіроўскіх” (1926). Здзіўляе, што кожны год друкуецца адразу па два ці нават тры зборнікі, што сведчыць пра плённую творчую працу аўтара.


Пела вясна
Пад сонцам
42 дакументы

У ранніх апавяданнях М. Зарэцкага суадносяцца рамантычныя і рэалістычныя тэндэнцыі, характэрны вострыя драматычна-напружаныя сюжэты, адсутнасць бытавой апісальнасці і натуралізму. Наватарскім па форме мастацкага матэрыялу стаў твор “42 дакументы і Двое Жвіроўскіх”, які складаецца з тэксту пратаколаў, лістоў, загадаў, тэлеграм, пастаноў, лістовак і г.д. Гэта быў арыгінальны і смелы крок маладога празаіка.

У 1926 г. Міхась Зарэцкі напісаў аповесць “Голы звер”, якая адразу стала надзвычай папулярнай. Паэт Масей Сяднёў успамінаў, што кнігі выкрадалі з шафаў з забароненымі матэрыяламі, а ў бібліятэцы толькі і было чутна: «“Голы звер” Зарэцкага ёсць?». Яркі адмоўны персанаж, смеласць аўтара, суадносіны інтарэсаў асобы і грамадства прыцягнулі ўвагу чытачоў, а праблемы, узнятыя ў аповесці, і на сённяшні дзень з’яўляюцца актуальнымі.

У канцы 1920-х гг. Міхась Зарэцкі ўпершыню звярнуўся да жанру рамана: у 1927 г. на старонках часопіса “Полымя” друкуюцца “Сцежкі-дарожкі”. Твор стаў значным укладам у беларускі “вялікі эпас”.

Голы звер
Сцежкі-дарожкі

У 1927 г. скончыўся “маладнякоўскі” перыяд творчасці пісьменніка, наступілі пэўныя змены ў яго светаадчуванні. Ён становіцца адным з ініцыятараў утварэння новага літаб’яднання “Полымя”. У гэты час М. Зарэцкі шмат падарожнічае: у 1927 г. разам з Ц. Гартным і М. Чаротам пісьменнік наведаў Латвію, Германію, Францыю, Чэхаславакію. Пашыраюцца яго творчыя кантакты, назапашваюцца новыя ўражанні, набываецца новы досвед, адбываюцца сустрэчы з дзеячамі культуры Захаду, майстрамі літаратуры. Цікавыя ўспаміны пра сумесныя падарожжы з М. Зарэцкім па еўрапейскіх краінах пакінуў Ц. Гартны, які адзначыў, што пісьменнік захапляўся непрыбранасцю Люксембургскага саду, кажучы: “...парк лепей выглядае тады, калі ён прадстаўляе натуру”. Характэрна, што і ў класічнай музыцы пісьменнік аддаваў перавагу канкану, а не грандыёзным операм Вагнера. Ва ўсіх праявах жыцця М. Зарэцкі любіў гратэскавую выразнасць і экстравагантнасць, шукаў супярэчнасці, нават парадоксы, якія адлюстроўваў і ў паводзінах герояў сваіх твораў.

Пазней у складзе беларускай пісьменніцкай дэлегацыі, куды ўваходзілі Я. Купала, Я. Колас і М. Чарот, ён наведаў Харкаў, дзе прысутнічаў на ўрачыстасцях, прысвечаных памяці Тараса Шаўчэнкі. Пасля былі і іншыя паездкі, сустрэчы з чытачамі, выступленні ў розных кутках Беларусі, у прыватнасці, на Аршаншчыне, на Магілёўшчыне, Гомельшчыне і іншых месцах.

Беларускія пісьменнікі разам са студэнтамі-беларусамі

Беларускія пісьменнікі разам са студэнтамі-беларусамі вышэйшых школ Прагі падчас наведвання Чэхаславакіі.
1927 г.

На юбілеі Тараса Шаўчэнкі

На юбілеі Тараса Шаўчэнкі ў Харкаве.
1927 г.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Адначасова са службай у Чырвонай арміі і актыўнай творчай дзейнасцю пісьменнік вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе разам з ім атрымлівалі адукацыю “маладнякоўцы” Андрэй Александровіч і Алесь Дудар, а пасля і Ян Скрыган. Апошні, успамінаючы 1927 г., пісаў пра Зарэцкага:

“Гэта быў ужо ў поўным сэнсе слова пісьменнік і інтэлігент. Папулярнасці і славе яго адпавядаў і вонкавы выгляд <…> Бывала, на перапынках, калі мы ўсе высыпалі на калідор, нехта першы заўважаў і абвяшчаў нямоцна: «Зарэцкі ідзе!». І праўда, у канцы калідора паяўляўся цёмна-шэры капялюш і над усімі галовамі праплываў у гардэроб”.

Аднак вучоба маладога пісьменніка хутка была спынена: у друку з’явіўся вядомы тады “Ліст трох”, у якім А. Александровіч, А. Дудар і М. Зарэцкі выступілі супраць актывістаў, якія збіраліся ўчыніць “грамадскі суд” над беларускамоўнымі студэнтамі. Пасля гэтай публікацыі юнакі пакінулі ўніверсітэт.

У другой палове 1920-х гг. пачынаецца творчы ўздым савецкай драматургіі. Вядома, што М. Зарэцкі цікавіўся тэатрам, быў ініцыятарам і актыўным удзельнікам тэатральнай дыскусіі ў 1928 г., зацвердзіў сябе як тэатральны крытык, які выступаў за развіццё нацыянальнага тэатра і кіно. Яшчэ ў пачатку 1920-х гг., у часы службы ў Віцебскай вайсковай часці, пісьменнік арганізаваў “Беларускае культурна-асветнае таварыства”, стварыў вайсковую аматарскую трупу і кіраваў ёю. Разам з самадзейнымі артыстамі, у розных клубах ён наладжваў спектаклі, якія карысталіся поспехам у гледачоў. Невыпадкова, што ў канцы 1920-х гг. пісьменнік звярнуўся да драматычнай жанравай формы.

Артысты БДТ-2 з беларускімі пісьменнікамі

Артысты БДТ-2 з беларускімі пісьменнікамі.
У другім радзе: дзявяты злева – Міхась Зарэцкі.
Мінск.
1930-я (?) гг.
З архіва М. Хайноўскай.
З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

У 1928 г. ён напісаў п’есу “Віхор на балоце”, дзе скарыстаўся выяўленчымі сродкамі меладрамы з яе традыцыйным любоўным трохкутнікам, трагічнымі ахвярамі як выніку непадзельнага кахання. Пазней з-пад яго пяра выйшла п’еса “Белыя ружы” (1928–1929), вытрыманая ў рамантычным ключы з элементамі прыгодніцтва, з выкарыстаннем фальклорных паданняў і легенд. Невядомым застаецца лёс гістарычнай драмы “Рагнеда”, якую пісьменнік стварыў яшчэ ў канцы 1920-х гг., але тэкст твора не знойдзены і дасюль.

Звяртаўся да драматургіі М. Зарэцкі і ў апошнія гады жыцця. У 1935 г. у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі была пастаўлена п’еса “Сымон Карызна”, якую пісьменнік стварыў на аснове свайго рамана “Вязьмо”, а ў 1936 г. пабачыла свет п’еса “Ная” – дынамічны, вострасюжэтны твор, прысвечаны новай для беларускай літаратуры тэме жыцця цыганоў. Твор таксама атрымаў сцэнічнае ўвасабленне і быў пастаўлены Тэатрам юнага гледача. Спектакль атрымаўся яркі, але прайшоў усяго некалькі разоў і быў зняты з рэпертуару.

Сцэна са спектакля “Сымон Карызна”

Сцэна са спектакля “Сымон Карызна”.
Дзяржаўны рускі тэатр БССР.
1935 г.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Майстар малой прозы, М. Зарэцкі піша ўсё новыя апавяданні і ў канцы 1920-х гг. выходзяць зборнікі “На чыгунцы” (1928), “Ракавыя жаронцы” (1929). Цікава, што Ян Скрыган не разумеў назвы апошняга твора, не ведаў, куды ставіць націск у слове “ракавыя”, пасля чаго сам аўтар растлумачыў сэнс так: у сяле, дзе нарадзіўся М. Зарэцкі, існавала павер’е, нібы ў галаве рака ёсць нейкая таямнічая костачка, якая і называецца жаронцамі. Калі знайсці тую костачку, то яна, нібы папараць-кветка, можа адкрываць людзям таямніцы шчасця.

На чыгунцы
Ракавыя жаронцы


У канцы 1920-х – пачатку 1930-х гг. пісьменнік звяртаецца да публіцыстыкі і піша шэраг нарысаў. Сярод іх “Падарожжа на Новую Зямлю” (1929), які стаў вынікам паездак М. Зарэцкага на Мар’інскія балоты, дзе праводзілася шырокая меліярацыя забалочаных зямель. Роздумы і меркаванні М. Зарэцкага над убачаным і склалі асноўны змест твора. Акрамя гэтага, пісьменнік звязаў у нарысе сацыяльную і нацыянальную тэмы, падкрэсліваў неабходнасць барацьбы з пагардлівымі адносінамі да нацыянальнай культуры, крытыкаваў дзяўчат, якія “самі сябе абакралі”, бо аддаюць перавагу гарадскім рамансам, а не народным мелодыям, што складаюць багацце сваёй нацыянальнай культуры.

У 1930-я гг. на Беларусі пачынаецца калектывізацыя. Пісьменнік не мог застацца ў баку ад тагачасных падзей. Іх раскрыццю прысвечаны нарыс “Вясна 1930 года” (1930), які прадстаўляе яго думкі пра лёс працоўнай вёскі, праўдзівы паказ цяжкасцей арганізацыі калгаса. У 1931 г. друкуюцца “Лісты ад знаёмага”, дзе пісьменнік выбраў нетрадыцыйную форму падачы матэрыялу ў выглядзе лістоў ад чалавека, “знаёмага”, які нібы збоку назірае за тым, што адбываецца, і піша пра гэта аўтару. Было немагчыма адкрыта выступаць з крытыкай калектывізацыі, у якой М. Зарэцкі бачыў трагедыю сялянства, таму ён быў вымушаны абмяжоўвацца ад ацэнкі падзей, каб адвесці ад сябе абвінавачванні крытыкаў. У 1932 г. пісьменнік працягнуў тэму калектывізацыі і трагедыі беларускай вёскі ў рамане “Вязьмо”, якому, у параўнанні з іншымі творамі, больш пашанцавала, бо, па меркаванні М. Мушынскага, тагачасныя крытыкі не здолелі спасцігнуць глыбокі сэнс гэтага твора.

Лісты ад знаёмага
Вязьмо


Нягледзячы на творчы ўздым, асваенне новых жанраў, папулярнасць сярод чытачоў, удзел у Першым Усебеларускім з’ездзе пісьменнікаў у 1934 г., перыяд 1930-х гг. пазначаны драматычнымі зменамі ў жыцці М. Зарэцкага. Сваімі публіцыстычнымі творамі, адмоўным стаўленнем да тагачасных падзей, крытычнымі выступленнямі падчас тэатральнай дыскусіі супраць чыноўнікаў ад мастацтва, пісьменнік супярэчыў новым палітычным устаноўкам, у выніку чаго на старонках перыядычнага друку пачалася кампанія супраць М. Зарэцкага. Пісьменнік быў выключаны з партыі, яго творы пачалі забараняцца і ўвогуле не друкаваліся. Незайздросны лёс напаткаў раман “Крывічы”, пра які ходзяць розныя легенды. Так, паводле адной з версій, твор нібыта быў завершаны і нават выйшаў з друку, але тыраж да чытача не дайшоў і ў прадуктовых крамах Мінска пакупнікам у старонкі гэтага рамана загортвалі селядцы. Але М. Зарэцкі з уласцівай яму нязломленай сілай духу, упартасцю, нават у такіх цяжкіх абставінах прэсінгу і абвінавачванняў, працягваў пісаць, займаў пасаду загадчыка аддзела літаратуры і мастацтва ў Беларускай акадэміі навук. І ўсё ж ні талент, ні папулярнасць аўтара не засцераглі яго ад арышту, які адбыўся 3 лістапада 1936 г. Міхась Зарэцкі быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і 28 кастрычніка 1937 г. расстраляны. Рэпрэсіі не абмінулі і астатніх членаў сям’і пісьменніка: яго жонка Марыя Іванаўна таксама была асуджана на сем гадоў знаходжання ў папраўча-працоўных лагерах, у 1941 г. была рэабілітавана, а ў 1945 г. яе зноў асудзілі на дзесяць гадоў. Малалетнія дзеці М. Зарэцкага – сын Слава і дачка Рада – гадаваліся ў дзіцячым доме “Боркі” Калінінскай вобласці.

Марыя Касянкова з сынам

Жонка пісьменніка Марыя Касянкова з сынам.
З кнігі: Зарэцкі, М. Збор твораў : у 4 т. – Мінск. – Т. 4. – 1992 г.

Дзеці М. Зарэцкага

Дзеці пісьменніка – Слава і Рада.
1929 г.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва



Пісьменніка рэабілітавалі 7 снежня 1957 г., і яго светлае імя зноў вярнулася ў беларускую літаратуру.

Да сённяшняга часу творчасць Міхася Зарэцкага застаецца да канца не даследаванай. Шмат рукапісаў, лістоў пісьменніка не захаваліся. Пошук яго спадчыны, перавыданне твораў і іх дасканалае даследаванне, перагляд ацэнак, дадзеных літаратуразнаўцамі ў савецкі час, застаецца наперадзе.


Мастак праўдзівага слова: творчая спадчына Міхася Зарэцкага


Захапленне літаратурнай творчасцю было ў мяне часткай рамантычнага захаплення “беларускасцю”, якое заўладала мною, захаплення ідэяй адраджэння нацыянальнай беларускай культуры.

Міхась Зарэцкі


Міхась Зарэцкі пражыў дужа кароткае жыццё – усяго 35 гадоў, але за гэты час ён узбагаціў беларускую літаратуру апавяданнямі, аповесцямі і раманамі, п’есамі, нарысамі і крытычнымі артыкуламі. У 1920–1930-я гг. яго творы былі вельмі папулярнымі як сярод знаўцаў літаратуры, так і сярод простай публікі. Яны захаплялі сваёй выразнасцю, унутранай свабодай, непрыняццем тагачаснай рэчаіснасці, лёгкай іроніяй. Героі, створаныя М. Зарэцкім, выклікалі цікавасць і спачуванне, а падзеі, апісаныя ў творах, здзіўлялі сваёй гратэскавай канкрэтыкай і графічнай вастрынёй.

Між тым творчасць гэтага таленавітага і самабытнага мастака даследавана мала, бо імя М. Зарэцкага на працягу доўгага часу выкрэслівалася з гісторыі літаратуры. Многае з таго, што было ім напісана, асабліва ў апошнія гады жыцця, не захавалася. У наш час спадчына пісьменніка патрабуе новага прачытання і больш глыбокай навуковай ацэнкі даследчыкаў.

Творчы шлях Міхася Зарэцкага пачаўся ў пачатку 1920-х гг. Яго пісьменніцкі дэбют прыпаў на 6 студзеня 1921 г., калі ў “Савецкай Беларусі” быў надрукаваны матэрыял пад назвай “Ці ж так?” З гэтага часу адзін за адным пачалі выходзіць спачатку асобныя творы маладога аўтара, а пасля і цэлыя зборнікі апавяданняў: “У віры жыцця” (1925), “Пела вясна” (1925), “Пад сонцам” (1926), “42 дакументы і Двое Жвіроўскіх” (1926). Ранняя “малая проза” пісьменніка прасякнута маладнякоўскай рамантыкай, лірычным настроем, увагай да простага чалавека і яго ўнутранага жыцця, імкненнем будаваць твор на вострых, драматычных калізіях. У апавяданнях раскрываецца праблема ўзаемаадносін асабістага і грамадскага, назіраецца ўменне бачыць асаблівасці, якія нараджала новая, паслярэвалюцыйная эпоха, напрыклад, скалечаныя лёсы людзей, якія не змаглі ўвайсці ў новае жыццё. Апавяданні М. Зарэцкага сталі не толькі сур’ёзнай школай падрыхтоўкі пісьменніка да стварэння буйных твораў, але і пакінулі яскравы след у нацыянальнай прозе як самастойныя высокамастацкія творы, якія сведчаць аб яго майстэрстве ў гэтым жанры.

Паступова пашырыўся дыяпазон творчасці М. Зарэцкага: аўтар звярнуўся да аповесцей і раманаў. Сярод іх вылучаецца вострапраблемная аповесць “Голы звер” (1926), у цэнтры якой адмоўны герой – Віктар Яроцкі, чалавек са “звярынай сутнасцю”, носьбіт філасофіі эгаізму і ўсёдазволенасці. Гэтым творам і паказам на першым плане персанажа такога кшталту, пісьменнік выказаў сваю грамадзянскую смеласць і імкненне не толькі ўслаўляць рэчаіснасць, але і паказваць яе негатыўныя бакі.

У 1927 г. з друку выйшаў раман М. Зарэцкага “Сцежкі-дарожкі”, у якім аўтар праз галоўных герояў раскрыў складаную праблему рэвалюцыі і інтэлігенцыі, праўдзіва адлюстраваў рэвалюцыйныя падзеі і паказаў сапраўдны “твар” рэвалюцыі з усёй яе бязлітаснасцю і несправядлівымі ахвярамі. Раскрыццё такой гістарычнай праўды ў канцы 1920-х гг. было справай наватарскай і смелай. Праблема выбару чалавека, які апынуўся ў непераадольных абставінах, набыла сімвалічнае гучанне ў рамане праз скразны вобраз сцежак-дарожак, што “перапляліся пераплётам заклятым – не згадаць, па якой трэба пайсці, каб патрапіць на правільны шлях”.

У канцы 1920-х гг. М. Зарэцкі звярнуўся да драматычнай жанравай формы. Сярод яго п’ес – “Віхор на балоце” (1928), якая прысвечана тэме мяшчанства, “Белыя ружы” (1928–1929) пра партызанскую барацьбу ў часы Грамадзянскай вайны. П’есы засведчылі яго талент драматурга, паказалі здольнасць будаваць дынамічныя сюжэты і займальныя інтрыгі.

У літаратурнай спадчыне М. Зарэцкага канца 1920-х – пачатку 1930-х гг. ёсць шэраг малавядомых беларускай грамадскасці твораў: гэта крытычныя артыкулы, нарысы “Цені крывавай мінуўшчыны” (1927), “Падарожжа на Новую Зямлю” (1929), “Вясна 1930 года” (1930), “Лісты ад знаёмага” (1931). Паводле заўвагі даследчыка А. Майсеенкі, жанравая форма нарыса стала новым крокам пісьменніка ў асэнсаванні жыцця.

Адным з найбольш значных твораў М. Зарэцкага з’яўляецца сацыяльна-псіхалагічны раман “Вязьмо” (1932), прысвечаны падзеям калектывізацыі – цэнтральнай тэме ў літаратуры 1920-х – пачатку 1930-х гг. Гэта філасофскі, вострадраматычны твор, які прынёс пісьменніку шырокую вядомасць і быў высока ацэнены сучаснікамі і паслядоўнікамі. Невыпадкова І. Мележ у 1969 г. назваў “Вязьмо”, “можа быць, самым глыбокім творам тых часоў пра калектывізацыю”. У аснове рамана – драматычнае сутыкненне чалавечых характараў, трагедыя беларускай вёскі і працоўнага сялянства, якому пагражала прымусовая калектывізацыя і страта права быць гаспадаром уласнай зямлі.

У апошнія гады жыцця М. Зарэцкі зноў звярнуўся да драматургіі: напісаў п’есы “Ная”, “Сымон Карызна”. Апошні твор прадстаўляе асноўныя падзеі рамана “Вязьмо”, якія пісьменнік перанёс на сцэну. Спрабаваў асвоіць Зарэцкі і новую для сябе жанравую форму: па матывах свайго апавядання “Пачатак шчасця” стварыў аднайменны кінасцэнарый, а паводле аповесці А. Пушкіна – п’есу “Дуброўскі”.

Творчасць М. Зарэцкага ўяўляе сабой надзвычай багаты і шматгранны свет, спазнанне якога яшчэ наперадзе. Як адзначыў даследчык М. Мушынскі: “нам яшчэ доўга давядзецца разгадваць сакрэты абаяльнасці мастацкай прозы Міхася Зарэцкага, сакрэты яе ўздзеяння на пачуцці чытача”.





  • Прыжыццёвыя публікацыі Міхася Зарэцкага ў перыядычных выданнях з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

    1922

    Пад святымі скляпеннямі Віцебскага сабору / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1922. – 3 лістап. – С. 4. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    Цішка Бабыль : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1922. – 19 лістап. – С. 3; 22 лістап. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    У Саўках : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1922. – 29 снеж. – С. 2–3. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    1923

    Мар’я : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1923. – 1 сак. – С. 2–3; 2 сак. – С. 2–3; 3 сак. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    Як гэта часам трапляецца : [маленькае здарэнне] / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1923. – 8 сак. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    Ворагі : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1923. – 24 чэрв. – С. 2–3. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    1924

    Бацькаў сын : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Беларус. піянер. – 1924. – № 1. – С. 5–7. – (Шыфр НББ: 3ОК312)

    Адна партыя ў шашкі : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Полымя. – 1924. – № 4. – С. 57–61. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    На маладое : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1924. – 23 кастр. – С. 2; 24 кастр. – С. 3; 25 кастр. – С. 2; 26 кастр. – С. 2; 28 кастр. – С. 3; 1 лістап. – С. 2; 2 лістап. – С. 3; 5 лістап. – С. 5. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    1925

    Пра майго прыяцеля : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Арш. Маладняк. – 1925. – № 2. – С. 3–6. – (Шыфр НББ: 3ОК9951)

    Камсамолка : [апавяданне-імпрэсія] / М. Зарэцкі // Маладняк. – 1925. – № 6. – С. 38. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Як Настулька камсамолкай зрабілася : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Маладняк. – 1925. – № 7. – С. 72–78. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    42: (схема літаратурнай ілюстрацыі) : [апавяданне ў форме літ. пратакола] / М. Зарэцкі // Маладняк. – 1925. – № 9. – С. 46–64. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    [Рэцэнзія на кн.: Вольны А. Два. – Минск, 1925] / М. Зарэцкі // Полымя. – 1925. – № 3. – С. 160–162. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Больш увагі канферэнцыям пераменнікаў / М. Зарэцкі // Беларус. вёска. – 1925. – 17 сак. – С. 1. – ( Шыфр НББ: 4Н//292)

    Дзіўная : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1925. – 21 лют. – С. 2; 22 лют. – С. 4. – ( Шыфр НББ: 4Н//4403)

    У велікодную ноч : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1925. – 18 крас. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    Бліжэй ды жыцця! : [артыкул] / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1925. – 15 верас. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    Ня хочацца верыць, ня хочацца знаць / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1925. – 1 ліст. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    1926

    На чыгунцы : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Маладняк. – 1926. – № 9. – С. 31–47. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    [Рэцэнзія на кн.: Вапліте. Зошит перший. – Харків, 1926] / М. Зарэцкі // Маладняк. – 1926. – № 9. – С. 104–106. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Двое Жвіроўскіх : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Маладняк. – 1926. – № 12. – С. 3–19. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Спакуса: [апавяданне] / М. Зарэцкі // Камуніст. – 1926. – 25 крас. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//3283)

    Бацькаў сын : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Камуніст. – 1926. – 20 чэрв. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//3283)

    Як Настулька камсамолкай зрабілася : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Камуніст. – 1926. – 25, 27 чэрв. – С. 2; Чырвоная змена. – 23 ліп. – С. 3; 25, 29 ліп. – С. 4.

    Цішка Бабыль : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Камуніст. – 1926. – 15, 17 верас. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//3283)

    1927

    Каця : [апавяданне] / пад проз. М. Касянкоў // Беларус. піянер. – 1927. – № 13. – С. 2–6. – ( Шыфр НББ: 3ОК312)

    Сцежкі-дарожкі : [раман] / М. Зарэцкі // Полымя. – 1927. – № 1. – С. 3–41; № 2. – С. 12–52; № 3. – С. 43–89; № 4. – С. 30–74; № 5. – С. 3–43; № 6. – С. 9–52; № 7. – С. 20–45. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Ліпа : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1927. – 13 лістап. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    1928

    На маладое : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Беларус. работніца і сялянка. – 1928. – № 1. – С. 7–10; № 2. – С. 6–9; № 3. – С. 10–13. – (Шыфр НББ: 3ОК1844)

    Белыя ружы : [драма] / М. Зарэцкі // Маладняк. – 1928. – № 12. – С. 96–117; 1929. – № 1. – С. 55–66; № 2. – С. 54–74. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Віхор на балоце : [п’еса] / М. Зарэцкі // Полымя. – 1928. – № 6. – С. 39–61; № 7. – С. 29–52. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Падарожжа на новую зямлю : [нарыс] / М. Зарэцкі // Заря Запада. – 1928. – 28 окт. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//1820)

    Крывавыя сляды : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Камуніст. – 1928. – 11 ліп. – С. 4. – (Шыфр НББ: 4Н//3283)

    Два экзамены : (Да пытання аб тэатральнай крытыцы) / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1928. – 18 студз. – С. 4. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    Падарожжа на новую зямлю : [нарыс] / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1928. – 21 кастр. – С. 3; 23 кастр. – С. 5; 25 кастр. – С. 3; 27 кастр, 28 кастр. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    Чым пагражае нам Белдзяржкіно : (Да крытыкі тэматычнага плана) / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1928. – 2 лістап. – С. 3; 3 лістап. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    Ліст у рэдакцыю / М. Зарэцкі, А. Александровіч, А. Дудар // Савец. Беларусь. – 1928. – 4 снеж. – С. 4. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    1929

    Ой, ляцелі гусі : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Полымя. – 1929. – № 3. – С. 3–32. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Крывічы : [раман] / М. Зарэцкі // Полымя. – 1929. – № 4. – С. 3–24. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    У сэрцы Савецкай Украіны : [нарыс] / М. Зарэцкі // Савец. Беларусь. – 1929. – 14–16 чэрв. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    1930

    Лісты ад знаёмага / М. Зарэцкі // Полымя. – 1930. – № 4. – С. 41–71. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Вясна 1930 года : фрагменты / М. Зарэцкі // Полымя. – 1930. – № 5–6. – С. 77–97. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Хвіліна : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Чырв. Беларусь. – 1930. – № 15. – С. 2–3. – (Шыфр НББ: 3ОК242)

    Пра дзеда Альпіна : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Чырв. Беларусь. – 1930. – № 18. – С. 2. – (Шыфр НББ: 3ОК242)

    1931

    Парася : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Чырв. Беларусь. – 1931. – № 2. – С. 2–3. – (Шыфр НББ: 3ОК242)

    На баявых пазіцыях / М. Зарэцкі // Чырв. змена. – 1931. – 10 сак. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//738)

    Рубеж : (урывак з рамана “Смерць Андрэя Беразоўскага”) / М. Зарэцкі // Полымя. – 1931. – № 2. – С. 65–90. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    1932

    Пачатак шчасця : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Беларусь калгасная. – 1932. – № 2. – С. 18–27. – (Шыфр НББ: 3ОК10011)

    Якуб Лакота : урывак з рамана / М. Зарэцкі // Беларусь калгасная. – 1932. – № 4. – С. 67–72. – (Шыфр НББ: 3ОК10011)

    Вязьмо : [раман] / М. Зарэцкі // Полымя рэвалюцыі. – 1932. – № 1. – С. 77–91; № 2. – С. 104–165; № 3. – С. 69–109; № 4. – С. 103–138; 1933. – № 1. – С. 22–59; № 2. – С. 45–82; № 3. – С. 54–91. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Петрык і Пятрусь : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Чырв. Беларусь. – 1932. – № 2. – С. 2–4. – (Шыфр НББ: 3ОК242)

    Брат : (урывак з рамана “Вязьмо”) / М. Зарэцкі // Чырв. Беларусь. – 1932. – № 8. – С. 2–3. – (Шыфр НББ: 3ОК242)

    Раздзел з рамана “Вязьмо” / М. Зарэцкі // ЛіМ. – 1932. – 18 сак. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//334)

    За новую працу / М. Зарэцкі // ЛіМ. – 1932. – 25 мая. – С. 1. – (Шыфр НББ: 4Н//334)

    Размова незвычайнай шчырасці : нататкі пісьменніка / М. Зарэцкі // ЛіМ. – 1932. – 19 лістап. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//334)

    1934

    Другая сістэма : (Пісьмо са шклозавода імя Сталіна) / М. Зарэцкі // Звязда. – 1934. – 14 чэрв. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//245)

    Новы вобраз Беларусі : [нарыс] / М. Зарэцкі // Звязда. – 1934. – 9 жн. – С. 2. – (Шыфр НББ: 4Н//245)

    1935

    Радасць : [апавяданне] / М. Зарэцкі // Калоссе. – 1935. – № 1. – С. 23–26. – (Шыфр НББ: 19ИН2319)

    Сымон Карызна : [драматычная аповесць] / М. Зарэцкі // Полымя рэвалюцыі. – 1935. – № 1. – С. 45–75. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    На шляху да мастацка-творчае дужасці : (пра раман “Дужасць” Барыса Мікуліча) / М. Зарэцкі // Полымя рэвалюцыі. – 1935. – № 2. – С. 112–122. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Навела пра каханне / М. Зарэцкі // Полымя рэвалюцыі. – 1935. – № 10. – С. 19–23. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    1936

    Ная : [п’еса] / М. Зарэцкі // Полымя рэвалюцыі. – 1936. – № 4. – С. 8–36. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Паражэнне рэакцыі ў Францыі / М. Зарэцкі // Камунар Магілёўшчыны. – 1936. – 16 мая. – С. 2–3. – (Шыфр НББ: 4Н//1871)

    1937

    Фашистские агрессоры в Европе / М. Зарэцкі // Рабочий. – 1937. – 5 сент. – С. 2, 6 сент. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//620)

    Уверх

Міхась Зарэцкі – перакладчык


Міхась Зарэцкі перакладаў з рускай мовы на беларускую. З аўтабіяграфіі пісьменніка вядома, што па-руску ён пісаў апавяданні на заказ для віцебскага часопіса “Вестник кооперации”, але пісаў іх выключна з мэтаю зарабіць, бо плаціў часопіс “нечувана дорага ў параўнанні з беларускай газетай – дзве капейкі золатам за радок (гэта ў пачатку 1923 года)”.

Раздзел змяшчае пераклады пісьменніка, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сярод іх раман “Цэмент” Ф. Гладкова, а таксама некалькі кніг, якія прысвечаны баявой падрыхтоўцы і апублікаваны пад сапраўдным прозвішчам М. Зарэцкага (Касянкоў): “Аб вайне” К. Клаўзевіца, “Стралковая зброя” М. Швартэ і іншыя. Ёсць у Міхася Зарэцкага пераклады і з чэшскай мовы, у прыватнасці, першая частка вядомага рамана Я. Гашака “Прыгоды бравага салдата Швейка ў часе сусветнай вайны”. У бібліятэцы гэтае выданне захоўваецца ў выглядзе мікраформы.


Нескароны талент. Літаратура пра Міхася Зарэцкага


Міхась Зарэцкі належыць да ліку мастакоў з яскрава выяўленым нацыянальным абліччам. Ён паслядоўна змагаўся за народна-самабытную аснову нацыянальнай культуры. У гэтым яго вялікая і як след не ацэненая яшчэ заслуга перад грамадствам.

Міхась Мушынскі


У раздзеле прапануецца бібліяграфічны спіс выданняў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які дапаможа даследчыкам больш поўна пазнаёміцца з творчасцю празаіка, драматурга, літаратуразнаўца, перакладчыка і крытыка. Найбольш грунтоўна разглядаецца творчасць пісьменніка ў кнігах Анатоля Майсеенкі і Міхася Мушынскага.

Цікавасць выклікаюць каштоўныя ўспаміны Яна Скрыгана, прадмовы і артыкулы Алеся Адамовіча, Мікалая Луферава, Мікалая Мішчанчука, Івана Чыгрына. Будуць карыснымі дапаможнікі і рэкамендацыі для настаўнікаў па вывучэнні творчасці Міхася Зарэцкага.

У раздзеле прадстаўлены таксама спіс артыкулаў з часопісаў і газет. З дазволу аўтараў некаторыя сучасныя публікацыі былі алічбаваны і сёння даступны чытачам у поўным аб’ёме, у прыватнасці, артыкулы Юліі Амосавай, Таццяны Барадулі (пад псеўданімам Марыя Ярашэвіч), Алены Белай, Васіля Дранько-Майсюка, Ігара Шаладонава.




Фотагалерэя

Раздзел адлюстроўвае жыццё і творчы шлях пісьменніка Міхася Зарэцкага. Фотагалерэю складаюць фатаграфіі празаіка і яго родных, групавыя фотаздымкі з пісьменнікамі і калегамі, а таксама выявы дакументаў, машынапісных матэрыялаў, лістоў, якія захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Даследчыкам даецца магчымасць спампоўваць дакументы з мэтай іх далейшага выкарыстання са спасылкай на захавальнікаў фондаў.

Больш падрабязна з усімі матэрыяламі можна пазнаёміцца, звярнуўшыся непасрэдна ў адзначаныя арганізацыі.



Ушанаванне памяці Міхася Зарэцкага

Гэта таленавіты самабытны мастак, які яшчэ не паспеў разгарнуць свае магчымасці, але зорка якога так хораша і ўпэўнена ўзыходзіла на нашым літаратурным небасхіле.

Анатоль Майсеенка


Міхась Зарэцкі быў сапраўднай літаратурнай зоркай 1920-х гг. Яго творы карысталіся вялікім попытам чытачоў, кнігі выносілі з бібліятэк, выкрадалі з шафаў, а з некаторых выданняў нават вырывалі найбольш цікавыя старонкі. Пісьменніка і яго творчасць высока ацэньвалі сучаснікі, сябры, калегі-“маладнякоўцы”. У канцы 1920-х гг. юны Ян Скрыган насіў у кішэні кнігі Міхася Зарэцкага, а пазней успамінаў: “Мы тады зачытваліся Зарэцкім. Пісаў ён многа, горача і ярка. Лёс яго герояў і гераінь быў заўсёды складаны, у рэвалюцыю яны ішлі шляхамі пакутліва-цяжкімі. Былі ў іх і спады, і пад’ёмы душы, надзеі і безнадзейнасць, каханне і роспач”. Выступленні Міхася Зарэцкага ў прэсе таксама прыцягвалі ўвагу і жыва абмяркоўваліся, яго творы перакладаліся на розныя мовы свету і выклікалі гарачыя спрэчкі. Але ўся папулярнасць пісьменніка знікла ў змрочныя 1930-я гг., яго творы забаранілі і толькі пасля рэабілітацыі ў 1957 г. грамадскасць зноў пачала вяртацца да літаратурнай спадчыны пісьменніка і ўшаноўваць яго памяць.

З 1959 г. пачалося перавыданне твораў празаіка: выйшлі раманы “Сцежкі-дарожкі”, “Вязьмо”, зборнік апавяданняў “Пачатак шчасця”. У 1980 г. выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпусціла выбраныя апавяданні М. Зарэцкага ў перакладзе на рускую мову, тым самым яго проза перасягнула нацыянальныя межы.

Збор твораў

Збор твораў М. Зарэцкага ў 4 тамах. 1989–1992 гг.


Дачка Міхася Зарэцкага Радаміра Балакіна з братам пісьменніка Мікалаем

Дачка Міхася Зарэцкага Радаміра Міхайлаўна Балакіна з братам пісьменніка Мікалаем Яўхімавічам Касянковым.
25.08.1988 г.
З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

У 1989–1992 гг. Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі ажыццявіў выданне першага Збору твораў пісьменніка ў 4 тамах, у падрыхтоўцы якога ўдзельнічалі дзеці М. Зарэцкага, дачка Радаміра і сын Вячаслаў, а таксама брат празаіка Мікалай Яўхімавіч.

Дом, дзе нарадзіўся М. Зарэцкі

Дом, дзе нарадзіўся М. Зарэцкі

Вядома, што дзіцячыя гады М. Зарэцкага прайшлі ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам, таму грамадскасць Шклоўскага раёна, пачынаючы з 2001 г., актыўна займаецца ўшанаваннем памяці свайго земляка. Кожны год у лістападзе-снежні жыхары Шклова і іншых гарадоў (Магілёва, Мінска, Оршы) наведваюць мясціны, дзе жыў у дзяцінстве пісьменнік, і адзначаюць яго юбілеі.

У 2016 г. да 115-годдзя з дня нараджэння празаіка Шклоўскі райвыканкам планаваў заснаваць прэмію імя Міхася Зарэцкага “За актыўнае развіццё і папулярызацыю беларускай мовы”, пазней вырашалася пытанне аб прысваенні імя Міхася Зарэцкага адной з вуліц горада Шклова або наданні імя пісьменніка Шклоўскай гарадской бібліятэцы, але гэтыя задумы так і не былі рэалізаваны.

У Шклове створаны аматарскі літаратурна-мастацкі салон імя Міхася Зарэцкага, кіраўніком якога з’яўляецца Пётр Мігурскі. На мерапрыемствах салона рэгулярна выступаюць са сваімі творамі мясцовыя таленты і запрошаныя госці. Напрыклад, у 2019 г. прайшлі літаратурныя чытанні, на якіх удзельнікі з Оршы, Магілёва, Смілавічаў і Мінска чыталі ўрыўкі з твораў Зарэцкага, выконвалі свае вершы, а завяршылася сустрэча канцэртам.

Падчас літаратурных чытанняў

Падчас літаратурных чытанняў у аматарскім
літаратурна-мастацкім салоне імя Міхася Зарэцкага.
Шклоў.
2019 г.


Для захавання памяці пра Міхася Зарэцкага і папулярызацыі яго творчасці шмат ініцыятыў арганізуюць бібліятэкі рэспублікі. Амаль да кожнай юбілейнай даты пісьменніка ствараюцца кніжныя выстаўкі. У лістападзе 2011 г. у зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшла юбілейная выстаўка “У віры імклівага жыцця”, прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння пісьменніка, якая прадставіла яго прыжыццёвыя кнігі, больш познія перавыданні твораў, а таксама літаратуру пра Міхася Зарэцкага.

У зале беларускай літаратуры НББ У зале беларускай літаратуры НББ

У зале беларускай літаратуры
Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
2011 г.
Фота з інтэрнэт-партала НББ


У лістападзе 2016 г. да 115-годдзя з дня нараджэння пісьменніка ў бібліятэцы сярэдняй школы № 11 г. Мінска была арганізавана кніжная міні-выстаўка “Нескароны талент Міхася Зарэцкага”.

У бібліятэцы СШ № 11 г. Мінска.

У бібліятэцы СШ № 11 г. Мінска.
2016 г.
Фота з сайта бібліятэкі
ДУА “Сярэдняя школа № 11 г. Мінска”


Пра пісьменніка ствараюцца віртуальныя выстаўкі і старонкі на сайтах розных устаноў культуры. Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна падрыхтавала віртуальную выстаўку “У віры імклівага жыцця”, прысвечаную 110-годдзю з дня нараджэння Міхася Зарэцкага. Карыстальнікам прадстаўлены матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменніка, звесткі пра кнігі празаіка, якія ёсць у фондах бібліятэкі, сабраны бібліяграфічныя спісы даследчыкаў яго спадчыны, фотаздымкі, а таксама некалькі поўных тэкстаў артыкулаў пра пісьменніка Людмілы Рублеўскай, Алеся Марціновіча, Наталлі Пахомчык, Эдуарда Карніловіча і Людмілы Далідовіч.

Афіша віртуальнай выстаўкі “У віры імклівага жыцця”

Афіша віртуальнай выстаўкі “У віры імклівага жыцця” да 110-годдзя з дня нараджэння М. Зарэцкага. Фота з сайта Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна.


Водгук на аповесць “Голы звер”

На інтэрнэт-партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі існуе рубрыка “Блог прафесійнага чытача”, дзе прадстаўляюцца водгукі на творы сучаснай і класічнай беларускай літаратуры, тэматычныя чытацкія падборкі ды іншыя матэрыялы. Адзін з водгукаў прысвечаны аповесці “Голы звер” М. Зарэцкага, якая ў свой час была неверагодна папулярнай.

Існуе і цэлы сайт, прысвечаны творчасці Міхася Зарэцкага, на якім размешчаны поўныя тэксты яго раманаў, аповесцей і апавяданняў, а таксама біяграфія, фотаздымкі пісьменніка і артыкулы пра яго.

У маі 2015 г. у Расіі быў створаны грамадскі праект “Бессмертный барак”, асаблівасцю якога з’яўляецца захаванне сямейнай гісторыі, фотаздымкаў, дакументаў з архіваў, успамінаў рэпрэсаваных і іх родных. Рэсурс змяшчае старонку, прысвечаную Міхасю Зарэцкаму, дзе прадстаўлена інфармацыя пра пісьменніка, даты яго арышту і прысуду, паказана месца пахавання, а таксама размешчаны шэраг фотаздымкаў і даведка аб рэабілітацыі.

З праекта “Бессмертный барак”

Старонка, прысвечаная М. Зарэцкаму ў праекце “Бессмертный барак”.


Вельмі важна, што творы Міхася Зарэцкага вывучаюцца ў школах. Працягвае работу па папулярызацыі спадчыны пісьменніка сярод школьнікаў і студэнтаў аддзел экскурсійна-метадычнай работы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які заснаваў цікавы цыкл вучэбна-пазнавальных экскурсій “Славутыя імёны Бацькаўшчыны” пра выбітных дзеячаў беларускай культуры.

Адна з экскурсій прысвечана жыццю і творчасці Міхася Зарэцкага, падчас якой ўдзельнікам прадстаўляюць прэзентацыю пра пісьменніка, кніжную выстаўку яго твораў з фондаў бібліятэкі, тлумачаць прынцыпы карыстання электронным каталогам, каб экскурсанты змаглі самі знайсці кнігі М. Зарэцкага, а напрыканцы экскурсіі ўдзельнікам прапануюцца творчыя заданні, каб замацаваць атрыманыя веды. Замовіць такое мерапрыемства можа любая школа не толькі Мінска, але і іншых гарадоў з усёй рэспублікі.


Вучэбна-пазнавальная экскурсія
Вучэбна-пазнавальная экскурсія

Вучэбна-пазнавальная экскурсія, прысвечаная М. Зарэцкаму.
Фота аддзела экскурсійна-метадычнай работы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі


Творчасць Міхася Зарэцкага прыцягвае ўвагу літаратуразнаўцаў і крытыкаў: друкуюцца артыкулы, ладзяцца лекцыі і навуковыя мерапрыемствы ў гонар пісьменніка: 27 студзеня 2021 г. у Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў межах сумеснага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” прайшоў навукова-практычны семінар “Шляхамі маладнякоўцаў”, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Змітрака Бядулі і 120-годдзю з дня нараджэння Міхася Зарэцкага.

Навукова-практычны семінар “Шляхамі маладнякоўцаў”

Навукова-практычны семінар “Шляхамі маладнякоўцаў”.
Аўтар афішы Таццяна Верамейчык


У гонар пісьменніка неаднаразова ладзіліся лекцыі даследчыкаў яго творчасці. Напрыклад, 16 снежня 2016 г. у рамках кампаніі “Пяцісотгоднасць” драматург і акцёр Васіль Дранько-Майсюк на сустрэчы з навучэнцамі ліцэя БДУ, арганізаванай Ганнай Севярынец у Літаратурным музеі Петруся Броўкі, расказаў пра яркі творчы лёс Міхася Зарэцкага.

Сустрэча з Васілём Дранько-Майсюком

Падчас сустрэчы з Васілём Дранько-Майсюком.
16 снежня 2016 г.
Літаратурны музей Петруся Броўкі.
Фота Аліны Арловай


20 снежня 2016 г. у Літаратурным музеі Петруся Броўкі з удзелам Васіля Дранько-Майсюка адбылася яшчэ адна імпрэза, прысвечаная творчасці Міхася Зарэцкага, – “Хлопец у шынялі. Міхась Зарэцкі”.

У верасні-лістападзе 2017 г. знаўцамі беларускай літаратуры разам з інтэрнэт-парталам TuzinFM быў рэалізаваны праект “(Не)расстраляная паэзія”. У яго межах у кнігарні “Логвінаў” прайшоў цыкл з 12 адкрытых лекцый пра беларускіх паэтаў 1930-х гадоў. Мэтай праекта стала звяртанне ўвагі беларусаў на малавядомыя моманты з жыцця паэтаў і на тыя іх творы, якія былі забытыя пасля расстрэлу аўтараў. У праекце ўзялі ўдзел Ганна Севярынец, Андрэй Хадановіч, Вольф Рубінчык, Віктар Жыбуль, Антон Рудак і іншыя. У рамках гэтай ініцыятывы 13 кастрычніка 2017 г. адбылася адкрытая лекцыя выкладчыка беларускай літаратуры БДУ, тэатразнаўца Аляксея Стрэльнікава, які распавёў пра Міхася Зарэцкага.

Лекцыя Аляксея Стрэльнікава

Адкрытая лекцыя Аляксея Стрэльнікава пра Міхася Зарэцкага ў межах праекта “(Не)расстраляная паэзія” інтэрнэт-партала TuzinFM.
13.10.2017 г.
Мінск, кнігарня “Логвінаў”.


Не менш актыўны ўдзел у праекце “(Не)расстраляная паэзія” прымалі музыкі. 29 кастрычніка 2017 г. – роўна праз 80 гадоў пасля жахлівай “Ночы расстраляных паэтаў” – на платформе Talaka.by, адбылася канцэртная прэзентацыя песен, напісаных на вершы аўтараў, шлях якіх быў спынены ў 1937 годзе. У рамках праекта гурт “Re1ikt” прадставіў песню “Пра чорныя вочы”, якая была напісана паводле апавядання Міхася Зарэцкага.

Гурт “Re1ikt”

Гурт “Re1ikt”.
Фотакалаж з сайта газеты “Новы час”


Сюжэты і праблематыка твораў Міхася Зарэцкага, яркія вобразы герояў, адносіны паміж імі прыцягваюць увагу рэжысёраў. У 2006 г. кінастудыя “Беларусьфільм” выпусціла псіхалагічную драму “Нябачаны край” па матывах апавядання Міхася Зарэцкага “Ой, ляцелі гусі” (аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк). У галоўных ролях – акцёры Андрэй Кавальчук, Ігар Дзянісаў і Святлана Кажамякіна, аператар – Юрый Дакучаеў, мастак-пастаноўшчык Леанід Пруднікаў, кампазітар – Віктар Капыцько.

“Нябачаны край”

“Нябачаны край”.
Настольны табель-каляндар.
2007 г.
З фондаў НББ


Творчасць Міхася Зарэцкага, героі яго прозы заўсёды выклікалі цікавасць у кніжных графікаў, тэатральных мастакоў. Пра гэта сведчаць ілюстрацыі да яго кніг Б. Малкіна, М. Рыжага, Л. Чурко, С. Харытонава і іншых.

Ілюстрацыі Б. Малкіна да рамана М. Зарэцкага “Вязьмо”
Ілюстрацыі Б. Малкіна да рамана М. Зарэцкага “Вязьмо”

Ілюстрацыі Б. Малкіна да рамана М. Зарэцкага “Вязьмо”. Лінагравюра.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва


У 2001 г. да 100-годдзя з дня нараджэння Міхася Зарэцкага Белпошта падрыхтавала канверт Першага дня з выявай Аршанскага духоўнага вучылішча, дзе вучыўся пісьменнік. На канверце размешчана і арыгінальная марка з партрэтам М. Зарэцкага на фоне дарогі, якая знікае ўдалечыні (мастак Віктар Сташчанюк).

Канверт да 100-годдзя з дня нараджэння М. Зарэцкага

Канверт Першага дня з арыгінальнай маркай да 100-годдзя з дня нараджэння М. Зарэцкага. 2001 г.


Апошняй ініцыятывай у гонар Міхася Зарэцкага стала заснаванне выдавецтвам “Галіяфы” штогадовага літаратурнага конкурсу імя пісьменніка. Конкурс арганізаваны з мэтай падтрымкі новай літаратуры. Да ўдзелу арганізатары запрашаюць літаратараў ад 16 гадоў – як ужо вопытных, так і маладых аўтараў. На конкурс прымаюцца празаічныя творы (ці зборнікі твораў), якія асобнымі кнігамі дагэтуль не выходзілі. У журы конкурсу ўваходзяць вядомыя дзеячы беларускай культуры: Ірына Герасімовіч, Артур Клінаў, Зміцер Вішнёў, Віктар Жыбуль, Святлана Воцінава, Сяргей Пляскач. Вынікі конкурсу будуць падведзены да 1 студзеня 2022 года, а рукапіс пераможцы выдадуць асобнай кнігай у выдавецтве “Галіяфы”.

Памяць пра Міхася Зарэцкага захоўваюць яго ўнукі – Міхаіл і Ларыса. У Курапатах, недалёка ад вёскі Цна, яны маюць дом, дзе жыла іх бабуля Марыя, жонка пісьменніка.


Дом, дзе жыла жонка пісьменніка

Дом у вёсцы Цна, дзе жыла жонка пісьменніка Марыя Іванаўна

Унукі Міхася Зарэцкага

Унукі Міхася Зарэцкага, Міхаіл і Ларыса.


Унукі ганарацца тым, што творчая спадчына дзеда ўваходзіць у абавязковую школьную праграму, але ім хацелася б, каб творы М. Зарэцкага больш актыўна выдаваліся і памяць пра пісьменніка не згубілася.

Нягледзячы на кароткае жыццё, Міхась Зарэцкі пакінуў значны след у беларускай літаратуры, хоць сам заўсёды крытычна ставіўся да сябе. Як адзначыў даследчык Анатоль Майсеенка:

“Пісьменнік быў сціплы ў ацэнцы сваёй творчасці. Ён заўсёды паўтараў, што трэба шмат і настойліва працаваць, каб быць на ўзроўні літаратурных задач. Ён марыў напісаць кнігу, ад якой у людзей было б светла і радасна на сэрцы. Не ўсе яго мары збыліся. Але тое, што ён паспеў зрабіць, варта самай пільнай увагі чытача”.

18 лістапада 2021 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў круглы стол “«Сцежкамі…» Міхася Зарэцкага: да 120-годдзя з дня нараджэння”, на якім адбылася прэзентацыя віртуальнага раздзела праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

Бібліятэкарам