Узоры беларускай душы:

арнаменты роднага краю


Многія з нас хацелі б пачуць галасы сваіх продкаў, даведацца, пра што думалі, аб чым марылі ў старажытнасці пакаленні беларусаў, што яны любілі, чаго баяліся, каго паважалі і што хацелі б расказаць нам, сваім нашчадкам. Гэта магчыма дзякуючы старадаўнім тканым і вышываным вырабам, якія захаваліся да нашага часу. Калі ўважліва прыгледзецца да чароўных узораў, то ў іх шмат чаго можна “прачытаць”. Арнамент – гэта своеасаблівая кніга народнай мудрасці. У пасланнях нашых продкаў сканцэтраваны просьбы, мары, надзеі, добрыя пажаданні родным і блізкім, адчуванні шчасця ці смутку і многае іншае.

У кожным вытканым сантыметры тканіны, у кожным шыўку ўзору быў заключаны глыбокі сэнс. У старажытныя часы лічылі, што арнамент ахоўваў ад ліха, быў зваротам да багоў, каб яны спрыялі ў жыцці, немясцовым распавядаў аб тым, якія людзі жывуць у той ці іншай мясцовасці і якая сістэма ўяўленняў пра свет пануе ў іх, ды ўвогуле дазваляў беларусам “выдзяляцца” сярод іншых народаў.


Традыцыйны беларускі арнамент

Беларускія тканіны маюць пераважна рытуальныя і эстэтычныя функцыі. У сваім дэкоры яны змяшчаюць адмысловую знакавую сістэму. Этнографы, культуролагі, мастацтвазнаўцы ў сваіх працах аналізуюць самыя розныя аспекты ўзнікнення і развіцця арнаментальнай традыцыі беларусаў. Поле даследаванняў навукоўцаў вельмі шырокае: ад палеалітычных выяў да дасканалых узораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХХ ст.

Ткацтва і вышыўка

Ткацтва – найбольш развітая галіна народнай творчасці ў Беларусі. Спрадвеку майстрыцы аздаблялі тканымі ўзорамі адзенне, сурвэткі, фіранкі, навалачкі, абрусы, посцілкі, дываны, ходнікі. У Беларусі незвычайна багатая спадчына ўзораў народнага арнаменту.

Мастацкія вырабы радуюць сваёй прыгажосцю. Эстэтычныя пачуцці былі ўласцівыя яшчэ нашаму далёкаму прашчуру. Як сведчаць археалагічныя раскопкі, ён не толькі ствараў утылітарныя, патрэбныя ў побыце рэчы, але і ўпрыгожваў іх узорамі. Вырабы, створаныя народнымі майстрамі, увасабляюць у сабе вельмі багатыя традыцыі арнаментальнага мастацтва.

Ручнікі

На іх ад розных бед замовы,
Ва ўсе часы для нас яны –
Як сімвал матчынай любові,
Як знак людское дабрыні.

А. Нефрановіч


Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў народнага мастацтва, якія належаць і мінуламу, і сучаснасці. У побыце беларусаў ручнік прысутнічаў не адно стагоддзе. Ткуць і расшываюць яго і сёння, працягваючы ўдасканальваць прыгажосць, над якой працавала мноства папярэдніх пакаленняў. Папулярнасць ручніка нязменная, патрэба ў ім адчуваецца і ў нашы дні. Па-ранейшаму ён суправаджае чалавека ў найбольш важныя, пераломныя этапы яго жыццёвага шляху. Без традыцыйнага ручніка не абыходзяцца зараз і выставы народнага мастацтва, бо менавіта ручнік з найбольшай яркасцю ўвасабляе нацыянальныя рысы арнаментальнага мастацтва, высокае майстэрства ткацтва і вышыўкі.

Касцюм

Арнаментыка традыцыйнага беларускага касцюма надзвычай разнастайная і выразная. Але пры сваёй вонкавай дэкаратыўнасці яна прадстаўляе сабой складаную і мнагазначную з’яву народнай культуры. З аднаго боку, арнамент з’яўляецца найбольш яркай адметнай характарыстыкай кожнага стылістычнага напрамку ў мастацтве і дазваляе дакладна вылучыць беларускі народны касцюм сярод іншых культурных традыцый, больш поўна раскрыць асаблівасці нацыянальных строяў. З другога боку, наяўнасць арнаменту абмяжоўвае практычнае ўжыванне касцюма, але ўзвышае яго над паўсядзённасцю. Здольнасць надзяляць прадмет эстэтычнай значнасцю, ператвараць яго з прадмета быту ў прадмет мастацтва – асноўная характарыстыка арнаменту, якая вызначае яго як від мастацтва.

Слуцкія паясы

Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, –
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.

Максім Багдановіч. “Слуцкія ткачыхі”


Сапраўдным гонарам Беларусі, сусветнапрызнаным дасягненнем яе шматвяковай культуры з’яўляюцца слуцкія паясы. Вырабы ткацкай мануфактуры, якая працавала ў Слуцку ў другой палове XVIII – пачатку XIX стагоддзя, па праву лічацца найбуйнейшым здабыткам айчыннага і еўрапейскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Дзякуючы таленту і працы беларускіх ткачоў, склаўся характэрны від пояса, які атрымаў сусветную славу як слуцкі. Важным дасягненнем слуцкіх майстроў стала выкарыстанне ўнікальнай тэхнікі ткацтва, якая дазволіла ствараць чатырохбаковыя паясы з багатай арнаментацыяй і каляровай гамай з перавагай залаціста-жоўтых, аранжавых, ружовых, блакітных, зялёных, карычневых і чырвоных тонаў. Аўтараў малюнкаў узораў і арнаментаў натхнялі матывы квітнеючай роднай прыроды – блізкія іх сэрцу васількі, незабудкі, ружы, гваздзікі, півоні, кветкі і лісты канюшыны, галінкі дубоў і бяроз.

У сусветнай культуры слуцкія паясы маюць значэнне нацыянальнага сімвала Беларусі і ўвасобілі ў сабе мастацкі талент беларускага народа.


Бібліятэкарам