ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Радзіма і яе лёс: асэнсаванне творчасці Рыгора Барадуліна
Многа-многа зрабіць

Чытай на мове: сусветная літаратура па-беларуску

Чытай на мове: сусветная літаратура па-беларуску
Іншыя навіны

Яна Паляшчук

Інтарэс да кніг на беларускай мове павялічваецца з кожным годам. Прычым, чытачы не абмяжоўваюцца нашай класікай – попыт ёсць і на сусветную літаратуру ў перакладзе. Многія замежныя бестселеры можна знайсці на рускай, але ж выдавецтвы ўсё больш публікуюць па-беларуску.

Зусім нядаўна выйшла кніга “Тры Анегіны”, дзе тэкст паэмы Аляксандра Пушкіна можна параўнаць з двума яго перакладамі на беларускую мову, зробленымі Алесем Дударом і Аркадзем Куляшовым. Для чаго перакладаць з блізкароднасных моў, калі можна прачытаць і зразумець тэкст у арыгінале? На думку стваральнікаў кнігі, якасныя пераклады твораў такога ўзроўню сведчаць, што нацыянальная літаратура і мова дасягнулі высокай ступені развіцця. Пераклад спрыяе развіццю мовы, павышае ўзровень самасвядомасці народа. Попыт на сусветную літаратуру па-беларуску пацвярджае, што грамадства зацікаўлена ў гэтым.

Пераклад і выданне кнігі – справа няпростая, асабліва калі любы тэкст можна перакласці ў гугл-транслэйце. Тым не менш шмат сіл аддаецца на тое, каб якасны літаратурны пераклад убачыў свет. Перакладчыца “Караліны” Ніла Гэймана патраціла шмат часу толькі на тое, каб выйсці на дыялог аб набыцці аўтарскіх праў, а грошы на выданне збіралі праз краўдфандынг, што, дарэчы, частая практыка.

カズオ.png

У нас сфарміравалася неабыякавая супольнасць, частка якой перакладае і выдае, другая – набывае і чытае па-беларуску. Спрыяе гэтаму і наяўнасць перакладчыкаў, якія добра ведаюць і сваю мову, і замежную, а кола моў пашыраецца – ад шведскай ці, прыкладам, венгерскай да турэцкай ці японскай. Гэта вельмі важна, бо якасны пераклад магчымы толькі тады, калі спецыяліст працуе з арыгінальным тэкстам.

Нельга не адзначыць, што творы сучасных беларускіх пісьменнікаў, якія пішуць па-руску, таксама выходзяць і па-беларуску. У 2018 годзе былі перакладзены кнігі Святланы Алексіевіч. Віктар Марціновіч чаргуе мову напісання арыгіналу, але ж яго раманы заўжды прыходзяць да чытача і на рускай, і на беларускай. Некаторыя творы падлеткавых пісьменнікаў Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастарнак таксама можна прачытаць у перакладзе з рускай.

Zviaz.png

Калі казаць пра сусветную літаратуру, напрыканцы мінулага года з’явіўся пераклад “Гары Потэра”. 14 снежня ў кнігарнях стаялі вялікія чэргі пакупнікоў. За адзін дзень было набыта столькі экзэмпляраў, што выдавецтва ў хуткім часе выпусціла другое выданне. За няпоўныя тры тыдні снежня “Гары Потэр і філасофскі камень” пабіў гадавыя рэкорды продажу іншых кніг на беларускай і рускай мовах. Напэўна, вялікі ажыятаж выкліча і другая частка серыі “Гары Потэр і таемны пакой”, выхад якой запланаваны на 26 верасня.

Гісторыі пра Гары Потэра – не адзіная вядомая фэнтэзійная серыя, перакладзеная ў Беларусі. На мове выдадзены “Хронікі Нарніі. Леў, Вядзьмарка і гардэроб” Клайва Стэйплза Льюіса, “Хобіт, або Вандроўка туды і назад”, трылогія “Уладар пярсцёнкаў”, а таксама казка Джона Р.Р. Толкіна, “Вядзьмар” Анджэя Сапкоўскага.

Maki.png

Не мінуў інтарэс публікі і правераную часам літаратуру іншых жанраў. На беларускай мове можна чытаць і філасофскія работы, напрыклад, “Уладара” італьянскага мысліцеля эпохі Адраджэння Нікало Мак’явэлі, “Так сказаў Заратустра” Фрыдрыха Ніцшэ.

Асабліва актыўна па-беларуску выдаюць класічную мастацкую літаратуру розных часоў і народаў: убачылі свет “Пыха і перадузятасць” Джэйн Остэн, “Смерць у Венецыі” Томаса Мана, “Каханне падчас халеры” Габрыеля Гарсіі Маркеса, “Не пакідай мяне” Кадзуа Ісігура, “Байцоўскі клуб” Чака Паланюка, Бойня № 5, або Крыжовы паход дзетак Курта Вонегута, “Стамбул. Горад і ўспаміны” Архана Памука і многія іншыя.

StamBull.png

Не забываюць, канешне, і пра дзіцячую літаратуру. Перакладзены “Пітэр Пэн” Джэймса Бары, “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса” Льюіса Кэрала, “Небяспечнае лета” Тувэ Янсан і шмат чаго яшчэ.

На радасць, гэтыя спісы толькі растуць. Невялічкія беларускія выдавецтвы не спыняюцца, адданыя сваёй працы перакладчыкі з галавой пагружаюцца ў новыя планы і кнігі. Толькі паспявай чытаць!

Нагадваем, што замовіць выданні можна праз электронны каталог. Прыходзьце ў бібліятэку і чытайце па-беларуску!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Запрашаем да ўдзелу ў навуковым зборніку “Здабыткі”

18 Вер 2020

У 2021 г. плануецца выданне 24-га выпуску зборніка навуковых артыкулаў “Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі”. Рэдакцыя выдання запрашае да супрацоўніцтва даследчыкаў кніжнай культуры.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Да 100-годдзя з дня нараджэння Раісы Пятроўны Сімаковай

18 Вер 2020

18 верасня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Раісы Пятроўны Сімаковай, ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, старшага сяржанта медыцынскай службы, блакадніцы Ленінграда.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

17 верасня – 190 гадоў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага

17 Вер 2020

У верасні 1830 г. на адной з нарад у гродзенскага генерал-губернатара было прынята рашэнне аб заснаванні ў горадзе Гродна бібліятэкі, якая стала першай публічнай бібліятэкай на сучаснай тэрыторыі Беларусі.

Па старонках беларускага календара

111